Вы тут

У Смаленску можа з'явіцца цэнтр прыгранічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі


Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ў суботу, на заключным пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзення святкавання 1150-годдзя Смаленска, адзначыў выключную ролю горада на Дняпры ва ўзаемадзеянні дзвюх краін.

«Ключ» ад Саюза

Рыгор Рапота выступіў з ініцыятывай стварыць у горадзе рэгіянальны цэнтр прыгранічнага супрацоўніцтва. «Смаленск — ключавы горад на стыку інтарэсаў Беларусі і Расіі, — падкрэсліў дзяржсакратар. — Значнасць горада відавочная. Я не буду казаць пра гістарычныя і геаграфічныя аспекты. Вялікае значэнне мае эканамічнае супрацоўніцтва. І значэнне Смаленска для эканомікі дзвюх краін расце. Па-першае, тут праходзіць лепшая магістраль, якая яднае Мінск і Маскву. А гэта найлепшыя транспартна-лагістычныя магчымасці. Дастаткова сказаць, што праз Смаленск ідзе каля 30% усіх аўтамабільных грузаў у Расійскую Федэрацыю. Менавіта гэты фактар трэба ў будучыні развіваць і ўдасканальваць».

Дарэчы, Рыгор Рапота раней ужо выступаў з прапановай зрабіць у Смаленску цэнтр прыгранічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. «Я і надалей буду на гэтым настойваць, — кажа палітык. — Калі стваралася Саюзная дзяржава, Смаленск разглядаўся як месца для штаб-кватэры выканаўчых органаў Саюза, але ўлады Расіі і Беларусі распарадзіліся па-іншаму. Аднак значнасць Смаленска для двухбаковых кантактаў ніколькі не зменшылася».

Горад у выгадным становішчы

Эканамічнае ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Смаленскай вобласцю праяўляецца, напрыклад, у тым, што тут працуе вялікая колькасць беларускіх будаўнікоў і іншых спецыялістаў. Губернатар вобласці Аляксей Астроўскі гэта пацвярджае: «Значную частку нагрузкі па рэканструкцыі і рамонце фасадаў горада ўзялі на сябе менавіта беларускія будаўнікі. Мы ўдзячныя Беларусі за гэту дапамогу».

Акрамя таго, «рыхтуецца да адкрыцця расійска-беларускі найбуйнейшы мясакамбінат «Сафонава». Гэта таксама паказчык паспяховага развіцця двухбаковых адносін менавіта тут, на смаленскай тэрыторыі», — лічыць Рыгор Рапота. У тым жа рэчышчы разважае Дзмітрый Казак, намеснік старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі: «Смаленск знаходзіцца ў вельмі выгадным геаграфічным становішчы, на перакрыжаванні многіх шляхоў, што дазваляе развіваць тут практычна любыя вытворчасці. Эканамічны патэнцыял вялікі. Тут жывуць выдатныя, працавітыя людзі. Перспектыву мае і прамысловасць, і сельская гаспадарка, бо ў рэгіёне вельмі спрыяльны для гэтага клімат. Будзе мець поспех развіццё транспартнай лагістыкі». Таму віцэ-прэм'ер прапанаваў губернатару Смаленскай вобласці распрацаваць і ўнесці на разгляд урада прапанову аб стварэнні цэнтра прыгранічнага супрацоўніцтва.

Функцыі змяніліся

Ужо падчас выступу перад гараджанамі Рыгор Рапота сказаў, што «для тых, хто жыве ў Расіі і Беларусі, ды і на ўсёй постсавецкай прасторы, Смаленск заўсёды асацыяваўся з паняццем «горад-крэпасць». А значыць — з мужнасцю, бесперапыннай вайной. Так і было ў далёкай і не вельмі далёкай гісторыі. Сёння ўсё змянілася. І функцыі Смаленска таксама змяняюцца. Для Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі асноўнай задачай з'яўляецца стварэнне такіх умоў, каб расіяне ў Беларусі і беларусы ў Расіі не адчувалі сябе замежнікамі. Памежны горад для вырашэння гэтай задачы мае вялікае значэнне. Развіццё Смаленска ва ўсіх сферах — адзін з фактараў умацоўвання нашых адносін».

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, г. Смаленск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.