Вы тут

Дарогу асіліць адукаваны


У гэтым перакананы заслужаны работнік адукацыі Беларусі, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, старшыня абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» Вітольд ПЕСЦІС. Дарэчы, менавіта ў Прынямонні 9 гадоў таму была створана гэтая арганізацыя, якая затым набыла рэспубліканскі статус.

1380058550976_25-37

 

Зусім нядаўна пачаўся новы навучальны год — адсюль і першае пытанне карэспандэнта «Звязды»:

— Вітольд Казіміравіч, у некаторых навучальных установах сёлета сутыкнуліся з недаборам студэнтаў. А як у вас?
— Трэба свята засвоіць ісціну, што адукаваны чалавек заўсёды знойдзе дарогу ў жыцці. Адукацыя сёння адзін з галоўных крытэрыяў, які забяспечвае поспех, дае апору, веру ў будучыню. Таму кожны разумны чалавек павінен імкнуцца мець дастойную адукацыю. І яе ў нашай у рэспубліцы можна атрымаць. Пры гэтым рэаліі такія, што многія ВНУ сёлета яўна недабралі абітурыентаў — і не толькі на платнае, але і на бюджэтнае навучанне. Гэта звязана не толькі з дэмаграфічнай сітуацыяй, але і з прэстыжнасцю тых ці іншых спецыяльнасцяў. Тое, што было вельмі прэстыжна раней, страчвае сваю актуальнасць, затое становіцца папулярным іншае.
Узяць наш універсітэт. У адрозненне ад шэрагу іншых, мы забяспечылі кантрольныя лічбы набору студэнтаў. Мы не гонімся за колькасцю спецыяльнасцяў, паколькі талкова рыхтаваць кадры нельга на голым месцы — патрэбна адпаведная база: вучэбныя аўдыторыі, абсталяванне, інтэрнаты. Наша ВНУ, дарэчы, у ліку нямногіх, дзе студэнты цалкам забяспечаны месцамі ў інтэрнатах. Цяпер вось мадэрнізуем тры вучэбныя карпусы. Стварылі спецыяльны аддзел па прафарыентацыйнай рабоце, распрацавалі цэлую серыю буклетаў і фільмаў з прапагандай найбольш дэфіцытных сёння спецыяльнасцяў агранома, заатэхніка, ветурача ...
Пры гэтым сфера аграрнай адукацыі вельмі залежыць ад вышэйзгаданай прэстыжнасці прафесій. Як і ў іншых галінах, мы робім стаўку на інтэлект, каб набраць добра падрыхтаваную моладзь пасля сярэдняй школы, што не заўсёды ўдаецца. Для гэтага патрэбна вялізная праца, прычым не толькі прафарыентацыйная самой ВНУ, але і кіраўнікоў раённых выканаўчых улад, мясцовых Саветаў, сельгаспрадпрыемстваў.
Я нядаўна з задавальненнем глядзеў цырымонію ўзнагароджання кіраўніком дзяржавы аграрнікаў, сярод якіх быў старшыня калгаса «Радзіма» Бялыніцкага раёна Аляксандр Лапацентаў. Маладых спецыялістаў у яго гаспадарцы заўсёды хапае, бо распрацавана цэлая сістэма іх прыцягнення і замацавання. Пачынаецца яна з мясцовай школы: лепшым вучням старэйшых класаў гаспадарка плаціць стыпендыю, каб яны потым паступалі ў аграрную ВНУ. Дапамагаюць ім і па вяртанні — даюць добраўпарадкаванае жыллё. І моладзь цудоўна працуе. Вось яна, рэальная праца па кадравым умацаванні!

— Станоўчы вопыт ёсць і на Навагрудчыне. Мясцовыя ўлады самі прывозяць заўтрашніх выпускнікоў Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта ў свой раён, дзе знаёмяць іх з вытворчымі, сацыяльнымі ўмовамі, запрашаючы на працу. І не без поспеху ...
— У гэтай сувязі заўсёды памятаю, як супрацоўнічаў з намі знакаміты аграрнік Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля. Ён не проста чакаў, калі з ВНУ прышлюць яму спецыяліста, а вельмі перажываў за маладыя кадры: прыязджаў сюды, гутарыў з цэлым курсам. Тэлефануе: «Я табе зараз добрага хлопца накірую». Той прыехаў, прайшоў навучанне і вярнуўся назад. Вось такая сумесная праца, да якой імкнецца і старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч. Ён, дарэчы, па адукацыі не аграрнік, але кіраўнік сучаснага ўзроўню, добры арганізатар. Думаю, што хутка ў Навагрудскім раёне не будзе дэфіцыту ў кадрах аграрнага профілю.

— Сваё плячо тут падстаўляе, як вядома, і арганізацыя «Белая Русь», па ініцыятыве якой на Гродзеншчыне сталі ўжо традыцыйнымі злёты выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў...
— Пад эгідай «Белай Русі» праводзіцца нямала дабрачынных акцый. Шмат зваротаў паступае ў нашы грамадскія прыёмныя. Прычым, мы не проста нешта людзям раім, а звязваемся з тымі, хто можа вырашыць тую ці іншую праблему. Не памятаю выпадку, каб нехта адмахнуўся ад нас. А адной з галоўных у сваёй дзейнасці наша арганізацыя лічыць праблему замацавання маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці. Такія сустрэчы, дзе моладзь знаёміцца з сённяшнімі рэаліямі, пры падтрымцы выканаўчай улады ўжо прайшлі ў лепшых гаспадарках Гродзенскага, Шчучынскага, Бераставіцкага раёнаў, на Мастоўшчыне. Памятаю, у Васілішках да кіраўніка сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Серахана адразу 6 чалавек звярнуліся з просьбай працаваць там пасля заканчэння вучобы. Асабліва, напэўна, паўплывала выступленне выпускніка медуніверсітэта, які, праходзячы ў гэтай гаспадарцы практыку, здолеў абараніць кандыдацкую дысертацыю. І затым не паехаў у горад, а застаўся там, бо для моладзі створаны цудоўныя ўмовы — і для працы, і сацыяльныя.

Памятаю, як я ў 1971 годзе прыйшоў пасля заканчэння ВНУ у калгас і быў вельмі цёпла прыняты старшынёй... Так і сёння. Памыляецца той кіраўнік, які лічыць, што калі прыйшоў да яго малады спецыяліст, то няхай назаўтра ж прымяняе свае веды. Нічога падобнага. Так, тэорыяй ён валодае, але ж практычны бок ... Спашлюся тут на нашага аграрніка-аксакала, Героя Сацыялістычнай Працы Ілью Сянько. Неяк я парэкамендаваў яму аднаго заатэхніка. Прайшло два гады, тэлефаную: «Ілья Пятровіч, як там мой пратэжэ?» Ён кажа: «Толк будзе, але яшчэ трэба «ляпіць». Ён, як скульптар, «лепіць» сабе кадры. Вось калі б усе кіраўнікі так рабілі... А то сёння прыйшоў малады чалавек у гаспадарку, а заўтра яго ўжо «дзяўбуць», адбіваюць ахвоту ад працы. На жаль, здараецца і так.
І іншы момант, які тычыцца прапаганды значнасці, прэстыжу аграрнага спецыяліста. Лічу, што сёння СМІ не заўсёды станоўча ўплываюць на імідж працы аграрніка. Як толькі ўборка — абавязкова рэпартажы пра «бітву за ўраджай», пра тое як з раніцы да ночы чалавек не вылазіць з-за руля камбайна. Мяркую, што такая «рэклама» нікому не патрэбна. Бо чалавек не «біцца за ўраджай» хоча, а нармальна працаваць. Так, ёсць сельская спецыфіка. Але шмат залежыць і ад арганізацыі працы.

— А што датычыцца падрыхтоўкі кадраў у ВНУ, то, напэўна, і ад асобы выкладчыка?..
— Я б нават сказаў так: педагога. Ведаеце, чым адрозніваецца выкладчык ад педагога? Калі выкладчык заканчвае лекцыю чытаць, то студэнтам хочацца хутчэй разысціся па сваіх справах. А калі педагог заканчвае чытаць лекцыю, то студэнты хочуць, каб ён гаварыў яшчэ. Вось такія педагогі (не проста прафесіяналы ў сваіх дысцыплінах, а здольныя прывіць любоў да гэтага прадмета, прафесіі) і павінны працаваць у ВНУ. І ў нас шмат для гэтага робіцца. Не проста каб запоўніць выкладчыцкія стаўкі, а каб прыйшлі таленавітыя людзі. Запрашаем іх, вырашаем сацыяльныя пытанні. У нас, дарэчы, ніводны выкладчык не здымае кватэру. Многія актыўна займаюцца навукова-даследчай работай, працуюць у створаных ва ўніверсітэце навуковых цэнтрах, па гаспадарчых дагаворах з рознымі прадпрыемствамі.

— Вітольд Казіміравіч, а што вы пажадаеце цяперашнім першакурснікам?
— Заўсёды кажу падчас цырымоніі «першага званка», каб з самага пачатку вучобы яны заяўлялі пра сябе, станавіліся вядомымі не толькі ва ўніверсітэце, але і ў горадзе, вобласці, краіне. Удзельнічалі ў алімпіядах, у грамадскім і культурным жыцці ўніверсітэта (у нас, дарэчы,
11 творчых калектываў). Гэта ў далейшым дапаможа ім упэўнена пракласці дарогу ў жыцці. А мы гэтаму будзем усяляк садзейнічаць.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.