Вы тут

Паўтара года таму Стаўбцоўскі раён узначаліў Юрый Горлаў


Пра тое, што сітуацыя тут мяняецца да лепшага, сведчаць канкрэтныя паказчыкі. У Мінскай вобласці ўжо другі год ладзіцца спаборніцтва паміж раёнамі па тэмпах росту валавых аб'ёмаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Па выніках 2014 года лепшым стаў Дзяржынскі раён, які атрымаў з абласнога бюджэту 200 млрд рублёў. Яшчэ столькі ж было размеркавана паміж 5 раёнамі, якія ўзначальваюць маладыя старшыні райвыканкамаў. У іх ліку і Стаўбцоўскі на чале з Юрыем Горлавым. З 28,5 млрд рублёў, якія дасталіся раёну, 17 млрд было ўкладзена ў сельскую гаспадарку, што стала значным падмуркам для павелічэння ўраджаяў і надояў. Не сакрэт, што і ў 2015-м раён на другім месцы — пасля Лагойскага. Падтрымка ў 100 млрд рублёў не будзе лішняй, зноў жа пойдзе на ўмацаванне сельскай гаспадаркі і будаўніцтва дзіцячага садка.


— Юрый Мікалаевіч, вашы папярэднікі, мяркую, таксама зрабілі нямала для раёна. Вы як чалавек новы, вядома, свежым вокам прыкмячалі недапрацоўкі, недахопы. З чаго пачыналі?

— З усіх сфер дзейнасці, паколькі ўсе яны ўзаемазвязаныя. Але з улікам таго, што ў нас прадукцыя сельскай гаспадаркі ў агульным аб'ё'ме займае больш як 50%, то асноўны ўпор быў зроблены менавіта на гэтую галіну. У мінулым годзе ўпершыню ў гісторыі Стаўбцоўскага раёна атрымалі ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых 41,9 цэнтнера з гектара і надаілі 83 тыс. тон малака, а яго таварнасць самая высокая на Міншчыне — 91,3%.

Мы мадэрнізавалі і ўзвялі некалькі вытворчых памяшканняў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, на 1300 павялічылі пагалоўе кароў, шмат папрацавалі над паляпшэннем кармавой базы, толькі летась пабудавалі 43 сянажна- сіласныя траншэі. Сёлета гэтую работу завяршым: засталіся апошнія штрыхі. З уводам іх у дзеянне вырашым пытанне захавання кармоў і будзем займацца іншымі перспектыўнымі праектамі.

Што тычыцца непасрэдна мадэрнізацыі, то ў кожным канкрэтным выпадку да яе падыходзім індывідуальна. На мой погляд, не трэба імкнуцца мадэрнізаваць усе малочнатаварныя фермы пад даільную залу, устаноўку робатаў. Малакаправод таксама забяспечвае нармальнае даенне, і гэтая тэхналогія мае права на жыццё, там, дзе яна апраўдана. У нас, зрэшты, як і ўсюды, адчуваецца дэфіцыт спецыялістаў сельскагаспадарчага профілю, у прыватнасці, у заатэхніі і ветэрынарыі. Для пераводу працэсу на сучасныя тэхналогіі патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты. Там жа, дзе іх не хапае, варта падумаць ці трэба гэта рабіць.

У мінулым годзе Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, які быў філіялам Мінскага мясакамбіната, стаў самастойнай юрыдычнай адзінкай. Гэтая акалічнасць прынесла толькі пазітыўнае. Сёлета тут плануюць атрымаць больш як 45 млрд рублёў прыбытку. Наогул, прадпрыемства займае ў агульным аб'ёме прамысловай прадукцыі раёна больш як 50%. І гэта з улікам таго, што на тэрыторыі раёна працуюць і іншыя буйныя прадпрыемствы.

У раёне робіцца стаўка не толькі на дзяржаўныя прадпрыемствы. Развіваюцца і прыватныя формы ўласнасці. У прыватнасці, завод «Фрэор Рэфрыгерайшн» створаны з удзелам замежнага партнёра. Тут выпускаецца халадзільнае абсталяванне пад канкрэтны заказ. Прадукцыя пастаўляецца пераважна за мяжу, аднак і заяўкі айчынных спажыўцоў не застаюцца без увагі. Увод у дзеянне новага цэха дазволіць вырабляць да 600 адзінак абсталявання.

Удзельная вага сялянска-фермерскіх гаспадарак у падатковых паступленнях у раённы бюджэт пакуль невялікая. Але робім стаўку на інтэнсіўнае развіццё такіх гаспадарак. Разумеем, што гэта новыя рабочыя месцы, заробкі для нашых людзей. У СФГ «Сула», напрыклад, сярэдняя зарплата каля 7 млн рублёў, сур'ёзныя планы па мадэрнізацыі вытворчасці, новым будаўніцтве, што дазволіць прыцягнуць інвестыцыі, рэалізоўваць прадукт за мяжу, а ў краіну будзе паступаць валютная выручка. Наогул, мы ідзём шляхам аптымізацыі вытворчасці для таго, каб знізіць сабекошт прадукцыі, павысіць узровень заработнай платы. Летась рэарганізавалі ПМК-74. Гэтая арганізацыя павінна займацца непасрэдна сваёй справай — асушэннем зямель. Таму сельскагаспадарчыя ўгоддзі, што ёй належалі, перадалі навастворанаму на базе дзвюх арганізацый ААТ «Налібокі-Агра». У выніку аптымізацыі колькасць работнікаў са 124 скарацілася да 90. Але людзей на вуліцы не пакідаем, абавязкова прапаноўваем працу на тых участках, падраздзяленнях, дзе патрэбны рабочыя рукі, ёсць вакансіі.

— Юрый Мікалаевіч, якім вы бачыце горад гадоў праз 15?

— Канешне, за гэты час Стоўбцы стануць іншым горадам, больш утульным, камфортным для пражывання. Нядаўна распрацаваны стратэгічны план развіцця горада да 2030 года, які прадугледжвае шмат новых аб'ектаў, пазітыўныя змены. Пры яго рэалізацыі ў многім спадзяёмся на свой бюджэт, будзем усё рабіць паступова, паэтапна, зыходзячы з фінансавых магчымасцяў. У прыватнасці, нашы жыхары наракаюць на адсутнасць у горадзе плошчы. Вызначылі пад яе пляцоўку, выставілі на аўкцыён. Плануецца, што побач размесціцца гандлёва-забаўляльны цэнтр, які таксама вельмі патрэбны гораду.

У мінулым годзе здалі ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Ён будаваўся на працягу сямі гадоў — доўгачаканы праект не толькі для горада, але і раёна. Сёння комплекс карыстаецца попытам, тут пастаянна заняты басейн, ствараюцца спартыўныя секцыі.

Летась увялі ў дзеянне 21 тыс. квадратных метраў жылля пры плане 18 тыс. квадратаў. У асноўным за кошт індывідуальнага сектара. У мікрараёне «Паўночны-2» для будаўніцтва адвялі 500 зямельных участкаў. Прадаём іх з аўкцыёну, выдзяляем тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, шматдзетным сем'ям. У мінулым годзе засялілі новы шматкватэрны дом, плошчай 3,1 тыс. квадратных метраў у райцэнтры. сёлета пачалі ўзвядзенне яшчэ аднаго, пабудавалі 6 шматкватэрных дамоў у сельскай мясцовасці.

Хутка пачнецца будаўніцтва новага дзіцячага сада на 230 месцаў, які мяркуецца засяліць малымі навасёламі да 1 верасня 2017-га. У Стоўбцах сем дзіцячых дашкольных устаноў, але яны перапоўненыя. Часткова яго ўзвядзенне будзе фінансавацца за кошт раённага бюджэту. Актуальнае ў горадзе і будаўніцтва школы, мяркуецца, што новая навучальная ўстанова на 720 месцаў з'явіцца да 2020 года.

— І ўсё-такі як будзе будавацца горад: ушчыльняцца ці пашыраць свае межы?

— У той частцы, што вядзе да маторнага завода, плануем пабудаваць каля 14 жылых дамоў. У гістарычнай частцы горада, дзе працякае Нёман, з'явіцца набярэжная. У горадзе няма парку адпачынку, а жыхары вельмі спадзяюцца, што ён з'явіцца. Мы вызначылі месца, дзе яго можна разбіць. Словам, планаў шмат. У тым ліку і далейшае добраўпарадкаванне тэрыторыі горада.

lazovskaya@zviazda.by

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Загаловак у газеце: Былая слава вяртаецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.