Вы тут

Кібаргі ўжо сярод нас


Калі мы гаворым пра кібаргаў, у свядомасці аўтаматычна ўсплываюць сцэны з навукова-фантастычных фільмаў кшталту «Тэрмінатара» ці «Рабакопа». Аднак у пэўным сэнсе яны існуюць ужо цяпер. Напрыклад, да гэтай катэгорыі можна аднесці людзей са стымулятарамі сэрца або вушнымі імплантатамі. У іх целах суіснуюць арганічныя, біямеханічныя і электронныя кампаненты. Калі ж гэта здаецца для вас занадта простым, прапануем вам даведацца пра людзей, у арганізмах якіх — куды больш прасунутыя тэхналагічныя прылады.

28-37

Джэры Джалава

Сутыкненне з аленем у прыгарадзе Хельсінкі ў маі 2008 года каштавала маладому праграмісту Джэры Джалаве пальца. Пасля падзення з матацыкла юнак быў дастаўлены ў шпіталь, дзе лекары не змаглі выратаваць безыменны палец на яго левай руцэ. Пасля аперацыі Джалава вырашыў яшчэ раз наведаць шпіталь, каб атрымаць пратэз. Урачы прапанавалі яму абсталяваць пратэз USB-накапляльнікам аб'ёмам у 2 Гб. Узрадаваны пацыент адразу пагадзіўся, асвоіў біянічны палец дома і паспяхова з ім працуе. Імплантаваны USB-накапляльнік скрыты пад пратэзам, які мацуецца да непашкоджанай часткі пальца. Калі Джэры трэба выкарыстоўваць сваю «флэшку», ён проста здымае яго і ўключае носьбіт у порт камп'ютара. Чытачы нямецкага выдання Dіe Welt упэўнены, што Джалаву можна з поўным правам называць першым у свеце кібаргам.

28-35

Цім Кэнан

Цім Кэнан называе сябе «біяхакерам» дзякуючы ўшытаму ў руку чыпу. Прылада (як відаць, досыць вялікая) абаронена плёнкай, абсталявана акумулятарам з бесправадной зарадкай. Асноўнае прызначэнне чыпа — збор біяметрычных звестак уладальніка. Ён атрымаў назву Cіrcadіa 1.0 і можа падключацца да любой Androіd-прылады для перадачы інфармацыі — сёння гэта паказчыкі тэмпературы носьбіта. Паводле слоў уладальніка «цуда-чыпа», адной з праблем было ўжывіць агрэгат — для гэтага ён скарыстаўся дапамогай прыяцеля, які не мае медыцынскай адукацыі. Распрацоўкай чыпа займалася кампанія Grіndhouse Wetware. На працягу некалькіх месяцаў плануецца пачаць выпуск такіх чыпаў па цане $500 (без кошту імплантацыі). Будучая мадэль зможа фіксаваць пульс уладальніка і стане меншай па памерах.

28-34

Роб Спенс

Канадскі рэжысёр Роб Спенс ва ўзросце 9 гадоў застаўся без правага вока пасля няўдалага стрэлу з ружжа. Ён вырашыў замяніць прымітыўны шкляны імлантат малюсенькай відэакамерай, якая працуе на батарэйках. На працягу многіх месяцаў над прататыпам працавала цэлая каманда інжынераў і навукоўцаў. Нарэшце, задумка была рэалізавана і ўжыўлена  Спенсу. Праект атрымаў назву Eyeborg Project («айбарг», як няцяжка здагадацца — камбінацыя англійскіх слоў «вока» і «кібарг»). Мініяцюрная прылада запісвае ўсё, што бачыць яго гаспадар для далейшага прайгравання. Сам Спенс не ў стане «бачыць» праз гэтую камеру, усе звесткі з яе перадаюцца на партатыўны камп'ютар, які служыць прыладай запісу. Рэжысёр разглядае сваё новае набыццё як выдатную магчымасць вывесці на высокі ўзровень дакументальныя і мастацкія відэаздымкі.

28-42

Оскар Пісторыус

Многія чулі гісторыю Оскара Пісторыуса, паўднёваафрыканца, бегуна на кароткія дыстанцыі, якому ампутавалі абедзве нагі ніжэй за калені яшчэ ў маленстве. Тым не менш ён вучыўся ў звычайнай школе і, больш за тое, актыўна займаўся такімі відамі спорту, як бег, рэгбі, тэніс, воднае пола і барацьба. На сваіх пратэзах ён стаў шасціразовым чэмпіёнам летніх Паралімпійскіх гульняў і сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету ў Тэгу ў эстафеце 4-400 метраў, таксама ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях у Лондане. Неўзабаве пасля заканчэння спаборніцтваў яго асудзілі за забойства сваёй дзяўчыны. Прычым Оскар застрэліў яе памылкова, прыняўшы за рабаўніка. Але гэта не выратавала яго ад пакарання. Пісторыус выкарыстоўвае створаныя з вугляроднага валакна пратэзы, выкананыя ў форме англійскай літары «J». Яны дазваляюць яму нармальна рухацца, нягледзячы на інваліднасць. Хоць Оскар і не можа служыць прыкладам для пераймання ва ўсім, але збольшага дзякуючы яго заслугам падобны від пратэзавання становіцца ўсё больш папулярным.

28-32

Ніл Харбісан

Ніл Харбісан можа «чуць» колер. Нарадзіўся ён з прыроджанай ахраматапсіяй — захворваннем, праз якое мог адрозніваць толькі адценні шэрага колеру. Навукоўцы імплантавалі ў яго мозг антэну, якая цяпер тырчыць з макушкі галавы. Гэты прыёмнік дазваляе Харбісану ўспрымаць адценні дзякуючы транспанаванню дыяпазону спектра з каляровых частот у гукавыя. Ён з'яўляецца першым чалавекам у свеце, які прайшоў праз падобную аперацыю. Па сцвярджэннях некаторых людзей, пасля з'яўлення яго фатаграфіі з антэнай у пашпарце ён таксама можа лічыцца першым афіцыйна прызнаным кібаргам у свеце. У 2010 годзе Харбісан заснаваў Cyborg Foundatіon — міжнародную арганізацыю, мэта якой — дапамагчы ўсім ахвотным людзям стаць кібаргамі. А яшчэ яго антэна здольна прымаць сігналы Bluetooth.

28-36

Камерон Клэп

Камерон страціў абедзве нагі і руку пры аварыі цягніка ў 2001 годзе, калі яму было 14 гадоў. Але, карыстаючыся пратэзамі, якія замянілі ўсе тры адсутныя канечнасці, ён змог стаць спартсменам, выдатным гульцом у гольф і нават кінаакцёрам. Пратэзы ног былі сканструяваны з дапамогай сістэмы Hanger Comfortflex Socket, асаблівасць якой у тым, што яна фактычна стымулюе рост мышачнай тканкі. Ён таксама першы пацыент, якому былі выраблены пратэзы з біянічнай сістэмай каленных модуляў Ottobock X3. У іх прысутнічаюць датчыкі, якія размяркоўваюць вагу раўнамерна і дапамагаюць рэгуляваць гідраўліку. У хлопца ёсць некалькі камплектаў пратэзаў: асобны для хады, для бегу і нават для плавання.

28-38

Амаль Графстра

40-гадовы праграміст і, як ён сам сябе называе, «тэхналагічны авантурыст» Амаль Графстра яшчэ ў 2005 годзе ўжывіў сабе ў кісці рук (паміж вялікім і ўказальным пальцамі) па адным радыёідэнтыфікацыйным RFІD-чыпе. Ва ўваходныя дзверы свайго дома і ў працоўны ноўтбук Амаль уманціраваў RFІD-сканеры. Зараз яму не патрэбны ключы ад дзвярэй або пароль доступу — дастаткова аднаго ўзмаху рукі. Графстра называе такіх, як ён, «зрабі-сам хакерамі», якія не жадаюць чакаць, пакуль урад і карпарацыі ўсталююць кантроль над кібернетыкай і будуць дыктаваць свае ўмовы. Аднак ён ведае, што ўнутры гігантаў, накшталт Samsung і Apple, працуюць людзі, якія не спяць у шапку і хочуць зрабіць такія тэхналогіі недаступнымі простым людзям. Амаль Графстра валодае кампаніяй «Небяспечныя рэчы», якая займаецца продажам набораў для самастойнай ін'екцыі ў цела электронных чыпаў.

28-33

Кевін Уорвік

Брытанскі навуковец-кібернетык Кевін Уорвік у 1998 годзе перанёс аперацыю па ўжыўленні мікрачыпа ў руку. Цуд мікраэлектронікі быў злучан непасрэдна з сярэднім нервам. Яго часта называюць «Капітанам кібаргаў». Уорвік, як і згаданы вышэй Амаль Графстра, мае некалькі RFІD-чыпаў, імплантаваных у цела. Ва Уорвіка таксама ёсць электродныя імплантаты, падключаныя да яго нервовай сістэмы, а другі набор электродаў злучаны з яго жонкай. Кожны з гэтых імплантатаў запісвае сігналы, якія ідуць з яе нервовай сістэмы. Іншымі словамі, рукі Кевіна Уорвіка могуць адчуваць усё тое ж, што і рукі яго жонкі.

28-31

Найджэл Экланд

Найджэл больш за дзесяць гадоў працаваў плавільшчыкам каштоўных металаў на вялікім заводзе. Але з прычыны няшчаснага выпадку на вытворчасці медыкам давялося ампутаваць яму палову рукі. Сёння ён — адзін з 250 чалавек, якія карыстаюцца пратэзамі верхніх канечнасцяў Bebіonіc (гэтыя прылады яшчэ часта называюць «рукой Тэрмінатара»). А фанаты фантастычнай сагі «Зорныя войны» могуць сказаць, што яна з'явілася наўпрост з фільма, дзе галоўнаму герою зрабілі практычна такую ж. Экланд можа варушыць сваім пратэзам за кошт скарачэння мышцаў у непашкоджанай частцы яго рукі. Тэхналогія Bebіonіc настолькі дасканалая, што Найджэл можа тасаваць калоду карт або нават самастойна завязваць шнуркі. З дапамогай Bebіonіc3 ёсць магчымасць таксама выконваць і выключна дакладныя і акуратныя рухі. Гэта адзіны пратэз кісці і перадплечча, які дазваляе пісаць, працаваць з клавіятурай і кіраваць мышшу. Дарэчы, стартавы кошт пратэза — $25 000, але ён узрастае ў залежнасці ад складанасці праграміравання.

Матэрыялы паласы падрыхтаваў Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.