Вы тут

Кошт валют стане больш зразумелым


А за прадухіленнем спекуляцый павінен сачыць Нацбанк.

Як ужо паведамлялася, у сувязі з удасканаленнем механізмаў рэалізацыі грашова-крэдытнай палітыкі і функцыянавання ўнутранага валютнага рынку з 1 чэрвеня на таргах замежнымі валютамі, якія арганізуюцца Беларускай валютна-фондавай біржай, перайшлі ад рэжыму фіксінгу да рэжыму бесперапыннага двайнога аўкцыёну. Расійскі эксперт кажа, што гэта пойдзе на карысць беларускай фінансавай сістэме. Абавязак па мінімуму Бесперапынны двайны аўкцыён — гэта форма біржавых таргоў, заснаваная на канкурыраванні заявак на куплю і продаж замежнай валюты. Пры гэтым заяўкі аўтаматычна задавальняюцца ў той момант, калі з'яўляюцца дзве сустрэчныя заяўкі з цэнавымі ўмовамі, якія перасякаюцца (цана куплі супадае з цаной продажу). Таргі на нашай біржы адбываюцца ў два этапы — асноўная сесія і закрыццё сесіі. Падчас першай часткі таргоў вызначаецца сярэднеўзважаны курс, прычым мінімальны. Ён фарміруецца па нейкай спецыяльнай формуле. На закрыцці адбываецца абавязковы продаж валютнай выручкі прадпрыемствамі-экспарцёрамі. Ці існуюць з-за гэтага рызыкі спекуляцый: напрыклад, банкі правядуць здзелкі, пасля якіх усталюецца нізкі курс, а потым прадпрыемствы павінны будуць прадаваць валюту нявыгадна для іх? Эксперт кампаніі ААТ «Бізнес-Форэкс» Міхаіл Грачоў адказвае: — Ва ўсім свеце ў адкрытых эканоміках факт падобнай спекуляцыі катэгарычна караецца. Аднак тут можна пралічыць верагоднасць таго, калі буйныя гульцы (напрыклад, «Беларуськалій») павінны выходзіць на біржу з вялікімі аб'ёмамі выручкі. Гэта адназначныя і ўсім вядомыя даты. І нейкія «выбухі» цалкам верагодныя. А сярэднеўзважаны курс, наколькі я зразумеў з каментарыяў Беларускай валютна-фондавай біржы, фарміруецца па прынцыпе «японскай свечкі» (спецыяльны тэрмін рынку «Форэкс». — Аўт.). У яе ёсць чатыры ўзроўні — цана адкрыцця, цана закрыцця, максімальная і мінімальная цэны. Менавіта з гэтых паказчыкаў выводзіцца сярэдні курс для куплі валюты пры яе абавязковай здачы. Інтэрвенцыі не працуюць Сёння таргі на біржы цягнуцца 1 гадзіну 15 хвілін. У нашых суседзяў, у Расіі, таргі ідуць увесь дзень. Магчыма потым мы таксама будзем павялічваць гэты час? — А што ўдзельнікі там будуць рабіць болей? Глядзець адзін на аднаго? — адказвае пытаннем на пытанне Міхаіл Грачоў. — Гэтага часу проста хапае для невялікага беларускага рынку. Аб'ём у нас сёння вагаецца каля 100 здзелак. І ён у найбліжэйшы час не зменіцца. Дарэчы, невялікі аб'ём здзелак у першы дзень таргоў эксперты не ўспрымаюць як дрэнны паказчык. «Гэта эфект першага дня. Удзельнікі апрабавалі механізм. Пасля таго, як яны зразумелі, што сістэма працуе, з'явіліся рэальныя заяўкі», — сказаў Міхаіл Грачоў. Вельмі цікавіць пытанне валютных інтэрвенцый з боку Нацыянальнага банка. Расійскі эксперт пагадзіўся параўнаць магчымасці цэнтральных банкаў нашых краін: — Летась мы ўбачылі, што наш Цэнтрабанк не мае намеру выходзіць на рынак з вялікім аб'ёмам інтэрвенцый, — заявіў аналітык кампаніі «Тэлетрэйд» Міхаіл Паддубскі. — Усё роўна, нават расійскіх золатавалютных рэзерваў не хопіць для падтрымання курсу на адпаведным узроўні. У многім атрымалася пагасіць паніку дзякуючы адміністрацыйнаму рэсурсу. Не было прамога загаду экспарцёрам прадаваць валюту, але пэўныя рэкамендацыі з'яўляліся. Гэта спрацавала. Тым больш рынак праглыне ўсё — колькі ты яму ні прапаноўвай. Няправільна выдаткоўваць грошы менавіта такім чынам. Лепей прапанаваць ліквіднасць, якой не хапае ўдзельнікам, узамен нейкіх абавязацельстваў. Беларускі рубель — у «Форэкс»? Міхаіл Паддубскі адказаў яшчэ на некалькі пытанняў нашага выдання: — Ці можна пераход на двайны аўкцыён успрымаць як першы крок выхаду беларускага рубля на рынак «Форэкс»? — Пераход да сістэмы бесперапыннага двайнога аўкцыёну — ёсць той захад, які дазволіць павысіць прывабнасць у вачах патэнцый інвестараў. Гэта дае больш зразумелыя правілы гульні, пры якіх будзе вызначацца валютны курс. Для беларускай фінансавай сістэмы гэта на карысць. — Значыць, гэты курс больш аб'ектыўны? — Гэты курс фарміруецца са зразумелых фактараў. Таму ён больш зразумелы, прадыктаваны рыначнымі правіламі. Аднак казаць, што беларускі рубель ператворыцца з выключна рэгіянальнай валюты ў нейкі міжнародны плацежны сродак, безумоўна, пакуль рана. — Наколькі магчымая спекуляцыя? — Тэарэтычна магчымая, але для таго, каб сачыць за законнасцю, ёсць рэгулятар. Уладзіслаў КУЛЕЦКІ Каментарый у тэму Людміла Дабрыніна, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце і фінансах: — Выкарыстанне рыначных інструментаў важнае, безумоўна, і на валютным рынку. Адным з іх стаў новы падыход да фарміравання курсу. У людзей часта ўзнікаюць пытанні, якім чынам ён фарміруецца, наколькі гэты працэс празрысты. Пераход да новага рэжыму таргоў на біржы, так званая лібералізацыя валютнага рынку, дазволіць зрабіць фарміраванне курсу больш адкрытым. Заўважу, што істотных усплёскаў попыту і прапановы пасля новаўвядзення не адбылося. Гэта сведчыць аб тым, што пераход да новага рэжыму таргоў адбыўся сапраўды паспяхова і будзе рэалізоўвацца надалей. Прыклад прымянення рыначнага інструмента на валютным рынку паказвае, што трэба ўводзіць інавацыі і не баяцца іх. Дарэчы, Нацыянальны банк ужо выкарыстоўвае падобныя падыходы не толькі ў гэтай сферы. Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.