Вы тут

Як гучыць маладосць?


Пачуць гэта можна будзе зусім хутка — 28 і 29 верасня ў Жодзіне, дзе пройдзе ХІІ Рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў «Белазаўскі акорд». Першапачаткова заяўкі на ўдзел у ім даслалі 50 артыстаў і калектываў. Аднак да фіналу творчага спаборніцтва прафесійнае журы дапусціла толькі 16 з іх. Геаграфія ўдзельнікаў уражвае: Мінск, Гомель, Магілёў, Жодзіна, Ліда, Пружаны, Пухавічы, Старыя Дарогі, пасёлак Мір, а таксама Курская вобласць Расіі і Ровенская — Украіны.

Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў «Белазаўскі акорд» праводзіцца з 2002 года. За гэты час, паводле падлікаў арганізатараў, у адборачных турах прынялі ўдзел каля 500 выканаўцаў, а 150 салістаў і калектываў выступілі на сцэне Палаца культуры «БелАЗа» ў фінальных канцэртах. Па выніках конкурсу былі выпушчаны 6 дыскаў з найлепшымі песнямі яго ўдзельнікаў.

Сёлета ўзроставыя рамкі ўдзельнікаў былі пашыраны: на дзень правядзення конкурсу ім павінна быць не менш як 16 і не больш як 30 гадоў. А вось патрабаванні да песень, што выносяцца на суд журы і публікі, засталіся традыцыйнымі: іх дзве на выбар, прычым адна абавязкова на беларускай мове, бо «Белазаўскі акорд» перадусім прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Акрамя таго, каб пазбегнуць паўтораў з года ў год адных і тых жа музычных твораў, як гэта адбываецца на розных конкурсах, на афіцыйным сайце www.dkbеlаz.bу змешчаны спіс кампазіцый, якія ўжо гучалі ў мінулыя гады.

— Нашы канкурсанты (дакладней, канкурсанткі, бо збольшага гэта дзяўчаты) ужо рыхтуюцца, рэпетыцыі ідуць поўным ходам, — расказаў «Звяздзе» старшыня аргкамітэта конкурсу, дырэктар Палаца культуры ААТ «БелАЗ» Генадзь СМОЛЬСКІ.

Усяго другі год як нашы фіналісты выконваюць сваю праграму з аркестрам, прычым працуюць з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Наведаўшы днямі рэпетыцыі, я заўважыў, як хвалююцца ўдзельнікі, нават улічваючы тое, што сёлета падабраўся вельмі моцны састаў, як ловяць кожную заўвагу. Для многіх з іх праца з Прэзідэнцкім аркестрам — гэта ўжо дасягненне і вялікі крок па лесвіцы поспеху.

Дарэчы, многія маладыя выканаўцы, імёны якіх адкрыў конкурс у Жодзіне, не «згубіліся» на эстрадзе і працягваюць паспяхова скараць іншыя фестывальныя і конкурсныя пляцоўкі. Напрыклад, фіналіст першага «Белазаўскага акорда» Віталь Гардзей (Яфіменка) у 2008-м заваяваў першую прэмію на «Славянскім базары ў Віцебску». Лаўрэат «Белазаўскага акорда-2004» Алеся Кульша праз тры гады ўзяла Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2007».

Праз два гады яе поспех паўтарыў уладальнік дыплома І ступені «Белазаўскага акорда-2006» Аляксандр Салаўёў. Трэці прызёр «Акорда-2003» Дзмітрый Даніленка — уладальнік Гран-пры «Славянскага базару ў Віцебску» ў 2009 годзе, а сёння выпускнік Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага і папулярны ў Расіі спявак. І гэты спіс можна працягваць, бо, паводле слоў кампазітара Леаніда Захлеўнага, «белазаўская» сцэна — выдатная стартавая пляцоўка для пачаткоўцаў, «творчае спаборніцтва, якое не абяссільвае, а нараджае сілы»...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.