Вы тут

Застаўся жыць, каб расказаць праўду


Алесь Савіцкі... Былы партызан-падрыўнік, баец Савецкай Арміі, чалавек, які дайшоў да Берліна і распісаўся на рэйхстагу. Тройчы паранены, ён неаднойчы глядзеў у вочы смерці. І ці думаў ён у тыя імгненні, што дажыве да Перамогі і стане вядомым пісьменнікам, ці мог уявіць, што адсвяткуе сваё 90-годдзе, ці спадзяваўся, што з юбілеем яго будзе віншаваць уся краіна?

Алесь Ануфрыевіч нарадзіўся ў Полацку, у сям'і кадравага афіцэра Чырвонай Арміі. Іх было чацвёра — адна дачка і тры сыны. Ён быў сярэднім.

Вайна Савіцкіх напаткала ў Гродне, дзе праходзіў службу бацька. Калі яны вярнуліся ў Полацк, у горадзе ўжо ўладарылі немцы. Пачалося жыццё на акупаванай тэрыторыі. У той час, калі некаторыя прыпісвалі сабе «хваробы», каб толькі не ісці на фронт, Алесь Савіцкі прыбавіў сабе год — і яго ўзялі ў партызанскі атрад «Смерць фашызму».

Трапіўшы ў групу падрыўнікоў, разам з баявымі таварышамі падрываў чыгункі, масты, арганізоўваў на дарогах засады.
Вось што напісана ў «Баявой характарыстыцы Савіцкага»: «...За перыяд з лістапада 1942 па ліпень 1943 года ў партызанскім атрадзе «Смерць фашызму» таварыш Савіцкі мае на сваім баявым рахунку: пушчаных пад адхон варожых эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай — чатыры эшалоны, падарваныя на процітанкавых мінах — тры варожыя аўтамашыны з жывой сілай; таварыш Савіцкі асабіста падарваў 5 шашэйных мастоў і 2 чыгуначныя масты на лініі Полацк — Маладзечна, ім было знішчана 27 нямецкіх салдат і афіцэраў».

Праўда, за гэтымі немалымі лічбамі хаваецца боль і горыч, якія выліліся ў тры сур'ёзныя раненні юнага змагара. Толькі Алесь Ануфрыевіч гаварыць пра гэта не любіць. У яго на гэты конт свой адказ: «На родную зямлю прыйшоў чужынец, прыйшоў захопнік. І трэба было выбіраць: альбо браць у рукі зброю, ведаючы, што за гэта будзе, альбо скарыцца і працаваць на акупанта. Мужнасць нараджалася з любові да роднага краю і жывілася мастацкім словам».

За свае подзвігі ў партызанах і на франтах Вялікай Айчыннай Алесь Савіцкі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны І і ІІ ступені. Ужо ў мірны час ён удастоены «Знака Пашаны» і ордэна Францыска Скарыны, стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

«Але самай вялікай узнагародай мне сталася тое, што я жывы і здаровы дайшоў да Берліна, распісаўся на сцяне рэйхстага, — не раз прызнаваўся Алесь Ануфрыевіч. — Хаця баі былі страшныя, жорсткія, і я нават не ведаю, як я ўцалеў у гэтым вогненным віхуры. Часам нават думаю пра тое, што, можа, там, наверсе, той, хто распараджаецца людскімі жыццямі, паглядзеў на ўсё і вырашыў: няхай вось і гэты застаецца жыць, хай стане пісьменнікам і раскажа пра ўсё наступным пакаленням, каб ведалі, што такое вайна».

І ён ім стаў... І расказаў... А што мог расказаць чалавек, які прайшоў усю вайну? Безумоўна, толькі праўду. Яго творы — гімн Радзіме, мужнасці, народу, які змагаўся за родную зямлю. Яго кнігі — споведзь франтавіка аб перажытым, убачаным, своеасаблівы погляд на жыццё. Яго словы—скарбонка патрыятызму, любові да Бацькаўшчыны, зварот да маладога пакалення. Як ён сам лічыць, літаратура — настолькі сур'ёзная справа, што яна патрабуе ад таго, хто ўзяўся за гэты занятак, усяго сябе, з найвышэйшым напружаннем думак, пачуццяў, душы, сэрца.

Такіх, як Алесь Савіцкі, у нашай літаратуры няшмат. Больш за тое, нямнога такіх і ў жыцці. Чалавек-патрыёт, чалавек-працаўнік, чалавек-мастак слова... Проста Чалавек з вялікай літары.

...На жаль, я з ім пазнаёмілася зусім нядаўна. Ён з цеплынёй сустрэў мяне ў сваёй кватэры, каб для будучага інтэрв'ю падарыць «Вобаль» — кнігу, якая ўбачыла свет ужо другі раз. За тыя паўгадзіны, што мы пагутарылі раней, я ўбачыла ў ім чалавека вялікай жыццёвай мудрасці, неабыякавага грамадзяніна сваёй краіны, змагара з несправядлівасцю і сапраўднага патрыёта. Калі Алесь Ануфрыевіч уручыў мне кнігу, яго хвалявала тое, як раман адгукнецца ў сэрцах сённяшняй моладзі.

Не магу гаварыць за ўсіх, скажу за сябе. На маёй прыложкавай тумбачцы даўно не было кнігі ў такім выглядзе, як мы прывыклі яе бачыць: усё часцей вочы «сябруюць» з электроннымі носьбітамі. «Вобаль» ляжыць там ужо амаль месяц: люблю расцягваць асалоду ад чытання. Але не пра гэта. Такой адкрытасці, праўдзівасці, эмацыянальнага напружання я даўно не сустракала. Кніга быццам пераносіць цябе ў тыя падзеі, і ты адчуваеш усю трагедыю тых людзей, захапляешся мужнасцю тагачаснай моладасці. І думаеш пра аўтара, які быў там, які змагаўся з ворагам...

І кожны раз задумваешся: а што б ты рабіла на іх месцы? І трэба сказаць, што, напэўна, тое ж, асабліва прачытаўшы раман, які напоўнены любоўю да Радзімы і пачуццём самаахвярнасці дзеля яе народа.

Таму дзякуй вам, Алесь Ануфрыевіч, за вашу творчасць, за вашы шчырыя словы, за вашу праўду! А калектыў выдавецкага дома «Звязда» ад усяго сэрца віншуе вас з юбілеем! Зычым вам моцнага здароўя, плёну ў творчасці, міру і цяпла ў вашым доме! Няхай кожны ваш дзень будзе напоўнены ўсмешкамі! Жывіце як мага даўжэй і працягвайце радаваць нас новымі творамі!

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.