У Гродзенскай вобласці ў спісы для галасавання ўключаны каля 777 тысяч выбаршчыкаў.
11 верасня, акрамя 642 участкаў, дзе можна было прагаласаваць датэрмінова, таксама адкрыўся 41 выбарчы участак у бальніцах, прафілакторыях, санаторыях, сацыяльных установах і 3 ўчасткі ў вайсковых часцях. Як правіла, участкі размешчаны ў звычных для людзей будынках непадалёк ад месца іх жыхарства. А для насельнікаў аддаленых населеных пунктаў арганізавалі падвоз да ўчасткаў. За ходам галасавання ў вобласці сочаць 2870 нацыянальных назіральнікаў, а таксама прадстаўнікі шэрагу міжнародных арганізацый.
– Парламент прымае важнейшыя законы, па якіх мы жывем. Хачу звярнуцца да ўсіх выбаршчыкаў Гродзеншчыны, каб яны прышлі на выбарчыя ўчасткі і выбралі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дастойных, кампетэнтных людзей, якія будуць працаваць над развіццём і ўдасканаленнем заканадаўчай базы нашай краіны, - зазначыў напярэдадні асноўнага дня галасавання старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.
Карэспандэнт “Звязды” пабываў на выбарчым участку №12 Гродзенскай – Цэнтральнай выбарчай акругі №51.
– У гэты раз больш пільная ўвага да выбарчай кампаніі праяўляецца з боку назіральнікаў ад самых розных аб’яднанняў, – паведаміў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Аляксандр КАРЭЎСКІ.
– Якія меркаванні выказваліся?
– Штодзённа назіральнікі пакідалі акты аб выніках назірання. Там адзначана, што выбарчая кампанія на ўчастку праходзіць у поўнай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, ніякіх заўваг аб парушэннях не паступала. А на тыя пытанні, што ставіліся, быў дадзены падрабязны пісьмовы адказ са спасылкамі на адпаведныя артыкулы Выбарчага кодэкса, пасля чаго ніякіх абгрунтаваных прэтэнзій быць проста не можа.
– Наколькі актыўна праводзілі выбарчую кампанію прэтэндэнты на дэпутацкі мандат?
– У плане агітацыі актыўнасць адчувалася толькі ад аднаго з пяці кандыдатаў у дэпутаты. Пастаянна прыходзілі і сачылі за ходам выбарчай кампаніі давераныя асобы, прадаставілі друкаваныя матэрыялы для агітацыі. Астатнія кандыдаты ніякай агітацыйнай актыўнасці на нашым участку не праявілі.
У назіральнікаў, якія працавалі 11 верасня на гэтым участку (давераная асоба кандыдата ў дэпутаты, прадстаўнікі кампаніі “Права выбару” і Беларускага фонда міру), нейкіх заўваг не было. У прыватнасці, назіральнік ад Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Алена ПОЦЬКА адзначыла, што і падчас датэрміновага галасавання, і ў асноўны дзень выбараў усё праходзіць згодна з Выбарчым кодэксам.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
prakopchik@zviazda.by
Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.
«Залатая падаплёка крылаў... »
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.