Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» тэлевіктарына «Размаўляем па-беларуску». Для таго каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды».
Пасаг — маёмасць маладой. «У Рыгора дзяцей усяго двое было: сын ды дачка, і ён дачцэ ў пасаг даў дзесяць дзесяцін зямлі», — чытаем у Платона Галавача.
Прыпол — ніжні пярэдні край сукенкі, кашулі. «Павольна хадзілі, падаткнуўшы прыполы шырокіх спадніц, кабеты», — пісаў Барыс Сачанка.
Мянтуз — драпежная рыба сямейства трасковых. «Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць», — чытаем у Алеся Асіпенкі.
Кубел — дзежка з вушкамі і векам для захоўвання прадуктаў. «Андрэй адчыніў кубел, выняў кавалак сала», — напісана ў Аркадзя Чарнышэвіча.
Прызба — земляны насып уздоўж сцяны хаты. «Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе», — пісаў Якуб Колас.
Прысады — дрэвы, пасаджаныя вакол чаго-небудзь. «Ад паварота... [шлях] быў абсаджаны густымі бярозавымі прысадамі», бачым у Івана Мележа.
Развязаць язык — 1) шмат гаварыць, станавіцца балбатлівым; 2) пачынаць гаварыць, баючыся расправы. Беларускія адпаведнікі — вастрыць язык, даваць волю языку. Рускія — распускать язык, развязать язык.
Абы дзень да вечара — 1) нядбала, неакуратна, абы-як працаваць, нешта рабіць; 2) абсалютна без розніцы. Беларусы яшчэ скажуць: абы з рук, цяп-ляп, пусці павалюся. Рускія: спустя рукава.
Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожную суботу.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.
«Залатая падаплёка крылаў... »
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.