Вы тут

Пачатак Спасаўкі — самага "салодкага" посту года


Духмяны, цягучы, бурштынавы, салодкі... Яго можна есці, ужываць як лекі ці нават піць. Усё гэта пра мёд. Карысны прадукт, усе ведаюць. Можа, таму яму прысвяцілі асобнае свята. 14 жніўня ўсе ўзгадваюць пра мёд. Мёд новага збору становіцца галоўным прадуктам, і гэта, згодна з традыцыяй, у нас імкнуцца асабліва адзначыць. Па ўсёй краіне ў цэрквах у гэты дзень бласлаўляюць мёд. Пры тым, што ў гэтага дня сапраўды адметнае паходжанне: сышліся святы як царкоўныя праваслаўныя (а іх адразу некалькі), так і народныя. Таму што ў гэты час яшчэ адзначаўся і Макавей — стравы з макам раней былі на стале. А яшчэ і лекавыя зёлкі асвячалі ў гэты летні дзень. Аднак жа мёд застаецца ці не галоўным прыродным ласункам дагэтуль.

І ўсе да гэтага дня імкнуцца мёдам разжыцца. Дапамагчы ў гэтым павінны кірмашы, дзе прадаюць мёд. Але мядовыя святы з кірмашамі (асабліва ў вялікіх гарадах) — гэта ўжо і культурная традыцыя. Напрыклад, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь на пляцоўцы перад уваходам ладзіць народнае свята "Мядовы Спас". На дапамогу ў яго арганізацыі ўзялі гандлёвы дом "Свет пчол": свята не толькі ў гонар мёду, але і з мёдам павінна быць, каб людзі маглі запасціся ім на ўвесь год. Але як набыць, калі не пакаштаваў? Дэгустацыя мёду — вельмі прыемная частка свята. Каштаваць давядзецца мёд беларускіх і расійскіх пчаляроў. І нягледзячы на тое, што пераконваць у карысці гэтага прадукту нікога не трэба, але кансультацыю апітэрапеўта таксама можна будзе атрымаць: як, калі і які мёд ужываць у залежнасці ад той ці іншай сітуацыі. Але ж не толькі яго: пчаляры — людзі дбайныя, нічога не прападае ў іх вытворчасці, і сваю карысць маюць іншыя прадукты пчалярства — такія, як праполіс ды пярга. А то і яшчэ мядовай касметыкай можна разжыцца прыгажуням.

Усё-такі нездарма пчолкі лічацца вельмі працавітымі істотамі (столькі дабра людзям ад іх). Таму ў гонар гэтай Боскай істоты — дзіцячы конкурс малюнкаў на асфальце "Залатая пчолка" (з салодкімі прызамі). Для дарослых — канцэрт гурта "Беларуская брама" і прэзентацыя кнігі "Радавод сонечнага племені" (аўтары У. Гуркоў і С. Цярохін) з прадмовай пісьменніка і літаратуразнаўцы Яўгена Лецкі. Шмат можна расказаць пра мёд і стаўленне да яго спрадвеку беларусаў, якія ўмелі працаваць гэтак жа рупліва, як пчолкі. Але ніколі не забывалі, што Мядовік — гэта першае свята, якое пачынала летні двухтыднёвы пост, які называлі "Спасаўка".

Гэта значыць, што ёсць час падумаць пра тое, што ратуе не толькі цела, але і душу. А ў гэты жнівеньскі дзень царква адзначае свята асаблівага пакланення Жыватворнаму Крыжу, чым заклікалі ў дапамогу сілу Збавіцеля. Крыж выносілі на вуліцы і дарогі — каб адвесці ўсё дрэннае ад людзей. Свята, якое было ўсталявана яшчэ ў Візантыі ў ІХ стагоддзі. Але з гэтага дня пачынаецца падрыхтоўка да свята Успення Прасвятой Багародзіцы — праз двухтыднёвы строгі пост да 28 жніўня. І вось тут мёд новага збору вельмі дарэчы. І гэта ўжо не проста ласунак, але і дар Боскі, міласць да тых, хто верыць у тое, што ў гэтым свеце ўсё ўсталявана так, каб у чалавека быў штодня "хлеб надзённы" і штосьці да хлеба. І мёд — на ўвесь год...

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.