Вы тут

Жыццё пад перастук колаў


Інга Аляксейчык — 19-гадовая правадніца з Івацэвіч — адносіцца да тых людзей, якія з вялікай ахвотай робяць сваю работу.


— Мая спецыяльнасць называецца «Арганізацыя і абслугоўванне пасажырскіх перавозак». Працую я на Мінскім вагонным участку. Асноўныя кірункі — Адлер, Анапа, Мінеральныя Воды. Часам, бывае, езджу па Беларусі.

Яшчэ з 5 класа я марыла быць правадніцай. Хацела паступіць пасля 9-га, але не атрымалася. А пайшла, бо прываблівала форма і заўсёды хацелася падарожнічаць. Я люблю гутарыць з людзьмі, а ў нас кожны раз новыя суразмоўцы, сумна ніколі не бывае. Вырашыла пайсці ў Брэсцкі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту.

— Якімі былі першыя ўражанні?

— Вучыцца было дастаткова цяжка: не думала, што праваднік павінен столькі ўсяго ведаць! Калі гаварыць пра работу, па першым часе таксама было нязвыкла і складана з-за таго, што дома магла адсутнічаць цэлы тыдзень. Але, як той казаў, да ўсяго прывыкаеш. Ну а цяпер ні кроплі не шкадую! Мне здаецца, усе мае чаканні адносна працы спраўдзіліся.

— Інга, раскажы пра спецыфіку сваёй прафесіі...

— Калі знаходжуся на працы, то, без перабольшвання, жыву ў цягніку. У рэйсе звычайна знаходжуся шэсць дзён, потым столькі ж дома. Мяне такі графік цалкам задавальняе. Заробку для адной таксама хапае. Што да пэўных складанасцяў... Душа ў цягніках няма, харчуемся тым, што трапіць пад руку, зімой прастаяць на пасадцы гадзіну вельмі складана, зрэшты, як і летам таксама. Дрэнна тое, што большасць свят працую. Так, напрыклад,
прайшлі Новы год, Каляды,
8 Сакавіка. Мы праводзім іх, як
звычайныя дні. Часам самі пасажыры спрабуюць стварыць нам святочны настрой: хтосьці жартуе, нехта пачастункі прыносіць.

— Ці часта даводзіцца праяўляць характар?

— На рабоце і дома я — два розныя чалавекі. У рэйсе сапраўды бывае, што трэба паводзіць сябе строга. Пасажыры ж бываюць розныя. І кожны дзень адбываюцца цікавыя гісторыі, я нават канкрэтную адну не змагу вылучыць, бо за адзін рэйс можна перавезці 400 чалавек. Але прыемныя і ветлівыя спадарожнікі трапляюцца часта. Часам яны развітваюцца са слязамі на вачах, а я сама стаю і ледзь не плачу. За два дні так прывыкаеш да людзей, што, здаецца, знаёмая з імі ўжо даўно.

— А ці ёсць час на знаёмства з новым горадам?

— Калі мы прыязджаем у пункт прызначэння, нам трэба перш за ўсё прыбраць у цягніку, а ўжо потым можна ісці гуляць па горадзе. Але пасля прыборкі не вельмі і хочацца куды-небудзь выбірацца, бо моцна стамляешся. Мне вельмі спадабалася ў Адлеры і Сочы.

Здорава, калі чалавек захоплены тым, што робіць. Інга яшчэ не строіць планаў на будучыню, але гаворыць з усмешкай: «Безумоўна, хацелася б павышэння, магчыма, стаць начальнікам цягніка». Здаецца, жарты, але ўсё магчыма, калі займаешся любімай справай.

Таццяна Лауш, студэнтка ІІІ курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ ім. Я. Купалы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.