У Магілёве супрацоўнікі аблвыканкама і Беларуска-расійскага ўніверсітэта распрацавалі інвестыцыйную інтэрнэт-карту.
Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Яўген Якімаў.
Сайт «ІnvestMogіlev.by» уяўляе сабой карту Магілёўшчыны, на якой па кожным раёне вобласці ёсць інфармацыя аб дэмаграфічным становішчы, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, прадпрымальніцтве. Тут жа на сайце ёсць пералік праектаў і свабодных участкаў для прадастаўлення пад інвестыцыйныя дагаворы і спіс нявыкарыстаных будынкаў. Звесткі аб свабодных участках змяшчаюць інфармацыю аб іх месцазнаходжанне, памерах, кошце, суседстве з іншымі аб'ектамі, аб наяўнасці інфраструктуры. Ёсць магчымасць праз спадарожнікавыя здымкі вывучыць мясцовасць, на якой размешчана інвестпляцоўка, у тым ліку стан дарог да яе і колькасць населеных пунктаў. Патэнцыйны інвестар мае магчымасць выбраць самы выгадны для сябе варыянт і пакінуць заяўку.
Пакуль рэсурс працуе ў тэставым рэжыме: папаўняецца інфармацыяй аб участках і аб'ектах. Плануецца, што ў поўную моц ён пачне працаваць восенню адразу на некалькіх мовах, у тым ліку і на англійскай.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.