Вы тут

Жыллё пабудавалі, дэмаграфію паднялі


У Міханавіцкім сельсавеце значна ўзрасла нараджальнасць і зменшылася смяротнасць

На днях пасёлку Міханавічы, што ў Мінскім раёне, споўнілася 140 гадоў. Яго называюць яшчэ пасёлкам газавікоў — менавіта тут знаходзіцца адкрытае акцыянернае таварыства «Белтрансгаз». Пасёлак умоўна адносяць да другога сталічнага кольца. У першым знаходзяцца Бараўляны, Ждановічы, Сеніца, Калодзішчы. Зрэшты, жыхары пасёлка ніколечкі не зайздросцяць тамтэйшым.

1386136286264_1

Чаму? перш за ўсё ў плане перанаселенасці. Бо ў Міханавічах прывольна, камфортна і зручна жыць. Ды і транспартныя зносіны найлепшыя: чыгунка, а таксама з аднаго боку — Слуцкая, з другога — Магілёўская шаша, і ўсе вядуць у сталіцу.

Тутэйшыя насельнікі нават вывелі формулу пасёлка: жывём у Міханавічах не таму, што тут модна жыць. І нават не таму, што блізка да сталіцы. А таму, што тут нашы карані, тут нашы бацькі, тут нам падабаецца.

— Мы развіваемся планамерна, без стрэсаў і катаклізмаў, паводле генеральнага плана і праграмы, — сцвярджае старшыня Міханавіцкага сельскага Савета Святлана Давальцова. — Моладзь не рвецца ў горад, бо тут будуецца жыллё і няма праблем з працай. А той, хто хоча жыць у асабістым доме, можа праз невялікі час узяць зямельны надзел пад індывідуальную забудову. Даволі развітая інфраструктура: школа, два дзіцячыя садкі, амбулаторыя, Дом фальклору, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Цэнтр моладзі, Мінская раённая бібліятэка.

Святлана Уладзіміраўна, сама культуролаг па прафесіі, нават не думала, што давядзецца «перакваліфікавацца» на мясцовае самакіраванне. Але так склаўся лёс. Давальцова проста фантануе ідэямі і праектамі. Камусьці яны здаюцца ружовымі марамі, нават авантурай. Але час паказвае, што старшыня мела рацыю. Яшчэ некалькі гадоў таму ніхто нават не мог уявіць, што тут, сярод чыстага поля, з'явіцца пяць новых жылых шматкватэрных дамоў.

Калі, так бы мовіць, наваспечаная старшыня сельвыканкама ўзялася ў 2005 годзе за стварэнне жыллёва-будаўнічага кааператыву, мала хто верыў, што ў яе нешта атрымаецца: на той час у людзей былі не надта высокія зарплаты, ды яшчэ і праблема з атрыманнем крэдытаў. Але Святлане Уладзіміраўне ўдалося пераканаць землякоў, што не трэба нікога баяцца, галоўнае — увязацца ў «бойку». І людзі ёй паверылі: чарга на паляпшэнне жыллёвых умоў вырасла з 250 чалавек да 3 тысяч. Давялося скарэкціраваць планы і замахнуцца... аж на пяць 5-павярховікаў. Само будаўніцтва працягвалася нядоўга — крыху больш за год. Шмат часу заняло фарміраванне складу ЖБК, перакананне людзей, афармленне дакументаў, адкрыццё крэдытнай лініі. І тым не менш намаганні, фізічныя высілкі і нервы, патрачаныя на справу, прынеслі свой плён.

1386136290582_2

Самае галоўнае, што ў сельскім Савеце змаглі граматна выкарыстаць разнапланавую дзяржаўную падтрымку па забеспячэнні грамадзян жыллём: маладых сем'яў і тых, каму больш за 31 год. У 2011-м дамы ўвялі ў дзеянне. Акрамя таго, у 2009 годзе было дастаткова зямельных участкаў пад індывідуальную забудову. Міханавіцкі сельсавет не быў такім папулярным у параўнанні з «першай лініяй» сельсаветаў па прадастаўленні ўчасткаў, але ж на працягу 3 гадоў тут выдзелена звыш 200 зямельных надзелаў для тых, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Іх, дарэчы, атрымалі ўсе ахвотныя. Прычым у людзей было права выбару: кватэра ў шматпавярховым доме ці надзел пад асабісты катэдж.

— Мы мелі на мэце не толькі закрыць балючую праблему з забеспячэннем жыллём, але і захаваць у аграгарадку Міханавічы сельскі пейзаж — пяціпавярховыя будынкі не псуюць агульны выгляд. Ды і па ментальнасці для вяскоўцаў гэта найбольш прымальны архітэктурны стыль, — упэўнена Святлана Уладзіміраўна. — Акрамя таго, жылыя будынкі не маюць ліфтаў і, адпаведна, патрабуюць меншых энергетычных затрат. Магчыма, камусьці больш імпануюць гмахі. Але пяціпавярховікі ўвязаны з генеральным планам забудовы. А нейкія змены ў ім цягнуць за сабой значныя фінансавыя затраты, — распавяла Святлана Уладзіміраўна.

Многія з навасёлаў жылі шмат гадоў у інтэрнатах, у цесных пакойчыках цэлымі сем'ямі, там практычна выраслі іх дзеці. І толькі ў 40 гадоў яны абзавяліся сваім кутком... Давальцова сама пражыла ў інтэрнаце 15 гадоў і ведае, як важна для чалавека займець асабісты дах над галавой. Менавіта адсутнасць жылля ўплывае на сямейны мікраклімат, з-за гэтага здараюцца непаразуменні, скандалы, разбураюцца сем'і.

Асноўнае адрозненне Міханавіч ад іншых буйных населеных пунктаў Мінскага раёна ў тым, што тут няма вялікіх зямельных масіваў, дзе налічваецца сто і больш участкаў. Аптымальны варыянт — 30-34. Таму і праблема з інфраструктурай за кошт бюджэту страхуецца магчымасцю стварэння таварыства забудоўшчыкаў, якія ў выпадку крызісу змогуць працягнуць сеткі самастойна. Многія надзелы, якія рыхтуюцца да выдзялення (продажу), забяспечаны камунікацыямі, пад'язнымі шляхамі.

У свой час «Белтрансгаз» пабудаваў у пасёлку адну з лепшых у прысталічным рэгіёне кацельню, спраектаваў станцыю абезжалезвання. Новае будаўніцтва толькі паляпшае інфраструктуру: яно вядзецца з улікам стратэгіі, перспектывы. Дзесьці асфальт пракладваецца, трансфарматар мяняецца, а недзе і цеплатраса. Пры праектаванні забудовы прадугледжваюцца парковачныя месцы для аўтатранспарту, дзіцячыя пляцоўкі, зялёная зона.

— У цэлым у сельсавеце за апошнія гады практычна ўдалося забяспечыць дахам над галавой усіх, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў: чарга за 2011-2112 гады з 2500 чалавек зменшылася да 800. У чарзе стаяць яшчэ тыя, хто мае надзел і будуе асабістае жыллё. У пачатку наступнага года плануецца здаць у эксплуатацыю яшчэ адзін дом на 100 кватэр, — адзначае Святлана Давальцова.

1386136293224_3

У аграгарадку Міханавічы развіта і сацыяльная сфера. Ёсць комплексны прыёмны пункт, некалькі цырульняў, дзве кулінарныя крамы, гандлёвая сетка прадстаўлена ўсімі формамі ўласнасці, нядаўна тут адкрыў фірмовую краму агракамбінат Дзяржынскі. Ахвотна наведваюць жыхары і госці пасёлка краязнаўчы музей, Дом культуры, Дом фальклору. Адзіная ў Мінскай вобласці студыя цыркавога мастацтва таксама знаходзіцца ў пасёлку. Далёка за межамі цэнтральнага рэгіёна вядомы ўзорны дзіцячы фальклорны ансамбль «Калыханка». У пасёлку ёсць школа і два дзіцячыя сады.

Але і насельніцтва прыбаўляецца з кожным годам. Таму на парадку — будаўніцтва яшчэ адной дашкольнай установы. Такая сітуацыя выклікана тым, што за апошнія чатыры гады значна павысілася нараджальнасць, знізілася смяротнасць. Практычна за год рэгіструецца каля 70 шлюбаў, з'яўляюцца на свет 110 маленькіх грамадзян. Сёлета, напрыклад, нарадзіліся 92, і гэта пры тым, што год яшчэ не закончаны. А гэта значыць, што ў хуткім часе ім спатрэбіцца новы дзіцячы садок, паколькі дзейныя не ў стане прыняць такую колькасць выхаванцаў. Тым больш што маладыя бацькі цяпер не вельмі хочуць затрымлівацца дома, выходзяць на работу раней тэрміну. «А праблем з працоўнымі месцамі ў нас няма, знаходзімся ў прамысловай зоне Міханавічы, — сцвярджае мая суразмоўца. — На тэрыторыі сельсавета — два аграгарадкі, звыш 100 арганізацый і прадпрыемстваў. Адкрываюцца і жывёлагадоўчыя фермы, комплексы. Наймальнікі зацікаўлены, каб сюды ішлі людзі, моладзь».

Зараз у Міханавіцкім сельсавеце пражывае 70 шматдзетных сем'яў. У самай вялікай 9 дзяцей. І ўсе яны забяспечаны жыллём.

— Мы разумеем, што ніводная жанчына не рызыкне нарадзіць трое ці больш дзяцей без свайго кутка. І мы прадстаўнікі дзяржавы павінны пра гэта паклапаціцца, стварыць умовы, каб дзіцяці было дзе жыць, вучыцца: спачатку ў дзіцячым садку, затым у школе. Менавіта планамернае вырашэнне жыллёвых пытанняў дазволіла значна палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў населеных пунктах, — кажа Святлана Давальцова.

Жаданне ўсё паспець і ісці наперадзе часу характарызуе добрага кіраўніка. Любы праект, які сёння здаецца нерэальным, праз год-другі становіцца запатрабаваным. Галоўнае — адчуваць перспектыву.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вольга Хачкова вырабляе рэчы з тэкстылю паводле беларускіх этнабрэндаў

Вольга Хачкова вырабляе рэчы з тэкстылю паводле беларускіх этнабрэндаў

Чалавек, які з дзяцінства імкнецца да прыгожага, не супакоіцца, пакуль не знойдзе ў свеце творчасці сваю сцяжынку.

Грамадства

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Падчас жніва ўсе, хто задзейнічан ва ўборачнай кампаніі, часова становяцца хлебаробамі.