Вы тут

У Беларусі расце спажыванне свежых агародніны і садавіны


Спецыялісты паведамляюць, што за першае паўгоддзе адзначаецца істотнае зніжэнне імпарту бульбы ў натуральным выражэнні (на 45,7%), цыбулі (на 66,3%), капусты (на 52%), агуркоў (на 61%) і яблыкаў (на 13,8%).

Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю Святлана Слінько.


Больш цыбулі і менш бульбы

У прыватнасці, яна расказала, што калі ў 2010 годзе на ўнутраным рынку за год прадавалася каля 146 тысяч тон агародніны, то летась — каля 180 тысяч тон. Аб'ёмы рэалізацыі садавіны і ягад выраслі за пяць гадоў з 88 тысяч тон да амаль 280 тысяч тон. Пры гэтым такая дынаміка захоўваецца і сёлета. Напрыклад, толькі ў першым паўгоддзі 2016 года арганізацыі гандлю прадалі 134 тысячы тон свежай агародніны і бульбы. Станоўчая дынаміка такой рэалізацыі да ўзроўню мінулага года складае 105,2%. Таксама за гэты час было прададзена каля 140 тысяч тон свежай садавіны, што на 1,2% больш леташніх паказчыкаў. «У нас расце не толькі аб'ём спажывання такіх прадуктаў на душу насельніцтва, але змяняецца і яго структура — трохі павялічваецца доля гародніны і крыху зніжаецца попыт на бульбу», — удакладніла прадстаўніца Мінгандлю. Яна дапоўніла, што ў 2015 годзе аб'ём спажывання гародніны на душу насельніцтва склаў 145 кг, а садавіны — 79 кг, што нават вышэй за разлічаныя навукоўцамі стандарты рацыянальных нормаў.

Начальнік упраўлення звярнула ўвагу на зафіксаванае ў першым паўгоддзі павелічэнне продажаў беларускай агародніны на ўнутраным рынку на 3,4%, у тым ліку бульбы — на 3%. Спадарыня Слінько адзначыла, што тут вельмі добра спрацавалі нашы вытворцы, бо на гэтую лічбу ўплывае менавіта паступленне ў продаж ранняй маладой бульбы, якой у мінулыя гады на айчынным рынку не хапала. Існуюць у аграрыяў і пэўныя праблемы з асобнымі відамі гародніны. «Напрыклад, цяпер расце імпарт таматаў, але гэта тлумачыцца кліматычнымі ўмовамі Беларусі і складанасцю ў цэнавай канкурэнцыі айчыннай прадукцыі», — дадала Святлана Слінько.

Ад Масквы да Мурманска

Радуе нас і тое, што доля беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на сусветных рынках працягвае расці. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства — начальнік аддзела па вытворчасці плодаагародніннай прадукцыі Мінсельгасхарча Таццяна Карбановіч паведамляе, што штогадовыя аб'ёмы вытворчасці дазваляюць забяспечваць патрэбы ўнутранага рынку краіны і павялічваць пастаўкі на экспарт.

У прыватнасці, сёлета на знешнія рынкі плануецца паставіць каля 300 тысяч тон бульбы, больш за 160 тысяч тон агародніны і 32 тысячы тон пладова-ягаднай прадукцыі. Сёння беларуская прадукцыя запатрабавана на рынках Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Мурманска і іншых буйных расійскіх гарадоў. Узрастаюць аб'ёмы экспарту беларускіх прадуктаў харчавання ў Азербайджан, Казахстан, Малдову і Украіну. У апошнія гады беларускія аграрыі павялічваюць не толькі аб'ёмы вытворчасці, але і асартымент сельгаскультур, паведаміла Таццяна Карбановіч.

Два месяцы спецыялізаваных кірмашоў

Сёлета сезон рэспубліканскіх сельскагаспадарчых кірмашоў пачнецца ў Мінску з 15 верасня. Святлана Слінько ўдакладніла, што ў нашай сталіцы менавіта з 15 верасня па 15 лістапада будзе дзейнічаць 195 пляцовак для рэалізацыі плодаагародніннай прадукцыі. Яна нагадала, што з 17 верасня па 30 кастрычніка на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны» пройдуць рэспубліканскія кірмашы выхаднога дня. Таксама кірмашы сельгаспрадукцыі будуць працаваць з 1 па 2 і з 8 па 9 кастрычніка на пляцоўках каля Палаца спорту. Дадаткова выдзяляюцца пляцоўкі для рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ў жылых мікрараёнах горада. Начальнік упраўлення паведаміла, што ў цэлым па ўсёй краіне такія кірмашы будуць праходзіць згодна з распрацаванымі міністэрствам графікамі

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Свае агуркі смачнейшыя

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?