Вы тут

Будаўнік з СВК пра жаданне працаваць


Вялікія гарады ці не з кожным днём становяцца яшчэ большымі: тут узводзяцца новыя дамы, офісы, школы і дзіцячыя садкі. Таму здаецца, што будаўнік — прафесія перш за ўсё «гарадская». Але вёсцы сёння на пастаяннай аснове таксама патрэбны маладыя спецыялісты ў гэтай галіне. 21-гадовы майстар-будаўнік Іван Макаед расказаў пра сваё жыццё і работу ў СВК «Велута» Лунінецкага раёна.


Бры­га­да Іва­на (ён пер­шы зле­ва) не толь­кі бу­дуе, але і зай­ма­ец­ца дэ­ман­та­жом ста­рых бу­дын­каў у Ве­лу­це.

Хлопец прыйшоў сюды летась на адпрацоўку пасля каледжа. Ён лічыць, што яму пашанцавала. Некаторыя аднакурснікі Івана з-за недахопу працоўных месцаў вымушаны былі ўладкавацца звычайнымі будаўнікамі, а хтосьці і ўвогуле атрымаў вольны дыплом.

— Да вясковага жыцця мне не прызвычайвацца: я нарадзіўся і вырас у вёсцы Вялікія Чучавічы, якая знаходзіцца за трынаццаць кіламетраў ад Велуты. І калі многія баяцца размеркавання з-за невядомасці, якая іх чакае наперадзе, то мне нічога новага тут не адкрылася, усё было знаёмым, — расказвае малады майстар.

За Іванам замацавана брыгада з пяці чалавек: трое нядаўніх выпускнікоў каледжа і двое будаўнікоў, якія старэйшыя за брыгадзіра прыкладна на дваццаць гадоў. Ён дае распараджэнні, каардынуе іх работу, сочыць за якасцю выкананага.

— Са старшым пакаленнем прасцей: яны мне дапамагаюць, ведаюць тонкасці і нюансы працы, за любое заданне бяруцца без лішніх пытанняў. З маладымі знайсці паразуменне атрымліваецца не заўсёды, часта даводзіцца чуць фразы: «Нас гэтаму не вучылі» ці «Мы не ўмеем». У прафесійна-тэхнічным каледжы даюць толькі «азы». Астатняе спасцігаецца ўжо непасрэдна падчас работы, а тут галоўнае, на мой погляд, — не ўхіляцца ад яе.

Іван працуе шэсць дзён на тыдзень (у суботу толькі да абеду). Кожную раніцу ён атрымлівае ад кіраўніцтва заданне для сваёй брыгады. Працы ў будаўнікоў у СВК хапае, без справы яны не сядзяць ніколі, бо заўсёды трэба нешта адрамантаваць ці перабудаваць.

— Здараецца, што не хапае пэўных будаўнічых матэрыялаў. У такіх сітуацыях мы не чакаем, калі яны з'явяцца, а пераключаемся на іншыя заняткі, якія патрабуюць толькі нашых уменняў. Выкручваемся, нешта прыдумляем, і рукі заўсёды працуюць, — расказвае хлопец. — Халоднае надвор'е, дарэчы, таксама не прычына, каб работа спынілася. Замярзаеш толькі тады, калі стаіш на вуліцы без справы. А мы ж рухаемся ўвесь час, таму ніякі холад нам не замінае.

Самае складанае ў прафесіі майстра, па словах Івана, — гэта запаўняць бланк нарада на здзельную работу ў пачатку кожнага месяца. Згодна з гэтай паперай, брыгадзе налічваюць заработную плату. Працуюць яны па-рознаму, бывае, што ў пэўныя месяцы выконваюць вельмі многа заданняў, але сродкаў, каб за іх заплаціць, у СВК хапае не заўсёды... Тады ў брыгады ўзнікаюць пытанні, і ў першую чаргу да Івана: можа, ён што забыў пазначыць, калі бланк запаўняў? Даводзіцца тлумачыць сітуацыю.

— Для мяне размовы, якія тычацца фінансавага боку нашай працы, не самыя прыемныя, — прызнаецца хлопец. — Быць будаўніком — справа дакладна нялёгкая, але заробкі ў нас даволі сціплыя. Я атрымліваю каля 270 рублёў, нават мае маладыя падначаленыя з брыгады спачатку больш мелі. З іншага боку, ведаю, што ёсць у нас і тыя, хто з дыпломам аб вышэйшай адукацыі зарабляе менш за мяне.

Летам падчас водпуску Іван не адпачываў, а пайшоў на падпрацоўку ў прыватную фермерскую гаспадарку. Ён прызнаецца, што на ўласныя патрэбы зарплаты не хапае.

— Не скажу, што ў нашай вёсцы так ужо шмат спосабаў патраціць грошы. Хутчэй, наадварот, — разважае малады майстар. — Бацькі дапамаглі купіць аўтамабіль, а ён патрабуе немалых сродкаў. Дома ж на выхадных сядзець не хочацца: у горад, бывае, з сябрамі ездзім ці на дыскатэку ў іншую вёску. На паліва грошы патрэбны, а там на каву ці на білет у клуб.

Адзінае, на чым у Івана атрымліваецца эканоміць, — жыллё. Гаспадарка выдзеліла на чацвярых маладых супрацоўнікаў асобны новы дом, які яны паміж сабой называюць інтэрнатам. «Праўда, вахцёра няма, умовы вельмі добрыя, і плацім мы толькі за камунальныя паслугі. Гэта, безумоўна, плюс да працы ў вёсцы, але заўсёды з халастымі калегамі жыць не будзеш, — дзеліцца думкамі Іван. — Пакуль мая дзяўчына вучыцца, таму канкрэтных планаў на бліжэйшую будучыню ў мяне няма. А што далей — час пакажа».

Ганна КУРАК, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: «Рукі занятыя? Не змерзнеш!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.