Вы тут

Подпіс да партрэта


Партрэт дзяўчыны, які вы бачыце на гэтай старонцы, належыць пэндзлю Міхася Канстанцінавіча Сеўрука і паходзіць з прыватнага збору яго малавядомых ці зусім невядомых твораў. Калі ў 2008 годзе група энтузіястаў-прапагандыстаў віленскай мастацкай школы, школы Ф. Рушчыца і Л. Сляндзінскага, А. Штурмана, Ю. Клоса арганізавала ў памяшканні Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук выставу заходнебеларускіх мастакоў Язэпа Драздовіча, Пётры Сергіевіча, Міхася Сеўрука, Паўла Южыка, Сяргея Вішнеўскага, Зміцера Крачкоўскага, Васіля Сідаровіча, сабраную з прыватных калекцый, аўтар партрэта, год стварэння і асоба на ім былі невядомымі, і ён не трапіў у экспазіцыю выставы. І толькі зусім нядаўна загадкавая дзяўчына набыла імя. Але пра гэта крыху ніжэй, а зараз — пра Сеўрука.

1375448282220_1

Нарадзіўся ён у Варшаве, у сям'і чыгуначнага службоўцы, беларускага шляхціца герба "Слепаворан". Жыў у Брэсце, Мінску, Маскве (падчас эвакуацыі з пачаткам 1-й сусветнай вайны), у Снове і Дзісне, Нясвіжы і, нарэшце, у Вільні. Залатыя 1930-я гады, часы маладосці і пачатку прафесійнай мастацкай працы, творчых поспехаў, радасцяў і няўдач...

1375448283196_2

Прайшоў выдатную мастацкую школу ў Віленскім універсітэце пад кіраўніцтвам славутага Фердынанда Рушчыца, стаў выдатным майстрам жывапісу і графікі, паспяхова працаваў і ў манументальным жанры. Бліскучы рысавальшчык, універсал-гравёр (ксілаграфія, медзярыт, афорт, лінагравюра ды іншыя тэхнікі — усё было яму падуладна) жыў з таго, што давала праца ўласных рук. Не цураўся будзённай "афармілаўкі" (вывескі ды вітрыны крам), пісаў заказныя краявіды і партрэты, прадаваў уласныя эстампы. Зрабіў вокладку да кнігі Максіма Танка "На этапах", канфіскаваную паліцыяй, і да зборніка "Нашы песні" Рыгора Шырмы. Аднойчы пашанцавала — атрымаў заказ на афармленне вялікай прамысловай выставы ў Вільні.

1375448283508_3

Калі грымнула 2-я сусветная вайна і немцы занялі Польшчу, а Масква фактычна акупавала Прыбалтыку, Сяўрук вярнуўся ва ўжо савецкі Нясвіж, да маці.

Сорак наступных гадоў амаль неадлучна пражыў у Нясвіжы, там жа нечакана (рыхтуючы персанальную выставу да 75-гадовага юбілею) памёр, там жа і пахаваны. Зараз у сціплым аднапавярховым дамку знаходзіцца музей-кватэра М. Сеўрука, дзе экспануюцца яго творы, дакументы, прадметы побыту. Асноўны ж фонд мастака — больш за 1000 адзінак — у Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

1375448284704_4

Але вернемся да партрэта. У 1936 годзе ў Вільні ўтварыўся мастацкі музей. Сяўрук, ужо даволі вядомы на той час творца, у 1937 годзе атрымаў ад музея заказ на партрэт тагачаснага бурмістра Вільні пана Каліеўскага. Працуючы над партрэтам, пазнаёміўся з дачкой бурмістра, яны пасябравалі, пасля пакахаліся, і меўся ўжо адбыцца шлюб. Нечаканы паварот у лёсе мастака. Зяць бурмістра — не абы-хто. Але бязлітасны лёс усё перакрэсліў. Дзяўчына нечакана цяжка захварэла і неўзабаве памерла.

1375448285462_5

Чалавечае жыццё поўнае парадоксаў. Калі ў 1940 годзе з Літвы савецкай на ўсход і поўнач пайшлі закратаваныя цягнікі з хутаранамі і святарамі, былымі афіцэрамі і службоўцамі, мастакамі і пісьменнікамі, тое, што Міхась не стаў зяцем бурмістра, магчыма, выратавала яму жыццё.

На адным са змешчаных тут здымкаў Сяўрук у сваёй віленскай майстэрні з каханай. На сценах — яе выявы. Подпіс жа да нашага партрэта павінен быць такі: "Панна Каліеўская. Палатно, алей. 33х43 см. 1937  г."

Уладзімір Крукоўскі.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.