Дуэт спевака Юзары і скрыпачкі Маймуны, які прадстаўляе сёлета нашу краіну ў 60-м міжнародным песенным конкурсе «Еўрабачанне», завяршае працу над абноўленай версіяй сваёй песні «Tіme». Ацаніць яе гучанне прыхільнікі змогуць ужо 25 лютага на сцэне сталічнага Палаца спорту падчас урачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў адкрытага конкурсу «Трыумф. Героям спорту 2014» або ўвечары гэтага ж дня — у тэлеверсіі шоу на каналах «Беларусь 1» і «Беларусь 24».
Тым часам засталося менш за месяц да афіцыйнай сустрэчы кіраўнікоў краін-удзельніц «Еўрабачання» ў Вене — ужо 16 сакавіка беларусы, таксама як астатнія 39 краін, павінны перадаць арганізатарам поўны пакет матэрыялаў, неабходны для ўдзелу нашых артыстаў у конкурсе. Таму на здымкі кліпа, распрацоўку сцэнічнага кліпа, падбор касцюмаў і іншыя важныя рэчы ў артыстаў засталося зусім няшмат часу, тым больш надалей графік падрыхтоўкі будзе рабіцца ўсё больш шчыльным.
Як паведамілі прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, 18 красавіка дуэт возьме ўдзел у адмысловым «Канцэрце Еўрабачання» ў Амстэрдаме, што ладзіцца сёлета ў гонар юбілею конкурсу. У сталіцы Нідэрландаў сустрэнуцца практычна ўсе ўдзельнікі будучага песеннага шоу, таму вечарынка афіцыйна стане самай вялікай і значнай промападзеяй напярэдадні конкурсу і добрай магчымасцю расказаць пра сябе больш падрабязна замежным гледачам. За падзеяй абяцае пільна сачыць — і распавесці ў падрабязнасцях нават глыбока закулісныя моманты — і здымачная група Агенцтва тэленавінаў.
Што да самога шоу, то літаральна днямі стала вядома, што апошняя частка білетаў на генеральныя прагоны, паўфіналы і фінал «Еўрабачання-2015» трапіць у адкрыты продаж 27 лютага. Арганізатары прапануюць прыхільнікам конкурсу паклапаціцца пра квіткі загадзя, бо надалей білетаў можа ўжо не застацца альбо набыць іх можна будзе толькі па значна вышэйшых коштах у спекулянтаў. Нагадаем, сёлетняе юбілейнае шоу, што адбудзецца ў аўстрыйскай сталіцы з 19 па 23 мая пад дэвізам «Наводзячы масты», абяцае стаць надзвычай маштабным і ўпершыню афіцыйна перасягне межы Еўропы — да ўдзелу запрошаны прадстаўнікі Аўстраліі. Беларускаму ж дуэту выпала выступаць у другой частцы першага паўфіналу, 19 мая. Канчатковае размеркаванне ўдзельнікаў па чарговасці выступлення адбудзецца, як чакаецца, у сакавіку.
Дарэчы, да 60-годдзя конкурсу Еўрапейскі вяшчальны саюз стварыў спецыяльны сайт
http://60th.eurovіsіon.tv, на якім расказана, чым быў адметны кожны дзясятак гадоў з гісторыі конкурсу, змешчаны рэдкія фотаздымкі і пералічаны самыя захапляльныя моманты, пачынаючы з перамогі ў 1956-м швейцаркі Ліз Асія да леташняга скандальнага трыумфу прадстаўніцы Аўстрыі Канчыты Вурст.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?