Навукоўцы і краязнаўцы запланавалі ажыццявіць экспедыцыю па даследаванні рэчышча Заходняй Дзвіны, перад тым як вада назаўсёды схавае ўнікальныя краявіды
Вядома, што ў выніку запуску каскада ГЭС на адной з самых галоўных рэк не толькі Беларусі, але і Еўропы рэчышча назаўсёды зменіцца. Удзельнікі экспедыцыі гатовы супаставіць гістарычныя і геаграфічныя звесткі, зрабіць фота- і відэаздымку значных прыродных і гістарычных аб'ектаў, ажыццявіўшы адначасова іх дакладную геаграфічную прывязку. Гэта дасць унікальную магчымасць сабраць найбагацейшы матэрыял краязнаўчага характару і захаваць для будучых пакаленняў сучаснае аблічча Заходняй Дзвіны. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з адным з аўтараў ідэі правядзення экспедыцыі Дзянісам Юрчаком, намеснікам дэкана гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя
П.М. Машэрава.
— Дзяніс Валер'евіч, перад нашай сустрэчай вы гаварылі пра тое, што падчас экспедыцыі група аднадумцаў паспрабуе працягнуць справу вядомага далёка за межамі Віцебшчыны краязнаўцы Аляксея Сапунова...
— Рабочая назва будучай экспедыцыі — «Дзвіна А. П. Сапунова». Сам Аляксей Парфенавіч Сапуноў вядомы як летапісец Віцебшчыны. У сваім унікальным даследаванні «Рака Заходняя Дзвіна» Сапуноў разгледзеў ролю ракі ў гісторыі Віцебшчыны і іншых рэгіёнаў, размешчаных уздоўж яе берагоў, прывёў падрабязнае апісанне вытоку і шматлікіх прытокаў, змясціў геалагічны нарыс берагоў Дзвіны, вывучыў развіццё суднаходства на рацэ, спецыфіку рыбнай лоўлі. Асаблівую ўвагу аўтар надаваў падрабязнаму апісанню самой ракі: яе шырыні і глыбіні, хуткасці плыні. У дэталях апісваюцца парогі, мелі, выспы і буйныя валуны ў рэчышчы ракі. Такая інфармацыя ўнікальная сама па сабе і дае нам магчымасць у дэталях уявіць, як выглядала Заходняя Дзвіна больш як 100 гадоў таму.
— Аднак з цягам часу аблічча апісанай Сапуновым Дзвіны істотна змянілася.
— Абумоўлена гэта як прыродным фактарам: змяненнем фарватару, размываннем выспаў, падмываннем берагоў і г.д., так і антрапагенным. Варта прызнаць, што ў першую чаргу менавіта дзейнасць чалавека прывяла да змены аблічча берагоў. Ачыстка рэчышча ракі для суднаходства аказвала ўплыў на размяшчэнне фарватару і г.д.
Змянялася Дзвіна і па прычыне развіцця гідраэнергетыкі. Будаўніцтва ў Латвіі каскада ГЭС (Плявінская, Рыжская, Кегумская) прывяло да таго, што першародную раку мы цяпер можам толькі ўяўляць дзякуючы старым фотаздымкам і кнізе Аляксея Сапунова.
На жаль, такі ж лёс можа чакаць і беларускі ўчастак ракі (328 з 1020 кіламетраў. — Аўт.). Гэта звязана з планамі актыўна развіваць гідраэлектраэнергетыку ў нашай краіне, што дазволіла б павялічыць долю таннай электраэнергіі ў агульным аб'ёме гадавога спажывання. У прыватнасці, на рацэ Заходняя Дзвіна прадугледжваецца стварэнне каскаду з чатырох ГЭС: Бешанковіцкай, Віцебскай, Полацкай і Верхнядзвінскай. На першым этапе будзе ўзведзена Полацкая ГЭС — яе плануюць здаць у эксплуатацыю ўжо ў 2015 годзе, а Віцебскую — у 2017 годзе.
— Але ж нельга не пагадзіцца з тым, што прагрэс не спыніць. А адмовіцца ад танных крыніц электраэнергіі ва ўмовах пастаяннага ўзрастання патрэб таксама нельга.
— Згодзен. Таму цяпер трэба думаць пра тое, што праз некалькі гадоў мы назаўжды страцім першароднае рэчышча Заходняй Дзвіны, вакол якой стагоддзямі цякло мернае жыццё нашых продкаў. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць максімальна сабраць інфармацыю аб тым абліччы ракі, якое неўзабаве знікне. У першую чаргу, варта звярнуць асаблівую ўвагу на магчымасці фота- і відэафіксацыі берагоў ракі, валуноў і водмеляў, выспаў і ўнікальных для Беларусі парогаў, вядомых яшчэ з глыбокай старажытнасці сваім суровым норавам. Яны пасля павышэння ўзроўню вады і стварэння вадасховішчаў, згодна з заяўленым планам будаўніцтва, апынуцца на дне ракі... Таксама трэба вывучыць тыя месцы, дзе калісьці маглі быць размешчаны прыстані і пераправы. Тут, дарэчы, можна весці гаворку аб неабходнасці комплекснай працы прафесійных дайвераў і археолагаў.
— Што можа стаць вынікам такога падарожжа?
— Я шчыра ўпэўнены, што экспедыцыю неабходна абавязкова арганізаваць для захавання аблічча ракі для нашчадкаў. Пажадана, каб у экспедыцыі ўзялі ўдзел спецыялісты розных сфер: гісторыкі, біёлагі, прафесійныя фатографы, дайверы, аператары і гэтак далей. Вынікам магло б стаць стварэнне электроннага архіва матэрыялаў, які ўключае ў сябе тэкставую інфармацыю, фотаздымкі, відэаматэрыялы. На іх аснове ў перспектыве можна было б падрыхтаваць новыя геаграфічныя апісанні ракі, выдаць шэраг ілюстраваных альбомаў па Заходняй Дзвіне, падрыхтаваць відэафільм або цыкл перадач аб галоўнай воднай артэрыі Віцебшчыны. Акрамя таго, для папулярызацыі атрыманай інфармацыі можна было б шырока выкарыстоўваць інтэрнэт з дапамогай стварэння тэматычных сайтаў (напрыклад, віртуальнага музея Дзвіны) і груп у сацыяльных сетках, дзе таксама можа быць размешчана адпаведная інфармацыя.
— Напэўна, задуманая вамі і вашымі аднадумцамі ўнікальная экспедыцыя — вельмі дарагое, так бы мовіць, «задавальненне»?
— Галоўнай праблемай для арганізацыі такой экспедыцыі з'яўляецца фінансаванне. Было б добра, калі б знайшоўся спонсар, зацікаўлены ў праекце, тым больш што для яго гэта магло б стаць добрай піяр-акцыяй рэспубліканскага ўзроўню. Патрэбна не так ужо і шмат грошай, як гэта можа здацца на першы погляд. У першую чаргу, для даследавання ракі неабходна наяўнасць адпаведных плавальных сродкаў (прасцей арандаваных), а таксама выратавальнай амуніцыі і тэхнікі для фота- і відэафіксацыі. Вядома, падчас экспедыцыі могуць быць выкарыстаны відэакамеры, фотаапараты і нават лодкі саміх ўдзельнікаў экспедыцыі. Але варта ўлічваць, што далёка не ва ўсіх яны ёсць. Таму на падставе толькі адной грамадскай ініцыятывы разгарнуць падобны праект будзе вельмі складана. Аплату працы удзельнікаў экспедыцыі ніхто не патрабуе, хаця не перашкодзіла б наняць прафесійных аператараў, бо сярод добраахвотнікаў такіх няма. Яшчэ мінулым летам мы разглядзелі магчымасць сплаву разам з вядомым віцебскім краязнаўцам Міколам Піваварам. На шчасце, дзве лодкі «Уфімка» і байдарку мы знайшлі, гатовы былі плыць удвух, але па суб'ектыўных прычынах плаванне прыйшлося перанесці.
— А якія яшчэ складанасці могуць узнікнуць падчас падрыхтоўкі да экспедыцыі?
— Другой праблемай пры арганізацыі экспедыцыі можа стаць час. У першую чаргу, гэта тычыцца ўчастка затаплення ў раёне стварэння вадасховішча Полацкай ГЭС, увядзенне ў эксплуатацыю якой плануецца ў 2015 годзе. Таму на даследаванне ўчастка ад Віцебска да вёскі Лучна пад Полацкам, дзе і вядзецца будаўніцтва станцыі, застаецца не так шмат часу. А, улічваючы тое, што экспедыцыя можа быць арганізавана толькі па нізкай вадзе, калі ўсе парогі, водмелі, валуны і выспы не затоплены вадой, прайсці на гэтым участку Дзвіны магчыма толькі летам бягучага ці 2015 года, але пры спрыяльных прыродных умовах. Калі ж надвор'е не дазволіць гэтага зрабіць і вады будзе больш за мінімальны гадавы ўзровень, прыйдзецца задавольвацца толькі той магчымасцю па зборы матэрыялаў, якая будзе існаваць.
Што ж тычыцца Віцебскай ГЭС, то тут у распараджэнні ёсць значна больш часу — для даследавання ўчастка ракі ад расійскага Вяліжа да беларускага прыгарада Віцебска — пасёлка Лужасна. Але лепш было б правесці такую экспедыцыю за адзін год — на ўсім беларускім участку, а астатні час выкарыстоўваць для апрацоўкі і папулярызацыі атрыманай інфармацыі.
— З чаго, на ваш погляд, трэба пачынаць падрыхтоўку да экспедыцыі?
— Падрыхтоўка экспедыцыі павінна пачынацца з уважлівага вывучэння даследавання Сапунова і паэтапнага прывязвання наяўнай гісторыка-геаграфічнай інфармацыі да сучасных картаў. У выніку ўдзельнікі экспедыцыі будуць мець магчымасць выразна ўяўляць, што іх чакае на тым ці іншым участку ракі.
Асновай для перапрацоўкі інфармацыі могуць стаць здымкі рэчышча ракі, выкананыя з космасу і размешчаныя ў пошукавых інтэрнэт-сістэмах. Аналіз якасці ўжо размешчаных у інтэрнэце спадарожнікавых фотаздымкаў на ўчастку вышэй Віцебска паказвае, што ўсе яны выкананы летам, калі выдатна праглядваюцца ўсе выспы, водмелі, парогі — тыя аб'екты, якія знікнуць у сувязі з будаўніцтвам ГЭС. Але варта ўлічваць, што не ўсе ўчасткі ракі могуць быць прадстаўлены ў аднолькавай якасці ў розных вышуковых сістэмах. Таму мэтазгодна выкарыстоўваць адначасова некалькі варыянтаў спадарожнікавых здымкаў. Гэта дазволіць ужо сёння зрабіць унікальны праект «Машына часу» на сайце «Віцебская энцыклапедыя». Магчыма сумясціць розныя карты, уключаючы гістарычныя, у наваколлі Віцебска і пераключацца з адной на другую карты і іншыя выявы адным клікам мышкі...
Пакуль у нас ёсць час для ажыццяўлення гэтага, не пабаюся заявіць на ўсю краіну, сацыяльна значнага і ўнікальнага праекта. Наколькі ён рэальны на практыцы, мы атрымаем магчымасць убачыць у найбліжэйшай будучыні.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.