Вы тут

У каўбасе і хлебе стане менш солі, а ў ёгуртах — цукру


У Беларусі плануецца забараніць рэкламу піва, курыць у машынах і памяшканнях, дзе знаходзяцца дзеці да 14 гадоў, павялічыць падаткі на алкаголь. Такія новаўвядзенні чакаюцца падчас рэалізацыі дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гг.». Яна скіравана на стабілізацыю колькасці насельніцтва і павелічэнне чаканай працягласці жыцця да 75,3 года замест цяперашніх 73,9 года.


Правіла трох пяцёрак

— У сістэме аховы здароўя да 70-80% расходаў прыходзіцца на аказанне медыцынскай дапамогі для лячэння менавіта неінфекцыйных захворванняў, — адзначыла Жанна ЕРАМЕЕВА, кансультант аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя. — Такія пацыенты звяртаюцца ў паліклінікі, кладуцца ў стацыянар, што павялічвае нагрузку на медперсанал. Аднак, як вядома, танней і прасцей папярэдзіць захворванне, а не лячыць яго, і на гэта арыентавана дзяржпраграма.

Асноўная прычына смяротнасці насельніцтва — усё тыя ж неінфекцыйныя захворванні: хваробы сістэмы кровазвароту, лёгкіх, анкалогія, цукровы дыябет.

— Розніца ў стане здароўя насельніцтва звязана з уплывам экалагічных, сацыяльна-эканамічных і паводзінскіх фактараў. Прааналізаваўшы іх, спецыялісты стварылі так званае залатое правіла трох пяцёрак. У першай «пяцёркі» вызначаюцца 5 асноўных фактараў рызыкі: курэнне, злоўжыванне алкаголем, нерацыянальнае харчаванне, нізкая фізічная актыўнасць і неспрыяльныя ўмовы вытворчасці, — расказала прадстаўніца міністэрства.

Другая «пяцёрка» — мэтавыя групы, на якія неабходна ўплываць: дзеці, навучэнцы, моладзь; рабочыя, якія падвяргаюцца фактарам рызыкі на вытворчасці (працаздольнае насельніцтва); сацыяльна слабыя слаі грамадзян (малазабяспечаныя); людзі, што выйшлі з працаздольнага ўзросту; асобы, якія вызначаюць палітыку ў галіне аховы здароўя.

Выдзелена таксама 5 асноўных узроўняў уздзеяння на гэтыя групы: фарміраванне прававога асяроддзя, інфармацыйнай прасторы, сістэмы бесперапыннай адукацыі па пытаннях аховы здароўя, падтрымка мясцовых ініцыятыў (так званых здаровых гарадоў) і прафілактыка на індывідуальным узроўні.

Каб не піў, не курыў і не еў тлустага

Сярод фактараў, якія вызначаюць здароўе насельніцтва, толькі каля 10-15% прыходзіцца на сістэму аховы здароўя, 20% — на навакольнае асяроддзе і спадчыннасць, а асноўная роля належыць умовам і ладу жыцця чалавека. Менавіта апошнія фактары трэба мяняць, каб дапамагчы беларусам палепшыць стан здароўя.

Нягледзячы на актыўную барацьбу з курэннем і памяншэнне колькасці курцоў на 14%, дагэтуль працягвае смаліць амаль трэць насельніцтва краіны. Пры гэтым амаль 55% з іх хацелі б пазбавіцца ад тытунёвай залежнасці. Каб падштурхнуць людзей актыўней адмаўляцца ад дрэннай звычкі, у межах рэгулявання электронных сістэм курэння і павелічэння колькасці грамадскіх месцаў, дзе забаронена курыць, плануецца забараніць смаліць у машынах і памяшканнях у прысутнасці дзяцей да 14 гадоў. Прапануецца аказваць медыцынскую дапамогу тым, хто хоча адмовіцца ад цыгарэт.

Ужыванне алкаголю ў Беларусі і мужчынамі, і жанчынамі за апошнія гады мае тэндэнцыю да павелічэння праз цэнавую даступнасць напояў, лічаць эксперты. Каб паўплываць на становішча, плануецца павысіць падаткі на алкаголь, забараніць рэкламу і стымуляванне продажу спіртнога, абмежаваць яго наяўнасць у рознічным продажы.

Празмерныя соль, цукар і тлушч — пад забаронай

Праблема незбалансаванага харчавання закранае 57,4% дарослых беларусаў з залішняй вагой і 24,3%, якія пакутуюць ад атлусцення. Гэтыя з'явы назіраюцца ў выніку празмернага ўжывання жывёльных тлушчаў, простых вугляводаў і солі, а таксама недастатковай колькасці вітамінаў і мінералаў, садавіны і гародніны.

— Фактычна ўпершыню захады па пытаннях харчавання і фізічнай актыўнасці былі закладзены ў падпраграму прафілактыкі і кантролю неінфекцыйных захворванняў, — расказала Жанна Ерамеева. — Плануюцца захады па зніжэнні ўтрымання цукру ў кісламалочнай прадукцыі для дзяцей, солі ў каўбасных і хлеба-булачных вырабах.

За выкананнем гэтых прапаноў, якія трэба аформіць дакументальна, будуць сачыць, аднак справа ўскладняецца тым, што ў існуючых ДАСТах, напрыклад, нідзе не прапісаны нарматывы па ўтрыманні солі ў прадуктах.

Спецыялісты лічаць, што неабходна ўзмацніць жорсткасць адносна нарматываў па ўтрыманні транстлушчаў у масла-малочнай прадукцыі і поўнасцю выключыць іх з рацыёну дзіцячых прадуктаў харчавання. Абмежаваць рэкламу газіроўкі і прадуктаў з высокім утрыманнем солі, цукру і тлушчу, цалкам забараніць рэкламу піва.

Здаровыя праграмы для сотавых і студэнтаў

На індывідуальным узроўні спецыялісты ўжо адзначаюць некаторыя поспехі. Добры вынік, напрыклад, паказаў пілотны праект «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра», які рэалізуецца з 2013 года Мінскім гарадскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі сумесна з БДУІР. Работа па карэкцыі харчавання і распрацоўцы спецыяльнага меню вялася сярод першакурснікаў ВНУ, 68% з якіх мелі адхіленні вагі цела. За навучальны год у 92% удзельнікаў праекта маса нармалізавалася. Па выніках праекта распрацаваны «дзённік харчавання», які, як плануецца, будзе ў 2019 годзе распаўсюджаны на ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.

— Колькасці праграм і сацыяльнай рэкламы, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця, недастаткова. Да таго ж яна не транслюецца ў «прайм-тайм» і кінатэатрах. Няма абмежаванняў на рэкламу некарысных прадуктаў: ласункаў, чыпсаў, газіроўкі, — зазначае Жанна Ерамеева, акрэсліўшы шэраг захадаў для пераадольвання гэтай сітуацыі. — Неабходна стварыць цыкл тэматычных тэлеперадач на высокім прафесійным узроўні і якасную сацыяльную рэкламу, забяспечыўшы яе трансляцыю ў аптымальны для прагляду ўсімі катэгорыямі насельніцтва час. Актыўна карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі і стварыць вэб-партал «Здаровая Беларусь» да канца 2016 года, распрацаваць тэматычныя мабільныя праграмы.

Паколькі навыкі паводзін па захаванні здароўя закладваюцца з дзяцінства, прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя закранула таксама пытанне неабходнасці стварэння здароўезахавальнага асяроддзя праз адэкватныя вучэбныя нагрузкі на школьнікаў, збалансаванасць харчавання і фізічнай культуры, прывіццё гігіенічных навыкаў.

Мяркуецца таксама матываваць кіраўнікоў да арганізацыі аздараўленчай работы на прадпрыемствах праз медагляды, аптымальныя рэжымы працы і адпачынку, здаровае харчаванне і водны баланс. Станоўчыя прыклады такой працы ўжо існуюць.

На рэалізацыю дзяржпраграмы за пяць гадоў спатрэбіцца $13,7 млрд.


У пачатку кастрычніка ў Беларусі пачнецца беспрэцэдэнтнае даследаванне — «Стан фактараў рызыкі сярод насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Яго метадалогія распрацавана Міжнароднай арганізацыяй аховы здароўя і апрабавана ў больш як 130 краінах.

— Беларусь ідзе на поўны комплекс гэтага даследавання, уключаючы анкетаванне і фізікальныя вымярэнні — халестэрыну, глюкозы ў крыві, крэацініну і солі ў мачы. Мы атрымаем унікальныя даныя, будзем мець поўную карціну распаўсюджвання фактараў рызыкі сярод насельніцтва і зможам гаварыць і з людзьмі, і са СМІ, і з тымі, хто прымае палітычныя рашэнні на мове фактаў, — расказала Ірына НОВІК, намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, эканомікі і ўпраўлення аховы здароўя.

Першыя вынікі даследавання атрымаюць ужо ў лютым, а канчатковая справаздача адбудзецца не пазней за першае паўгоддзе 2017-га.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.