Дзяды (у першую чаргу Восеньскія, або Змітроўскія, у католікаў — Дзень Задушны) — адно з галоўных дахрысціянскіх свят беларусаў, якое ў значнай ступені захавала сваю сімволіку і абраднасць, у тым ліку ў інтэрпрэтацыі абедзвюх асноўных хрысціянскіх канфесій. Бо і ў праваслаўі, і каталіцызме сувязям з духоўным светам нябожчыкаў-продкаў надаецца вялікая ўвага, толькі памяць гэтая больш персаніфікаваная і больш адпаведная дагматам кніжнай веры.
У гэты самы час, у канцы кастрычніка — на пачатку лістапада, здаўна было прынята ўшаноўваць памяць продкаў у большасці еўрапейскіх народаў. На жаль, сёння масавая культура навязвае амаль выключна англасаксонскі стандарт Хэлоўіна, у якім больш чорнага гумару і зухаватага выкліку духам цемры, чым павагі да нябожчыкаў. Дзіўна, але заморскія вусцішныя маскі з гарбузоў і розная «трупная» атрыбутыка пасля заняпаду «худсаветаў» былі прыняты народам у нас значна лепш, чым свае ўласныя традыцыі таго самага свята. Але мы не збіваемся з тэмы, размаўляем толькі пра свае Дзяды — дакладней, пра іх кулінарныя традыцыі.
Вячэра пачыналася з сімвалічнага запрашэння «дзядоў» на супольную трапезу. У розных мясцінах гэта рабілася па-свойму, але часцей за ўсё прыкладна так: уся сям'я малілася перад абразамі, а потым самы старэйшы ў родзе прамаўляў заклінанне-запрашэнне. Напрыклад, такое:
«Святыя дзяды, просім вас
Хадзіце, ляціце да нас,
Есці і піці што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата...»
Тады адчынялі дзверы ў хату, часам вокны, брамку на двор і гэтак далей, каб дзяды свабодна маглі зайсці ў хату на вячэру. Кожны ўдзельнік, пачынаючы ад гаспадара або старэйшага ў родзе, зачэрпнуўшы першую лыжку стравы, выліваў яе на стол, для «дзядоў», або ў спецыяльную місу «для дзядоў». Затым тое самае рабіла гаспадыня, а потым, па чарзе, — усе астатнія. Або, як варыянт, пасля кожнага зачэрпвання і глытка клалі лыжку на стол, каб яна паляжала нейкі час, і тады ўжо чэрпалі наступным разам і гэтак далей. Лічылася, што ў прамежках лыжкай карыстаюцца «дзяды».
Старэйшы ў родзе адыгрываў важную ролю ў цырымоніі з той відавочнай прычыны, што ён быў першым кандыдатам на далучэнне да свету «дзядоў». Ён жа павінен быў і першым уставаць з-за стала па заканчэнні вячэры. Калі ж гэта па непаслухмянасці рабіў нехта іншы, яму пагражала хуткая смерць, на працягу наступнага года, і пакуты на тым свеце. У гэтым і заключаецца сэнс прыказкі: «Не лезь папярод бацькі ў пекла».
Колькасць страў на стале вагалася ад 5 да 15, але была заўжды няцотнай, што сімвалізавала семантыку «таго» свету, свету нябожчыкаў. Але каб не пашкодзіць жывым, якіх ахоўвае сімволіка цотнасці, парнасці, кожную з гэтых страў выстаўлялі на стол на 2 талерках, такім чынам дасціпна дагаджаючы і мёртвым, і жывым.
Цалкам уніфікаванага ўяўлення пра меню Дзядоў не існавала — усё залежала ад мясцовасці, ад сацыяльнага статусу сям'і і іншых фактараў. Хаця некаторыя стравы яўна выдзяляліся як найбольш папулярныя. У першую чаргу, гэта была куцця — універсальны сродак камунікацыі са светам памерлых на любое свята, а таксама «канун» і бліны.
Куццю варылі з прасяных, ячных, грэцкіх або рысавых круп, але абавязкова саладзілі — мёдам, разынкамі, цукрам. «Канун» мог выглядаць па-рознаму ў той ці іншай мясцовасці, але найчасцей для яго прыгатавання ў падсалоджаную цукрам або мёдам ваду крышылі хлеб ці нейкі іншы мучны выраб — напрыклад, абаранкі.
Бліны былі важнай рытуальнай стравай на многіх гадавых святах, і на Дзядах яны адыгрывалі важную ролю. І не толькі як уласна ежа. Напрыклад, на Міншчыне на пачатку памінальнай трапезы гаспадар браў у адну руку свечку, загарнуўшы яе ў блін, а ў другую — булку хлеба і абносіў іх тры разы вакол пастаўленай на стале варанай свіной галавы, памінаючы ўголас па імёнах не толькі ўсіх памерлых родных і блізкіх, але нават і ўсіх значных землякоў, якіх памяталі ў ваколіцах, запрашаючы іх словамі: «Прыбывайце к сталу!». Часта ўсе стравы елі з блінамі замест хлеба. На Магілёўшчыне першы спечаны блін на Дзяды гаспадыні рвалі на часткі і клалі на вокны «для дзядоў». Пастухі, з якімі было прынята разлічвацца за гадавую працу акурат на Дзяды, загадзя ведаючы пра гэта, выпраўляліся па вёсцы і, спыняючыся пад вокнамі кожнага дома, пыталіся: «Гэй, гаспадыня! Ці пякла бліны? Прыслалі дзяды па бліны, свінкі — па саланінкі, авечкі — па яечкі, баранкі — па соль, а кароўкі — па сыр». І трэба было вынесці пастухам усё тое, што яны прасілі. У тых сем'ях, дзе часта паміралі дзеці, для малых нябожчыкаў пяклі аладкі, каб праз такое магічнае дзеянне захаваць жывымі астатніх.
Вараная свіная галава часта прысутнічала на «дзядоўскім» стале пераважна на ўсходзе Беларусі. Яе наяўнасць на стале і спецыяльныя рытуальныя дзеянні вакол — гэта водгук вельмі далёкай даўніны, культурны рэлікт таго часу, калі кожная значная падзея ў жыцці роду і племені суправаджалася ахвярапрынашэннем татэмнай жывёлы. На захадзе Беларусі, асабліва ў старакаталіцкіх раёнах, замест свінні на Дзяды было прынята рэзаць барана. Тады на стале выстаўлялася барановая галава, у крайнім выпадку, калі сям'я была беднай, — галава пеўня.
Даволі часта на стале прысутнічалі клёцкі — мучныя, а бліжэй да нашых часоў — таксама і бульбяныя, якія ўвогуле лічыліся абавязковай стравай на памінках. Нават выраз «запрасіць на клёцкі» азначаў «запрасіць на памінкі». У прыватнасці, гатавалі «клёцкі з душамі», што значыць з запечаным у цесце мясам або шкваркамі, або тое, што сёння прынята называць цэпелінамі. У гэтай назве сувязь са светам нябожчыкаў відаць яскрава.
Апроч гэтых галоўных, на Дзяды гатавалі самыя разнастайныя стравы, амаль усё, што толькі ўмелі гатаваць у кожнай канкрэтнай сям'і: усялякія поліўкі (рыбныя, мясныя, крывяныя), кісялі (журавінныя і аўсяныя), грыбны квас, верашчаку, сырніцу, перапечкі з каноплямі, саладуху, аўсяныя талокны, пернікі, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі і іншае. Абавязкова — мясныя стравы з тых самых свінні або барана, чыя галава аздабляла стол. Лічылася, што гаспадароў, якія пашкадуюць зарэзаць іх на Дзяды, на працягу года чакае кара продкаў — за хцівасць.
Пасля вячэры рэшткі страў пакідалі да наступнай раніцы, бо верылі, што дзяды, душы продкаў, прыйдуць ноччу і будуць вячэраць. Назаўтра ежа, якая засталася, раздавалася жабракам, сіротам, пастухам, а аб'едкі — птушкам, жывёлам.
Напрыканцы на свечку не дзьмуць — яе патрэбна перавярнуць, каб сама пагасла, або патушыць пальцамі. Затым прагаворваюцца такія словы:
Святыя дзяды!
Елі і пілі, ідзіце да сябе!
Не грэбавалі адзначаць мужыцкае свята дзядоў і паны, шляхта. Беларускі пісьменнік Альгерд Абуховіч, нашчадак італьянскіх графаў Бандынэлі, так прыгадваў парыжскую эмігранцкую вячэру каля 1860 года: «Было гэта ў Францыі, дзе паміж маладзёжы я адзін быў з Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі печаныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку — добра запраўленае le vіn chaud».
Ну і, вядома, нельга не прыгадаць славутую паэму «Дзяды» Адама Міцкевіча, у якой душы памерлых дзяцей, якім усяго даставала ў зямным жыцці, калі пытаюцца, якой жа стравай пачаставаць іх на святочнай вячэры, просяць, каб на стале, дзеля іх, было некалькі каліўцаў гарчыцы: хто не зведаў горычы ў зямным жыцці, не будзе мець спакою ў небе...
Бліны жытнія
(рэцэпт Марыяны Амровіч, Моладава, Пінскі павет)
Складнікі: 2 шклянкі жытняй мукі, 3/4 шклянкі пшанічнай мукі, 40 г дражджэй, 1 шклянка малака, 1 лыжачка цукру, 2 яйкі, падзеленыя, дробка солі, тлушч для смажання.
Спосаб прыгатавання: жытнюю муку добра перамяшаць з пшанічнай. У асобнай місе раскрышыць дрожджы, заліць шклянкай цёплага малака, дадаць лыжачку цукру і пакінуць рошчыну да моманту, пакуль вадкасць не пачне брадзіць. 2 жаўткі размяшаць са шклянкай смятаны, а бялкі збіць у густую пену. У муку ўліць смятану з жаўткамі, перамяшаць, дадаць дробку солі, рошчыну і пакінуць у цёплым месцы на 30 хвілін. Перад самым смажэннем дадаць пену з бялкоў і старанна перамяшаць. Праверыць кансістэнцыю цеста (павінна быць блізкай да густой смятаны) і ў залежнасці ад выніку дадаць крыху або малака, або пшанічнай мукі. Смажыць на моцна разагрэтай і з дадаваннем алею патэльні. Падаваць са смятанай, таплёным маслам або іншым мачаннем.
Кухмістр Верашчака
Чытайце яшчэ:
Марцін святы — згубіцель гагаты
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.