Вы тут

"Купляй беларускае"


У студзені—чэрвені ўсе вобласці краіны не выйшлі на ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года па долі айчынных тавараў у рознічным таваразвароце. Гэтая праблема была ключавой падчас выязной калегіі Міністэрства гандлю ў Гродне.

Асабліва істотна (на 5,8%) у аб'ёме таваразвароту скараціўся продаж беларускай нехарчовай прадукцыі. У прыватнасці, на спажывецкім рынку пагоршыліся пазіцыі айчынных вытворцаў тэлевізараў, пральных машын, будаўнічых матэрыялаў, сінтэтычных мыйных сродкаў, швейных вырабаў. Прычыны розныя, у тым ліку і неканкурэнтаздольнасць тавараў у сувязі з нізкім узроўнем якасці і высокімі цэнамі.

Напрыклад, у краме "5 элемент" на гродзенскім рынку "Карона"
ў шырокім асартыменце прадстаўлены і айчынныя, і замежныя вырабы электронікі і бытавой тэхнікі. Кожны наведнік можа іх параўнаць і зрабіць свой выбар. Пакупнікі някепска падтрымліваюць сваімі грашыма беларускіх вытворцаў газавых пліт, халадзільнікаў і шэрагу іншых тавараў. Але якія шанцы ў тэлевізара, які крыху таннейшы за імпартны, аднак спажывае ў чатыры разы больш электраэнергіі? І да таго ж, у параўнанні з імпартным мае горшую якасць экраннай карцінкі, не аснашчаны функцыямі Smаrt TV для сувязі з інтэрнэтам. Альбо каго зацікавіць горшая па якасці, але затое... удвая даражэйшая за замежную беларуская сокавыціскалка? Як канкурыраваць айчыннаму прасу, мадэль якога распрацавана яшчэ ў 1960-х гадах? Нават знешне ён выглядае таварам "учарашняга дня" і пры гэтым значна прайграе замежнаму "сабрату" па тэхналагічных паказчыках. А цана... вышэй.

Сур'ёзныя прэтэнзіі былі выказаны таксама наконт якасці айчынных пыласосаў, электрафенаў. Тым не менш і яны прысутнічаюць на гандлёвых паліцах, хоць падобную "абавязалаўку" наўрад ці можна назваць падтрымкай айчынных вытворцаў. Падтрымліваць трэба тых, чыя прадукцыя адпавядае патрабаванням часу, а не тых, хто не ўмее працаваць ва ўмовах канкурэнцыі. Падтрымка айчынных вытворцаў не павінна быць нейкай "індульгенцыяй" для дрэнных тавараў. Прынцыповы падыход да іх узроўню ў інтарэсах і пакупнікоў, і гандлю, ды і саміх вытворцаў.

Пры гэтым, зазначалася на пасяджэнні калегіі Мінгандлю

, кіраўнікі гандлёвых арганізацый практычна не сустракаюцца з кіраўнікамі прамысловых прадпрыемстваў для вырашэння ўзаемных пытанняў вытворчасці і пастаўкі тавараў, выпрацоўкі дзеянняў па іх прапагандзе. Работнікі гандлю часта скардзяцца на адсутнасць неабходнага асартыменту, нізкі ўровень якасці, неканкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў, высокія цэны і г.д. Аднак у выніку гандлем не прад'яўлена... ніводнай рэкламацыі вытворцам па якасці. Не ўнесена канкрэтных прапаноў па зняцці з вытворчасці тавараў, што не карыстаюцца попытам, правядзенні сумесных мерапрыемстваў па актывізацыі продажу.

Дарэчы, "лакмусавай паперкай" узроўню тавараў у пэўнай ступені будзе сістэма вяртання ПДВ (tах frее), якая даўно паспяхова прымяняецца ў многіх краінах свету і ўпершыню на прасторы СНД будзе задзейнічана ў Беларусі. Укараненне гэтага механізму для пакупнікоў, якія не пражываюць на тэрыторыі Мытнага саюза, дазволіць, па ацэнках экспертаў, павялічыць продаж тавараў да 20%. Пастановай урада ўжо вызначана арганізацыя, якая мае права на вяртанне ПДВ замежным грамадзянам —рэспубліканскае прадпрыемства "Белмытсэрвіс", а ў далейшым, на думку міністра гандлю Валянціна
ЧАКАНАВА, аператараў можа стаць і больш. Для гэтага ў адной краме за адзін дзень трэба набыць тавар на суму не менш чым 800 тысяч рублёў. Пакупніку вяртаецца ПДВ у памеры 15%. Калі стаўка 10%, то ПДВ не вяртаецца, гэты механізм не датычыцца цыгарэт і вінагарэлачных вырабаў. Валянцін Чаканаў спадзяецца, што сістэма "tах frее" ў поўным аб'ёме запрацуе ў Беларусі да чэмпіянату свету 2014 года. Цяпер трэба зрабіць захады па максімальным уцягванні гандлёвых прадпрыемстваў у гэты працэс. У першую чаргу гэта важна для Мінска, абласных цэнтраў, а таксама тых гарадоў, якія ўяўляюць інтарэс для замежных гасцей — турыстаў, спартсменаў, адпачывальнікаў і тых, хто працуе на тэрыторыі нашай краіны.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Загаловак у газеце: Лозунг "Купляй беларускае" — не "індульгенцыя" для неканкурэнтаздольных тавараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.