Вы тут

Беларускі саюз дызайнераў звярнуў увагу на кітч


«Кітч, як і мафія, бессмяротны, кітч у нашым жыцці паўсюль» — менавіта такімі лозунгамі 1 красавіка ў будынку Беларускага саюза дызайнераў адкрылася першая ў краіне выстаўка кітчу, дзе прадстаўлены, як кажуць арганізатары, самыя экстравагантныя і пафасныя прадметы масавай культуры.


Калекцыя пладова-ягадных вінаў, савецкія статуэткі, пятля для сэлфі і неабсяжная матрошка — толькі пачатак шэрага нязвыклых экспанатаў. На выстаўцы ёсць не толькі рэчы, што калісьці набываліся на рынках, але і аўтарскія экспанаты, у тым ліку і вядомых мастакоў: Ганны Сілівончык, Міхаіла Гуліна, Мікалая Пруднікава.

Выстаўка была арганізавана для таго, каб прадэманстраваць дэфіцыт дызайну побач з намі і ў той жа час паказаць, што кітч — цэлая культура, на асновах якой былі створаны і прафесійныя творы мастацтва.

— Мы вырашылі, што жывём сумна, і арганізавалі выстаўку кітчу, — адзначыў на адкрыцці старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі. — Выстаўку зрабілі ў фармаце кватэрніка, выставілі і тыя экспанаты, якія прынеслі людзі. Многае сабрана ў саюзе. Не пабаюся сказаць, што кітч — гэта таксама мастацтва, якое заўсёды цікавіць дызайнера, прадмет іроніі. Тут шмат прадметаў, якія мы ў свой час куплялі на блышыных рынках, на «Поле цудаў» (рынак на Ждановічах). Мы стаялі за імі ў чарзе, а цяпер яны выклікаюць у нас усмешкі. Але не трэба думаць, што сёння яны не могуць быць актуальныя. І вядомыя дызайнеры часта звяртаюцца да кітчу — ёсць творы, пабудаваныя на яго прыёмах. Гэта з’ява вызначае наш светапогляд: мы можам вырашыць, што добра і што дрэнна.

Гледачы з задавальненнем ідуць глядзець праект на Брылеўскую, апранаючыся ў дзіўныя касцюмы (каб патрапіць на выстаўку бясплатна), фатаграфуюцца з экспанатамі і ўспамінаюць мінулыя часы. У кожнага яшчэ ёсць шанц падараваць Саюзу дызайнераў свой экспанат, які можа стаць экспанатам першай галерэі кітчу ў краіне.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Прадмет іроніі?..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.