Вы тут

Літаратурны дуэт Татмір "Заўтра"


Лаканічна, але змястоўна выказваць свае думкі атрымліваецца не ў кожнага аўтара.

У падборцы пад назвай «Маленькія апавяданні», якая выйдзе ў №1 часопіса «Маладосць», аб'яднаны невялікія па аб'ёмах творы абсалютна не падобных паміж сабой аўтараў, якія ўмеюць выказваць свае думкі менавіта так. Нечаканыя павароты сюжэтаў, простыя, але вельмі патрэбныя жыццёвыя ісціны — тое, што вы адшукаеце ў «Маленькіх апавяданнях». Прапаноўваем вашай увазе два творы з гэтай падборкі.

 

Містычна-бытавое апавяданне.


Уладзімір Сцяпанавіч Буслаеў вярнуўся з крамы крыху нападпітку. Сустрэў у гастраноме сябра, з якім не бачыліся больш за паўгода, і вырашыў нагнаць упушчаны час у кафетэрыі. Частаваў Сяргей. Пагаманілі пра жыццё, згадалі мінулае. Нават, пра тое, як у першым класе настаўніцу на дошцы ў выглядзе Бабы Ягі ў суаўтарстве намалявалі, успомнілі. Абодвум тады перапала. Прыгадалі, і як працавалі разам кіроўцамі «КамАЗаў». Брыгадзіра свайго, шэльму, нядобрым словам успомнілі. Увогуле, памарылі пра мінулае па-старэчы, як належыць. Заелі бутэрбродамі з нарэзкай парцыённую гарэлачку і разышліся-распаўзліся кожны ў сваю добраўпарадкаваную гарадскую нару марыць ужо ў адзіноце.

Думалася Уладзіміру Сцяпанавічу пра сына Рамана, які на мінулы яго, бацькі, дзень нараджэння ў падарунак мікрахвалёўку на кухонны стол з усім належным у такіх абставінах бадзёрым балаканнем паставіў, інструкцыю ў рамачцы на бачнае месца прысабачыў ды так і знік на паўгода з жыцця бацькі. Тэлефанаваў яму Уладзімір Сцяпанавіч, тэлефанаваў, ды няма калі Ромку нудныя размовы весці, бацькавы нетаропкія разважанні выслухоўваць: працаваць трэба, жонку Веру забяспечваць. Вось толькі дзіўна, чаго з дзіцем цягнуць? Хочацца ўнука дачакацца. Ды ўсё, вядома, разумеў Уладзімір Сцяпанавіч і, на сынаў эгаізм з вежы ўласнага пазіраючы, не крыўдзіўся, але ўсё адно неяк тужліва яму аднаму ў двухпакаёвай кватэры жылося. Вось калі яшчэ Рая жывая была... Так вось, у неадчэпных разважаннях ды мроях, і бавіў свае самотныя дні Уладзімір Сцяпанавіч, рана састарэлы шасцідзесяцігадовы мужчына.

А сёння штосьці наогул моташна на душы было. Ці то сустрэча з аднакашнікам развярэдзіла яе, душу гэтую, ці то нарэзка нясвежая аказалася... Успомніўшы строгія забароны свайго ўчастковага лекара, Буслаеў сумна ўсміхнуўся.

Калі на электронным будзільніку з зязюляй лічбы сталі здавацца не зусім ужо недарэчнымі для сну, Уладзімір Сцяпанавіч сцягнуў з сябе ўтульную фланелевую кашулю і залез пад цёплую коўдру. Як заведзена, памарыў перад сном пра заўтра, склаў немудрагелістыя планы, а потым заснуў.

Сны Уладзіміру Сцяпанавічу заўсёды сніліся яркія, маляўнічыя, у адрозненне ад шэраватай паўсядзённасці старога самотніка. І на гэты раз душа, якой таксама абрыдла аднастайнасць, не падвяла.

Апынуўся ён у цёмнай вільготнай задусе в'етнамскага гушчару, дзе ў маладыя гады выконваў у складзе абмежаванага кантынгенту інтэрнацыянальны абавязак у дачыненні да братняга камуністычнага народу ў яго барацьбе з капіталістамі. Бег сяржант Уладзімір Буслаеў з поўнай выгрузкай за вузкавокім правадніком. Мільгалі ў зялёным змроку ствалы дрэў, узнікалі і прападалі тут і там зыркія жоўтыя слупы сонечнага святла, што нейкім дзівам прарываліся скрозь зялёныя шаты. Цяжка дыхалі побач хлопцы з ягонага загінулага, зніклага пад казённым грыфам «Сакрэтна» ўзвода. Марш-марш!.. Мясцовасць пайшла ўгару. Бегчы стала цяжэй, але нічога, бывала і горш — ператрываем і цяпер.

У звыклы роўны гул дрэў уплёўся іншы. Ён вібрыраваў нізка і ледзь чутна, амаль вуркатаў, пераплятаючыся з голасам джунгляў. Спачатку на яго ніхто не звярнуў увагі. А потым жывы гул дрэў патануў у гэтым новым гуле і дробна задрыжала, захадзіла пад ботамі гарачая зямля. Што гэта з ёй? Насустрач Уладзіміру, проста яму ў твар разам з грукатам і вострым смуродам ірвануў пякучы вецер. Сяржант Буслаеў і не заўважыў, як хлопцы кудысьці прапалі ў вакханаліі авіяналёту. Ён бег адзін. Знік некуды і вузкавокі дробны праваднік. Але Уладзімір і так ведаў: любой цаной яму трэба дабегчы туды, дзе цяпер трасе і цяжка грукоча.

Раптам зямля моцна падкінула Уладзіміра, быццам надумала пазбавіцца ад яго. Ногі адарваліся ад глебы, ён павольна, нібы ў вадзе, праляцеў, куляючыся, і яго шпурнула ў нейкую цясніну.Кустоўе змякчыла падзенне, і ўдару Уладзімір не адчуў. Затое адчуў, што цяпер ён сціснуты гарачай зямлёй. Цяпер трэсла і крычала аднекуль ззаду. А выратаванне было наперадзе. Належала ўсяго толькі прабрацца наперад. Здавалася, што цеснае вусце праходу вось-вось самкнецца яшчэ мацней і ўжо ніколі не адпусціць яго. Сяржант Буслаеў — ці ўжо не сяржант? — адчуваў, што задыхаецца. Ён праплішчваўся з усяе сілы, хапаўся рукамі, укручваўся галавой і плячыма. Выхад, паратунак быў наперадзе. Ён адчуваў, што яму трэба толькі выбрацца адгэтуль — і ён абавязкова прачнецца, і нарэшце наступіць заўтра.

Ён паспеў! Зрабіў апошні рывок і адчуў свабоду. Перад затуманенымі вачыма ўспыхнула яркае-яркае святло, і ён закрычаў. Аднекуль збоку нібыта зноў наляцеў басавіты рокат самалёта. І на гэты раз ён вуркатаў: «Хлопчык. У цябе хлопчык, Верачка. Усё ўжо! Бач, які гарласты! Ну, што ты крычыш? Зараз аддамо маме. Як назавеш першынца, Вера?»

І нейкі дзіўна знаёмы, немагчыма прыцягальны голас адказаў гэтаму рокату: «Мы з мужам вырашылі, калі сын народзіцца — Валодзечка будзе. Як дзядуля, Уладзімір Сцяпанавіч. Вельмі пра ўнука марыў, ды так і не дачакаўся...»

І сонца бліснула ў вочы, і шчасце, неймавернае шчасце цеплыні рук пяшчотных, паху салодкага, голасу мяккага ахінула, заглушыла нядаўні боль, залюляла новага чалавечка, Уладзіміра Раманавіча Буслаева!..

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.