Вы тут

У Мінску ўручылі Нацыянальную тэатральную прэмію


Галоўная інтрыга прэміі, што ўручаецца раз на два гады, разгарнулася вакол драматычнага тэатра: на ўзнагароду прэтэндавалі ажно восем тэатраў з усёй краіны.


Пад­час па­ста­ноў­кі «Чай­ка» Ку­па­лаў­ска­га тэ­ат­ра — най­леп­ша­га спек­так­ля дра­ма­тыч­на­га тэатра.

Птушка шчасця (ці беларускі бусел, увасоблены ў статуэтцы) прыляцела да рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалая Пінігіна — узнагароду за «найлепшы спектакль драматычнага тэатра» атрымала яго пастаноўка «Чайкі» Антона Чэхава. За «Найлепшую жаночую ролю» журы адзначыла актрысу Марыну Дзянісаву ў спектаклі-размове Таццяны Траяновіч «Ілюзіі» (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь і Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры БДАМ). Спектакль Саўлюса Варнаса па матывах аповесці Льва Талстога «Крэйцарава саната» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра таксама не застаўся без увагі: акцёр Іван Трус узяў прыз за «найлепшую мужчынскую ролю».

Найлепшай пастаноўкай па творы беларускага аўтара прызналі прысвечаны Уладзіміру Мулявіну спектакль «Пясняр» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага (рэжысёр Валянціна Еранькова). Спектакль, створаны паводле п'есы маладога драматурга Васіля Дранько-Майсюка, пачаў збіраць высокія ацэнкі яшчэ летась.

У катэгорыі прафесійнага тэатра лялек абышлося без павышанай канкурэнцыі: абодва дайшоўшыя да гледача спектаклі атрымалі дыпломы. Узнагарода за найлепшы спектакль і найлепшую жаночую ролю перайшла да Брэсцкага тэатра лялек за пастаноўку Руслана Кудашова «ФРО». Найлепшай работай акцёраў-мужчын палічылі выкананне ролі Лукі Мікалаем Сцешыцам у спектаклі «На дне» Магілёўскага абласнога тэатра лялек. А рэжысёр гэтага спектакля Ігар Казакоў атрымаў сваю ўзнагароду за «найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва» — ім прызналі пастаноўку «Самы маленькі самалёт на свеце». Найлепшая мужчынская роля ў дзіцячым тэатры адышла да Беларускага тэатра «Лялька» за выкананне ролі клоўна Піка Сяргеем Талкачом у спектаклі «Горад клоўна Піка».

Прадказальнымі можна назваць вынікі і ў секцыі музычнага тэатра. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр (які толькі і быў прадстаўлены ў гэтай катэгорыі) атрымаў статуэтку за спектакль «Мая цудоўная лэдзі» рэжысёра-пастаноўшчыка Ганны Маторнай, дзе быў задзейнічаны выканаўца найлепшай мужчынскай ролі Віктар Цыркуновіч. «Вяселле ў Малінаўцы» Міхаіла Кавальчыка адзначылі прызам за найлепшую жаночую ролю (Лідзія Кузьміцкая).

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета ўзяў узнагароды за найлепшыя спектаклі оперы і балета («Царская нявеста» і «Маленькі прынц» адпаведна). Нацыянальную прэмію атрымала і наша славутае мецца-сапрана Аксана Волкава — «самая Кармэн» у беларускай оперы (і «Найлепшая жаночая роля» паводле журы). Сярод артыстак балета такая ўзнагарода дасталася Людміле Хітровай (за партыю ў спектаклі «Лаўрэнсія»). Станіслаў Трыфанаў (опера «Царская нявеста») і Канстанцін Геронік (балет «Маленькі прынц») атрымалі прызы за найлепшыя мужчынскія ролі.

У межах «Нацыянальнай тэатральнай прэміі» размяркоўваліся і дадатковыя ўзнагароды. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў уручыў прэмію «Мецэнат тэатра» старшыні праўлення Беларусбанка Сяргею Пісарыку. Прыз «Натхненне» з рук знакамітага беларускага драматурга Аляксея Дударава за таленавітую арганізацыйную дзейнасць атрымаў першы намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Уладзімір Рылатка. Сам драматург Аляксей Дудараў з рук вялікай прыхільніцы беларускага тэатра Лідзіі Ярмошынай атрымаў узнагароду «За ўклад у развіццё тэатральнага
мастацтва».

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Тэатр па складах

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.