Вы тут

Мроі багіні Іштар


На старонках майскага «Полымя» змешчана апавяданне Таццяны Будовіч-Барадулі «Прыступкі». Арыгінальнае і прафесійна створанае (у лепшым сэнсе апошняга слова). Але...


 Тут я рызыкну выказаць некалькі... не заўваг нават, а парад. А хутчэй, проста разважанняў наконт таго, што б я змяніў у творы, калі б ён быў маім.

Пачну з самага пачатку, дакладней, з самай першай фразы апавядання «Прыступкі».

 «Дзякаваць богу, што не ў сярэднявеччы нарадзілася, — паспытала б на сабе ўсе прыдумкі тагачасных інквізітараў, — з жахам думала Тэці, разглядаючы страшныя малюнкі ў нядаўна купленай кнізе пра ведзьмаў».

Чаму я прывёў цалкам гэтую фразу? Ды па адной толькі прычыне: гэта, па словах Чэхава, «тая стрэльба» з першага акта п’есы, якая абавязкова павінна стрэліць у трэцім акце, раз ужо яна «вісіць на сцяне». А яна, на мой погляд, не «стрэліла», а проста знікла ў нікуды. Лічу, такі пачатак павінен быць у далейшым неяк развіты: тое незвычайнае і нават міфічнае, што адбылося потым з галоўнай гераіняй, павінна было мець пад сабой асновай менавіта мясцовую міфалогію (з тымі ж ведзьмамі, напрыклад, раз ужо Тэці пра гэта падумала), а не шумера-акадскую.

Але чым больш будзённа і рэальна развіваліся б папярэднія падзеі, тым эфектней выглядаў бы нечаканы пераход да незвычайнага (містычнага, фантастычнага, нерэальнага). А ў апавяданні «Прыступкі» доўгі падрыхтоўчы перыяд, да таго ж у многім, лічу, «прыцягнуты за вушы».

Незразумелае кафэ, потым яшчэ больш незразумелае памяшканне са скляпеннем. Міжволі настройваешся на нешта вельмі незвычайнае (і нечаканае!), а тут — р-а-а-з! Паслізнулася, упала, выцялася скронню... Дзеля гэтага можна было не выбудоўваць такі доўгі ланцужок (кафэ — дзіўны афіцыянт — візітоўка — памяшканне — нейкая дзяўчына, якая ў яго ўвайшла, — таямнічая лесвіца ўніз). І ўсё гэта толькі дзеля таго, каб паслізнуцца і бразнуцца? Ды такое і на паверхні магло адбыцца!

Галоўныя героі (і Тэці, і Дамінік) спецыялісты па Шумеру. Але ж у кафэ яны аказаліся як простыя наведвальнікі, ды і далей іх «шумерская» спецыялізацыя не спрацоўвае. Іншая справа, калі б, напрыклад, Дамінік зрабіў нечаканае адкрыццё, расшыфраваў старажытны артэфакт і пад сакрэтам расказаў пра гэта Тэці, а потым яны разам нешта зрабілі з гэтым артэфактам... Вось тут і пачалося б нерэальнае развіццё падзей. І не спатрэбіўся б «ланцужок», які загадзя падрыхтоўвае чытача да незвычайнага, а ўсё заканчваецца простым падзеннем.

І яшчэ аб адной «стрэльбе», якая таксама «вісела на сцяне», але так і не стрэліла. Я маю на ўвазе «тыпа перад ноўтбукам за супрацьлеглым столікам».

Ну, няхай сабе ён проста сядзеў, калі галоўныя героі ўвайшлі ў кафэ. Але навошта тады такія далейшыя радкі?

«...тып перад ноўтбукам за супрацьлеглым столікам неўразумела павярнуў голаў у іх бок. Абсалютна лысы чэрап, невыразны твар, толькі вочы бліснулі злавеснымі агеньчыкамі, перш чым зноў утаропіцца ў экран».

Зноўку міжволі чакаеш, што пасля такой разгорнутай характарыстыкі гэты тып проста абавязаны неяк праявіць сябе ў далейшым. А ён проста знікае!

Усё астатняе ў апавяданні цалкам лагічна. Выбар, які павінна зрабіць галоўная гераіня, ахвяруючы альбо Дамінікам, альбо Эдвардам, перагукаецца з выбарам багіні Інаны-Іштар, якая аддала дэманам Думузі, а не Энкімду. Нават імёны ў нечым сугучныя: Думузі — Дамінік і Энкімду — Эдвард. Невялікае па памеры апавяданне можа быць завязкай для больш маштабных падзей з удзелам тых самых галоўных герояў (якія, зразумела, застаюцца жывымі: Тэці вярнулася з «таго свету», каб здзейсніць прадказанне, Дамініка — «выцягнуць» найноўшыя медыкаменты: валадарка Царства памерлых паабяцала яго адпусціць, а Эдварда ўвогуле не закранулі ніякія непрыемнасці і пагрозы жыцця). Пра ўсё гэта, хочацца верыць, у недалёкай будучыні Т. Будовіч-Барадуля напіша раман альбо прыгодніцкую аповесць.

 Генадзь АЎЛАСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.