Андрэй Гаеў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі:
— Лічу газету «Звязда» не проста найстарэйшым беларускім выданнем (у наступным годзе будзе 100 гадоў), а своеасаблівым нацыянальным брэндам. Гэта сапраўды так, бо газета з гераічным лёсам, якая друкавалася ў тым ліку падчас акупацыі, нават у «сталым узросце» працягвае трымаць руку на пульсе самых актуальных праблем у грамадстве. Мне прыемна, што карэспандэнты рэдакцыі не ганяюцца за нейкімі «жоўтымі» навінамі, а прытрымліваюцца педантычнай дакладнасці, якая крочыць побач з аператыўнасцю.
Заўсёды быў і застаюся верным прыхільнікам нашай роднай газеты. Акрамя таго, цяпер спецыялісты нашага камітэта ў якасці экспертаў плённа супрацоўнічаюць з ёй. Таму я з дакладнасцю магу канстатаваць, што журналісты «Звязды» адказваюць за кожнае надрукаванае слова. За мінулыя гады на газетным рынку многае змянілася. А вось «Звязда» і цяпер застаецца вернай свайму духу, свайму чытачу, які ёй давярае. Таму ваша газета не дазваляе сабе вольнай трактоўкі падзей, а прапануе заўсёды толькі аб'ектыўную інфармацыю і абгрунтаваныя факты.
На старонках выдання асвятляюцца многія тэмы, у тым ліку пытанні аб нерухомай маёмасці, якія цікавяць практычна ўсіх жыхароў нашай краіны. Матэрыялы, якія размяшчаюцца ў газеце, заўсёды адрозніваюцца глыбінёй і ўсебаковасцю. Яны цікавыя і органам дзяржкіравання, і простым людзям.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.