Вы здесь

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка


Калi я ўбачыла Замкавую гару, яна здалася мне завершанай. Восем гадоў таму ў атачэннi вясновых шэрых дрэў палац арганiчна ўпiсаўся ў пейзаж аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусi. Тады я прыехала ў Гродна ўпершыню, i сярэднявечны замкавы комплекс юную дзяўчыну закахаў у сябе адразу i надоўга. Пазней даведаюся, што той можа стаць месцам сяброўскiх сустрэч, рамантычных спатканняў, фантазiй i перспектыў, а яшчэ пунктам кампрамiсу.


Без завершанага выгляду

Горад над Нёманам пачынаецца з правага берага. Менавiта вакол галоўнай крэпасцi сканцэнтраваны ўсе асноўныя гiстарычныя падзеi Гродна. У XI стагоддзi цэнтрам старажытнага горада стала драўлянае абарончае збудаванне, або дзядзiнец. Пазней яго амаль цалкам разбураць, а праз два стагоддзi ўзвядуць магутны каменны замак, у якiм будзе рэзiдэнцыя не аднаго князя Вялiкага Княства Лiтоўскага i нават караля Рэчы Паспалiтай.

Па словах Андрэя Вашкевiча, загадчыка аддзела найноўшай гiсторыi Гродзенскага дзяржаўнага гiсторыка-археалагiчнага музея, Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.

У канцы XIV стагоддзя старажытны замак быў значна ўмацаваны i стаў адной з галоўных рэзiдэнцый вялiкага князя Вiтаўта. Менавiта ў гэты перыяд збудаванне з цяжкасцю перанесла мiжусобныя войны.

У той час каменны замак быў узведзены ў гатычным стылi i меў пяць вежаў. Пасля, калi Стэфан Баторый вырашыць зрабiць Гродна сваёй рэзiдэнцыяй, у канцы XVI стагоддзя вежы будуць разабраны, а падмуркi i часткi сцен выкарыстаны для ўзвядзення палаца.

З гэтага моманту ў горад над Нёманам прыходзiць рэнесанс. Рэзiдэнцыю караля перабудоўваюць iтальянскiя архiтэктары. Ад крэпасцi, пабудаванай Вiтаўтам, засталiся толькi муры i некаторыя вежы. У вынiку з'яўляецца двухпавярховы палац. У гэты час Стэфан Баторый робiць з Гродна ледзь не сталiцу свайго княства, праводзячы тут шмат часу: ён адпачывае ў гэтых мясцiнах або ладзiць паляванне, запрашае да сябе важных гасцей.

Пры жыццi, кажа Андрэй Вашкевiч, каралю польскаму так i не давялося ўбачыць рэзiдэнцыю ў яе завершаным выглядзе. Дарэчы, ён памёр тут жа, у Старым замку. Мы нават дакладна ведаем, у якiм з пакояў палаца Стэфан Баторый правёў свае апошнiя гадзiны.

Далейшы лёс рэзiдэнцыi быў звязаны са шматлiкiмi пераробкамi. Ён, як костка ў горле, пастаянна трапляў у пастку новых ваенных сутыкненняў.

Яго руйнуюць рускiя войскi падчас руска-польскай вайны. Пазней ужо перабудаваны i ўмацаваны палац спальваюць шведы, калi надыходзiць Паўночная вайна. I гэта была адна з наймацнейшых страт. Пасля яе Стары замак быў цалкам перапланаваны.

На працягу 120 гадоў крэпасць належала ваеннаму ведамству Расiйскай iмперыi. Тут размяшчалiся царскiя казармы, афiцэрскае казiно, ваенная бiблiятэка i нават гасцiнiца.

У пачатку XX стагоддзя яго перадалi гродзенскаму гiсторыка-археалагiчнаму музею. I менавiта такiм, утульным i абжытым, я ўбачыла Стары замак восем гадоў таму.

3D-мэпiнг i «амаладжэнне» экспазiцыi

Гараджане i многiя госцi Гродна ведаюць, што ў былой каралеўскай рэзiдэнцыi на працягу стагоддзя знаходзiўся гiсторыка-археалагiчны музей. Памятаю, як ён мяне ўразiў скрыпучымi маснiцамi, каменнымi мурамi, старажытнымi чаканкамi.

Будынак даўно меў патрэбу ў рэстаўрацыi, але не адразу спецыялiсты вызначылiся, якая яна павiнна быць. Рэканструкцыя замка доўга абмяркоўвалася, а распрацаваны праект перажываў змяненнi. У вынiку Стары замак набывае выгляд, якi меў пры Стэфане Баторыi. Гiстарычнай падставай служылi старадаўнiя гравюры, планы i чарцяжы архiтэктараў, па якiх i мянялi збудаванне.

Да нашых дзён у звыклым выглядзе дайшлi палац, фрагменты абарончых сцен, руiны Нiжняй i Верхняй цэркваў, княжацкiх пакояў, мост i замчышча. Замак з горадам злучае каменны арачны мост, пабудаваны ўзамен першапачатковага драўлянага. Дарэчы, ён адзiн з найстарэйшых у Беларусi.

Зараз Гродзенскi гiсторыка-археалагiчны музей перамешчаны ў сцены Новага замка i будзе вернуты ў палац часткова. Справа ў тым, што за час будаўнiчых работ скарбонка музея вельмi ўзбагацiлася, а новыя задумкi прадугледжваюць стварэнне новых экспазiцый, якiя падрыхтуюць супрацоўнiкi музея.

— Асноўны акцэнт будзе на аўтэнтычныя прадметы, археалагiчныя знаходкi, тыя прадметы, якiя захавалiся ў фондах музея, на вырабленыя намi па старадаўнiх узорах прадметы, напрыклад, адзенне, узбраенне эпохi ХVI—ХVII стагоддзяў, сцягi, друкарскi станок, — расказвае Андрэй Вашкевiч. — Дастаткова шмат будзе сучасных камп'ютарных рэчаў, iнтэрактыўных, пра што мы не асаблiва хочам расказваць, каб гэта было навiной для людзей, якiя прыйдуць у музей.

Пад экспазiцыйную частку адвядуць шэсць залаў. Яны раскажуць аб гiсторыi Гродна, пачынаючы з моманту з'яўлення горада i заканчваючы расповедам аб Стэфане Баторыi. Супрацоўнiкi музея запэўнiваюць, што хоць экскурсiя i будзе па стагоддзях, але з выкарыстаннем апошнiх музейных навацый.

— Экспазiцыю «амалодзяць» з дапамогай iнтэрактыўных элементаў, — раскрывае некаторыя таямнiцы Алеся Саўчук, намеснiк дырэктара па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага гiсторыка-археалагiчнага музея. — У некаторых залах будзе выкарыстаны 3D-мэпiнг, дзесьцi размесцяцца электронныя даведачныя вiтрыны. Лiчбавы фармат дапаможа разгледзець Стары замак дэталёва.

Дарэчы, археолагам за час раскопак, якiя праводзяцца на тэрыторыi замка, удалося знайсцi мноства цiкавых рэчаў, многiя з якiх маюць асаблiвую каштоўнасць, з'яўляючыся ўнiкальнымi для краiны.

Пакуль тэрыторыя Старога замка закрытая. Убачыць усё пералiчанае можна ў сценах Новага замка, куды была перавезена экспазiцыя, прысвечаная 100-годдзю заснавання музея «Музей. Першыя 100 гадоў». Там прадстаўлены керамiка, розныя побытавыя рэчы, шахматы, наканечнiкi арбалетных стрэл, сярэбраныя грыўнi XIV стагоддзя i многае iншае.

Зазiрнуць у каралеўскую каплiцу i нават лазню

Стары замак мяняецца на вачах. Яго рэканструкцыя пачалася ў 2017 годзе па плане i праекце гiсторыка Уладзiмiра Бачкова, якi раней займаўся аднаўленнем Нясвiжскага палаца.

Работа праходзiць у некалькi этапаў, i тое, што назiралi гарадзенцы i госцi горада на працягу года, — узвядзенне першай чаргi. Нагадаем, што яна ўключае будаўнiцтва ўязной вежы i сярэдняй са сцяны Нёмана, аднаўленне крапасной сцяны з галерэяй памiж вежамi, будаўнiцтва прылеглых да яе мернай хаты, камянiцы, iншых будынкаў i правядзенне неабходных камунiкацый.

— Усё гэта ўжо гатова, — кажа Андрэй Вашкевiч. — Адкрыць музейную экспазiцыю плануецца да лета наступнага года. А значыць, Стары замак зусiм хутка зможа прымаць наведвальнiкаў.

Сучасная музейная экспазiцыя будзе дапоўнена чатырма ўнiкальнымi гiстарычнымi iнтэр'ерамi, распрацоўкай якiх займаюцца праекцiроўшчыкi. Можна будзе зазiрнуць у каралеўскую каплiцу, алебастравую залу, жыллё чыноўнiка i нават лазню.

Вонкавае аблiчча першай чаргi, па якой мне давялося прайсцiся, практычна сфармiраванае. Вузкiя лесвiчныя праёмы, тоўстыя сцены, глыбокiя вокны i высокiя столi вельмi ўражваюць, хоць яны пакуль толькi абеленыя.

У некаторых памяшканнях захавалiся гiстарычныя знаходкi накшталт старадаўняга цаглянага мура альбо роспiсу.

— У 2015 годзе пры збiваннi тынкоўкi ў браме быў знойдзены фрагмент замураванай сцяны гатычнага замка, — расказвае Наталля Кiзюкевiч, загадчык аддзела археалогii Гродзенскага дзяржаўнага гiсторыка-археалагiчнага музея. — Навуковым кiраўнiком было прынята рашэнне аб тым, каб гэты фрагмент пакiнуць адкрытым. Усё гэта арганiчна дапаўняюць дэкаратыўныя элементы, выкананыя гродзенскай «Будоўляй».

Аднаўленчая дзейнасць на тэрыторыi замка кiпiць i ўнутры, i звонку. Разам з «абжываннем» памяшканняў iдзе добраўпарадкаванне ўнутранага двара, амаль усе запланаваныя графiта нанесеныя.

Нягледзячы на тое, што першая чарга мае вялiкiя плошчы, хацелася заглянуць у каралеўскi палац. Па задумках праекцiроўшчыкаў, ён будзе ўзнаўляцца ў другую чаргу.

Гiстарычная дакладнасць

Стары замак, нiбы пяцьсот гадоў таму, зноў стаў пунктам гарачых абмеркаванняў. Вакол праекта па аднаўленнi аб'екта вядзецца мноства спрэчак сярод гiсторыкаў, археолагаў i будаўнiкоў. У кожнага з удзельнiкаў свой — рабочы фронт, i толькi ў цеснай узгодненасцi можна дасягнуць якасных вынiкаў.

У сваёй дзейнасцi спецыялiсты арыентуюцца на досвед калег, у тым лiку з iншых краiн. Каб пазбегнуць спрэчак, навуковыя работнiкi праводзяць канферэнцыi з удзелам гiсторыкаў, спецыялiстаў у галiне архiтэктуры i захавання гiсторыка-культурнай спадчыны з Беларусi i замежжа.

Ва ўпраўленнi культуры аблвыканкама паведамiлi, што археалагiчныя даследаваннi на Замкавай гары будуць весцiся i далей. Гэта дазволiць, у прыватнасцi, актуалiзаваць гiстарычную даведку. Спецыялiсты працягнуць даследаваць аб'ёмы будынка палаца i iншых пабудоў, якiя захавалiся, каб выкарыстаць атрыманыя звесткi пры праектаваннi другой чаргi рэканструкцыi замка.

Пакуль я не апынулася ў цэнтры рэстаўрацыйных работ, нават не ўяўляла, наколькi гэта скрупулёзны, дэталёвы i адказны працэс — сапраўдны пункт кампрамiсу памiж меркаваннямi i бачаннем працэсу рэканструкцыi навуковай супольнасцю, мясцовай уладай i грамадскасцю.

Алiса СКIБА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Название в газете: Кампрамiс Баторыя

Выбор редакции

Политика

Второй день ВНС: все подробности здесь

Второй день ВНС: все подробности здесь

В повестке дня — утверждение концепции нацбезопасности и военной доктрины.

Энергетика

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

А среди стран ЕАЭС — на первом месте.

Молодежь

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Финалистка проекта «Академия талантов» на ОНТ — о творчестве и жизни.

Общество

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Почти тысяча двести человек соберутся, чтобы решать важнейшие вопросы развития страны.