Вы тут

Марская выстава ў сухапутным Мінску


Хоць Беларусь і з'яўляецца сухапутнай дзяржавай, але мае пры тым багатую марскую гісторыю. Амаль дзвесце гадоў беларусы накіроўваліся служыць спачатку ў расійскім імператарскім, а пасля — у савецкім флоце. Па падліках спецыялістаў, прыкладна трэцяя частка беларускіх прызыўнікоў у пасляваенны час адпраўлялася на флот. А некаторыя нашы суайчыннікі працягваюць баразніць неабсяжныя водныя прасторы і дагэтуль.

Марское брацтва не ведае межаў, нягледзячы на знікненне СССР і з'яўленне незалежных Расіі і Беларусі. І таму наведвальнікі сталічнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны неўзабаве змогуць завітаць на адмысловую ваенна-марскую выставу.

— Экспанаты для яе мы збіраем па ўсім свеце, — гаворыць намеснік старшыні Беларускага саюза ваенных маракоў Валерый ХАЛАДЗІЛІН

. — Пакуль што збольшага яны захоўваюцца ў закрытых фондах. Аднак два з іх знаходзяцца ў вольным доступе на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Гэта якар аднаго з караблёў Дняпроўскай флатыліі, якая ўдзельнічала ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і фрагмент атамнай падводнай лодкі "Курск", на якой загінуў і беларус Сяргей Дудко... У пошуку нам вельмі дапамагаюць нашы сябры з Балтыйскага флоту. Так, дэлегацыя ветэранаў ВМФ з Калінінградскай вобласці Расіі перадала нам у мінулы панядзелак копію сцяга Перамогі і планшэтку.

Праўда, дары гэтыя пакуль што больш сімвалічныя. На жаль, масіўныя рэчы самалётам перавезці нельга. Аднак маракі не выключаюць і таго, што ў будучым да экспазіцыі могуць далучыцца нават невялікія караблі. Больш за тое, у іх планах ёсць і здымкі фільма аб беларускіх мараках на Балтыцы.

— Мы можам папоўніць фонды мінскай выставы мемуарнай літаратурай, рэдкімі фотаздымкамі. Праз музей Балтыйскага флоту мы можам арганізаваць экспазіцыі, так ці інакш звязаныя з беларусамі, — разважае старшыня камітэта Саюза ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў ваенна-марскога флоту Калінінградскай вобласці Уладзімір НІЖАГАРОДЦАЎ. — Я нядаўна быў у Варшаве, дзе наведаў музей Войска Польскага. І мяне ўразіла, што там сабраны нават драбнейшыя дэталі ваеннай гісторыі нацыі. А чым горшыя мы? Вядома, што не ўсё ацалела ад бязлітаснага часу. Аднак стварыць выдатную ваенна-марскую экспазіцыю ў нашых сілах — паказаць тыя ж марскія корцікі, агнястрэльную зброю, флоцкую форму розных эпох...

Дзейнасць марскога брацтва скіравана не толькі на шанаванне агульнага мінулага, але і на патрыятычную працу сярод моладзі. Ваенныя маракі рэгулярна арганізоўваюць творчыя фестывалі сярод ваенных кадэтаў, ваенна-гістарычныя і спартыўныя гульні, паездкі па памятных ваенных мясцінах... Адным словам, ніякія палітычныя пературбацыі не перашкаджаюць працягваць моцнае сяброўства, якое было замацавана калісьці агульнай цяжкай, але і рамантычнай службай — службай на флоце.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.