Вы тут

Знойдзена цела настаўніцы, якая прапала ў снежні


Больш за месяц у Брэсце родныя, міліцыя, валанцёры шукалі настаўніцу геаграфіі Валянціну Голуб, якая знікла 22 снежня. Жанчына прыйшла ў той дзень у школу, хоць урокаў у яе не было. На рабочым месцы пакінула сумку з дакументамі і грашыма, мабільны тэлефон і недзе выйшла, нібы на хвіліну, каля 14 гадзін дня. З той пары на сувязь ні з кім не выходзіла, пра яе нічога не было вядома.


Пасля заявы мужа ў міліцыю аб прапажы да пошуку падключыліся валанцёры з атрада «Анёл», многія нераўнадушныя гараджане. Праз некаторы час у праваахоўнікаў з'явілася слабая зачэпка ў выглядзе карцінкі адной з вулічных камер відэаназірання. Тэхніка зафіксавала, як Валянціна Голуб галасавала на скрыжаванні вуліц Леніна і Гогаля, спрабуючы спыніць машыну. Міліцыянеры тады звярнуліся да кіроўцаў з просьбай паведаміць, калі хто-небудзь падвозіў жанчыну. Але ніхто не адгукнуўся.

І вось 29 студзеня на пульт дзяжурнага міліцыі патэлефанаваў жыхар аднаго з паўднёвых мікрараёнаў горада, які выгульваў сабаку каля берага ракі Мухавец. Мужчына расказаў пра страшную знаходку. Яго сабака знайшоў фрагменты чалавечых пальцаў. Тады супрацоўнікі міліцыі разам з салдатамі батальёна ўнутраных войскаў ачапілі ўказаны раён і прачасалі яго. У выніку ў берагавым зарасніку было знойдзена цела жанчыны, скаванае лёдам.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік абласнога ўпраўлення Следчага камітэта Марына ДРАНЬКОВА, прыкмет гвалтоўнай смерці на целе не выяўлена. Ёсць толькі сляды ўкусаў дзікіх жывёл і птушак, якія, хутчэй за ўсё, і аднеслі пальцы на пэўную адлегласць.

Муж апазнаў жонку. Так стала ясна, што знойдзеная і ёсць 38-гадовая настаўніца, якую доўга шукалі. Супрацоўнікі СК вядуць праверку. Разглядаюцца розныя версіі, у тым ліку і няшчасны выпадак. Паводле слоў Марыны Драньковай, дакладную прычыну смерці можна будзе назваць паводле выніку экспертыз, якія праводзяцца ў рамках крымінальнай справы.

Застаецца сказаць, што ўвесь горад сачыў за інфармацыяй аб пошуку і спачуваў сям'і настаўніцы. Родныя змаглі пахаваць яе акурат да 40-га дня з моманту гібелі.

yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.