Сёлета міжнародны конкурс песні будзе праходзіць амаль адначасова з чэмпіянатам свету па хакеі. Менавіта таму відэавізітоўку, якая прадставіць еўрапейскім гледачам беларускага ўдзельніка Тэа і нашу краіну наогул, каманда тэлевізійнікаў з Даніі здымала на лядовай пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны».
Дзеля прэзентацыі, якая будзе доўжыцца ў эфіры ўсяго 40 секунд, Юрый Вашчук разам з юніёрамі хакейнага клуба «Юнацтва-Мінск» амаль паўсутак правёў на каньках і рэжысіраваў «танцы» з удзелам машын для ачысткі лёду. Таксама, прызнаецца артыст, спатрэбілася закупіць некалькі соцень шайбаў. Улічваючы, што галоўная ідэя сёлетніх візітовак — каб кожны артыст уласнаручна зрабіў сцяг сваёй краіны, відаць, менавіта з шайбаў спявак і выкладваў сімвалічны малюнак... Зрэшты, ці так гэта насамрэч, мы дазнаемся толькі 8 мая, непасрэдна перад выхадам прадстаўніка Беларусі на конкурсную сцэну ў Капенгагене.
Дапрацаваў артыст і сваю кампазіцыю «Cheesecake» — так, па просьбе арганізатараў словазлучэнне «Google maps», якое прадзюсары палічылі рэкламай, было заменена на нейтральнае «all the maps». А днямі адбыўся запіс незвычайнай кавер-версіі песні, якую Юрый Вашчук выканаў на беларускай і англійскай мове разам з бабулькамі — удзельніцамі фальклорнага калектыву «Павалякі» з Любанскага раёна (Пазнаёміцца з вынікам гэтага супрацоўніцтва можна, напрыклад, на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by — Аўт.
). Дарэчы, мяркуецца, што на прома-дыск, які будзе падрыхтаваны да конкурсу, трапяць яшчэ некалькі кавер-версій «Cheesecake».
За некалькі гадзін да надыходу вясны адбылося кулінарна-артыстычнае шоу Cheesecake party. Падчас яго шэф-повар сталічнага казіно «Вікторыя» Аляксандр Жылінскі і спявак Тэа частавалі гасцей гіганцкім «еўравізійным» чызкейкам.
На прыгатаванне ласунку, дыяметр якога склаў 2,1 метра, спатрэбілася звыш 20 кг пячэння і сыру маскарпоне, 24 кг свежых клубніц, 8 кг масла, 6 кг цукровай пудры і 4 літры рому. «Мы спадзяваліся, што клубніцы Юра прывязе з Кобрына, але пакуль што не сезон, давялося скупіць усе запасы ў мінскіх супермаркетах», — жартавалі арганізатары вечарынкі. Працэс падрыхтоўкі, выпечкі і афармлення дэсерту заняў больш чым двое сутак — 50 гадзін, а вось на тое, каб ад тварожнага пірага засталася толькі палова, спатрэбілася ўсяго некалькі гадзін. Праўда, да сусветнага рэкорду, усталяванага летась у ЗША, беларускаму аналагу далёка — той чызкейк быў на 20 см большым у дыяметры і важыў больш як 3 тоны.
І ўсё адно з'есці ўвесь пачастунак госці не змаглі. Дый не вельмі стараліся — па-першае, артысты мусяць захоўваць добрую фізічную форму, а па-другое, на вечарынку яны прыйшлі ўсё ж дзеля падтрымкі нашага дэлегата на «Еўрабачанні». Першая беларуская ўдзельніца дзіцячага «Еўрабачання» Вольга Сацюк, Настасся Ціхановіч, гурт Aura, Дарыя, Аляксей Грос, Іван Буслай, Наталля Тамела, гурт Napolі, Swіtter boys, Жанет — усе зычылі Юрыю Вашчуку ўдалага выступлення ў Капенгагене і як мага больш «дванаццатак» ад гледачоў і журы з іншых краін. Чакалася, што сімвалічную эстафету Вашчуку перадасць леташняя беларуская ўдзельніца Алена Ланская, але спявачка ў гэты час выступала на іншым канцэрце. Затое выказала словы падтрымкі беларускаму артысту яшчэ адна колішняя ўдзельніца «Еўрабачання» — Юлія Волкава (расійскі гурт «ТаТу»), параіўшы толькі зрабіць харэаграфію нумара больш жвавай.
Зразумела, прагучаў і галоўны хіт гэтай вясны, уласна конкурсная песня Тэа. Праўда, ці то з-за хвалявання, ці то па звычцы спявак выканаў не абноўленую версію, а «неадцэнзураную», з тымі самымі радкамі пра «Гугл мэпс». «Нічога, да выступлення ў Даніі яшчэ ёсць два месяцы, я вывучу правільны тэкст», — паабяцаў артыст.
Нагадаем, «Еўрабачанне-2014» пройдзе ў сталіцы Даніі з 6 па 10 мая. Удзел у ім бяруць прадстаўнікі 37 краін, а тэлевізійная аўдыторыя конкурсу ацэньваецца не менш чым у 100 мільёнаў гледачоў па ўсім свеце.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.