Вы тут

Плануецца стварыць новы від узбраення для барацьбы з беспілотнікамі


Спецыялісты радыёэлектроннай барацьбы плануюць стварыць новы комплексны від узбраення для барацьбы з беспілотнікамі

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік упраўлення радыёэлектроннай барацьбы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Ігар ДАНІЛЬЧЫК падвёў вынікі мінулага навучальнага перыяду, а таксама падзяліўся некаторымі планамі на бягучы год, які ў беларускай арміі пройдзе пад эгідай якасці.


Найбольш знакавай падзеяй для войск радыёэлектроннай барацьбы сёлета стала ўпершыню праведзенае буйнамаштабнае спецыяльнае вучэнне, у якім былі задзейнічаны ўсе часці і падраздзяленні РЭБ Узброеных Сіл краіны. Не менш важным і адказным было камандна-штабное вучэнне, якое стала выпрабаваннем года для ўсёй беларускай арміі.

— У плане баявой падрыхтоўкі і навучання асабовага складу мы паспяхова выканалі ўсе задачы, якія ставілі перад сабой, — перакананы Ігар Данільчык. — Гэта адзначана і вышэйшым кіраўніцтвам, калі многія нашы спецыялісты, афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты і салдаты былі заахвочаны як па выніках вучэнняў, так і ў цэлым па выніках года.

Акрамя баявой падрыхтоўкі, шмат увагі надаецца развіццю сістэмы радыёэлектроннай барацьбы. Планамерна ідзе перааснашчэнне воінскіх часцей РЭБ на новыя ўзоры ўзбраення. Фактычна завяршылася забеспячэнне сродкамі перашкод радыёнавігацыі, на ўзбраенне пастаўлены новыя сродкі аўтаматызацыі для кіравання падраздзяленнямі. Запланавана пастаўка новых сродкаў перашкод радыёсувязі ўльтракароткага хвалевага дыяпазону, які ў мэтах кіравання ваенізаванымі фарміраваннямі найбольш актыўна выкарыстоўваецца ў любых войнах і лакальных канфліктах.

— Свет не стаіць на месцы: кожны год узнікаюць новыя рызыкі і пагрозы, якія патрабуюць ад нас адпаведнага рэагавання, — адзначыў начальнік упраўлення радыёэлектроннай барацьбы. — У сваім развіцці войскі РЭБ у апошні час шмат увагі надаюць супрацьдзеянню новым сродкам на полі бою. У прыватнасці, беспілотным лятальным апаратам, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў шматлікіх мэтах. Як добрых (напрыклад, яны значна аблягчаюць жыццё леснікоў у плане кантролю за пажарнай бяспекай лясных масіваў), так і не зусім. У апошні час беспілотнікі выкарыстоўваюцца з мэтай нанясення паражэння праціўніку падчас тэрарыстычных пагроз, лакальных войнаў і канфліктаў.

Но­вы комп­лекс ра­дыё­тэх­ніч­най раз­вед­кі «Пе­ленг» бе­ла­рус­кай вы­твор­час­ці.

Беспілотныя лятальныя апараты — гэта не ноу-хау. Пра іх было вядома даўно, але ніхто нават уявіць не мог, які багаты спектр выкарыстання беспілотнікаў. Малагабарытных, малазаўважных і амаль бясшумных, іх даволі складана выявіць сродкамі супрацьпаветранай абароны. Ды і прыцягваць для іх знішчэння дарагое зенітна-ракетнае ўзбраенне эканамічна не эфектыўна. І ў гэтым выпадку на дапамогу прыходзіць зброя радыёэлектроннай барацьбы.

Як расказаў Ігар Данільчык, сёлета спецыялісты РЭБ практычна адпрацавалі пытанні проціборства з беспілотнымі лятальнымі апаратамі тымі сродкамі, якія ёсць на ўзбраенні. У той жа час вызначылі напрамак, куды ў сваім развіцці ім рухацца далей. У перспектыве запланавана стварыць новы комплексны від узбраення для барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

Паспяхова прайшоў выпрабаванні і ўжо прыняты на ўзбраенне новы комплекс радыётэхнічнай разведкі «Пеленг» беларускай вытворчасці, які дазваляе выяўляць і суправаджаць паветраныя крыніцы радыёвыпраменьвання на адлегласці да 450 кіламетраў.

Акрамя таго, у войсках РЭБ праводзіцца работа па мадэрнізацыі сродкаў радыёэлектроннага падаўлення лакацыйных станцый, якія таксама размяшчаюцца на паветраных суднах. А ўсё для таго, каб ва ўмовах баявой абстаноўкі ў самалёта праціўніка не было магчымасці выявіць пэўныя аб'екты на нашай тэрыторыі. Быццам парасонам, спецыялісты радыёэлектроннай барацьбы абараняюць важныя стратэгічныя аб'екты.

— Мы працуем ціха, часам непрыкметна: наша праца бачная толькі на паперы, калі прадстаўляем вынікі радыёразведкі і радыёпадаўлення, — гаворыць начальнік упраўлення радыёэлектроннай барацьбы. — Адчуць працу спецыялістаў РЭБ можна і тады, калі камандзір умоўнага праціўніка не можа на полі бою кіраваць падначаленымі, а яны, у сваю чаргу, не могуць выконваць свае задачы. Калі, маючы зносіны па сродках сувязі, абанент не чуе адказу ад свайго суразмоўцы. Калі ў чалавека, які для вызначэння свайго месца знаходжання выкарыстоўвае радыёнавігацыю, раптоўна знікаюць усе спадарожнікі. Або калі беспілотны апарат або малая авіяцыя губляе арыентацыю ў прасторы.

На бягучы год — усё тыя ж задачы. Заключаны кантракты на пастаўку новых сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, на мадэрнізацыю тых, якія ўжо стаяць на ўзбраенні. Баявая падрыхтоўка спецыялістаў радыёэлектроннай барацьбы будзе ўдасканальвацца падчас шматлікіх вучэнняў. З найбольш маштабных — сумеснае вучэнне з войскамі РЭБ Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Уладары эфіру

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.