Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды».
Ці ведалі вы, што:
Язмін — дэкаратыўны куст з белымі пахучымі кветкамі. Па-руску — «жасмин». Паходзіць слова з французскай мовы.
ШАты — пышнае дарагое адзенне. «Чалавек апрануты ў найдаражэйшыя шаты, самай выдатнай пекнаты; калі ён носіць за сабою, пры сабе жорсткасць, нянавісць... — ён з'яўляецца непрыгожым», — пісаў Уладзімір Дубоўка.
КапшУк — мяшочак для тытуню, які сцягваецца шнурком. Той самы кісет.
КатрЫнка — пераносны механічны арган у выглядзе невялікай скрынкі. Гэта тая самая шарманка. А слова паходзіць ад назвы французскай песенькі «Charmante Catherіne», якая выконвалася на гэтым інструменце.
ПАцеры — малітва. «Як толькі я навучыўся гаварыць, бацька паставіў мяне на калені перад абразамі і загадаў: «Кажы пацеры», — чытаем у Максіма Лужаніна.
Глог — расліна сямейства ружакветных з ядомымі пладамі. Па-руску скажам «боярышник».
Перамываць костачкі — 1) абгаворваць каго-небудзь, пляткарыць; 2) асуджаць каго-небудзь, крытыкаваць. Беларусы яшчэ скажуць: перабіраць па костачках, мыць языком, біць язык аб зубы. Рускія: перемывать косточки, молоть языком. Фразеалагізм «перамываць костачкі» звязаны са старажытным абрадам перазахавання нябожчыка. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магілу раскопвалі, каб праверыць, ці быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, і калі што — зняць з яго закляцце. Затым перабіралі ягоныя косці, перамываючы іх вадой ці віном. Пры гэтым не абыходзілася без успамінаў пра нябожчыка, гэта значыць абгаворвання.
Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожную суботу.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
У карабля «Рудакова» малады капітан.
На пяты набор прыйшлі 142 заяўкі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.