07 кастрычніка, панядзелак

Вы тут

Бітва з тэрарызмам працягваецца


Серыя тэрактаў, якая ўзрушыла Турцыю і Еўропу апошнімі днямі, наводзіць на сумныя разважанні. Бітва з тэрарызмам працягваецца, але ў ёй непазбежныя новыя і новыя ахвяры. І неабходна пільнасць, якая дапаможа выратаваць хаця б частку іх патэнцыйных ахвяр ад смерці або раненняў.


17 снежня ў турэцкім горадзе Кайсеры на шляху аўтобуса, які перавозіў вайскоўцаў турэцкай арміі, быў узарваны замініраваны аўтамабіль. Загінула 13 чалавек. Як мяркуецца, за выбух адказная паўстанцкая арганізацыя «Рабочая партыя Курдыстана».

18 снежня ў Емене смяротнік падышоў да салдатаў, якія стаялі ў чарзе па зарплату, і падарваў пояс з узрыўчаткай. Загінула 49 чалавек. Улічваючы, што за папярэдні падобны тэракт адказнасць узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», гэты тэракт з вялікай імавернасцю таксама іх рук справа.

19 снежня ў Анкары падчас выступлення ў галерэі быў забіты проста перад журналістамі пасол Расіі ў Турцыі Андрэй Карлаў. Тэрарыст быў застрэлены пазней падчас затрымання, але відавочна, што матывам былі паспяховыя дзеянні расійскіх узброеных сіл у Сірыі супраць ісламскіх радыкалаў.

Тым жа вечарам тэрарыст на грузавіку заехаў у натоўп, які сабраўся на калядным кірмашы ў Берліне. Загінула 12 чалавек.

З пункту гледжання прафілактыкі і барацьбы з падобнымі злачынствамі, з чатырох апошніх тэрактаў тры прадухіліць было цяжка ці вельмі цяжка, а адзін цалкам можна.

Тры тэракты (у Турцыі супраць салдат, у Емене супраць салдат, у Берліне на калядным кірмашы) характарызуюцца тым, што аб'ектам атакі з'яўляецца вельмі шырокае кола цэляў, таму іх цяжка абараніць. Тэракты гэтага тыпу часта прадухіляюцца ў выніку прафілактычнай работы сіл правапарадку, на падставе работы з інфарматарамі і збору інфармацыі ў сацыяльных сетках. Але ў выніку самыя неасцярожныя тэрарысты ўжо абясшкоджаныя, а выжываюць найбольш умелыя ва ўтойванні інфармацыі аб сваіх планаваных дзеяннях.

Удасканальваюцца і метады работы пры ўчыненні тэрактаў — так, «Ісламская дзяржава» заклікае сваіх прыхільнікаў да спантанных дзеянняў без папярэдняга планавання, з выкарыстаннем падручных сродкаў. Калі няма працяглых падрыхтовак і абмеркавання планаў здзяйснення тэрактаў, закупкі зброі і боепрыпасаў, абарачэнне якіх звычайна жорстка рэгулюецца, магчымасці паліцыі і спецслужбаў своечасова атрымаць інфармацыю пра тэракт рэзка зніжаюцца і павялічваюцца шанцы на яго поспех.

Усё часцей пры здзяйсненні тэрактаў выкарыстоўваюцца грузавыя аўтамашыны, як гэта адбылося нядаўна ў Ніцы і днямі ў Берліне, пры гэтым удаецца забіць і параніць значна большую колькасць людзей, чым пры дапамозе аўтаматаў і пісталетаў. Усё часцей тэрарысты нападаюць на нічога не падазраючых людзей з нажамі і сякерамі, як гэта было летам у Германіі.

Тэракт супраць расійскага пасла ў Анкары адносіцца да іншага тыпу. Пасла можна і трэба было абараніць. Ён сапраўды быў вельмі імавернай мішэнню. У суседняй з Турцыяй Сірыі расійская ваенная прысутнасць прыносіць нядрэнныя вынікі, чым вельмі незадаволеныя тэрарысты ўсіх масцяў.

Сама Турцыя стала апошнімі гадамі тэрыторыяй, дзе радыкалы дастаткова свабодна арганізуюць тэракты і забіваюць шмат грамадзян краіны і іншаземцаў. Чаго варты хаця б тэракт 10 снежня 2016 года ў Стамбуле, па выніках якога загінулі 44 чалавекі.

Сітуацыя, у якой усяго адзін лёгкаўзброены тэрарыст у прысутнасці журналістаў страляе ў спіну расійскаму паслу ў публічным месцы і пасля гэтага яшчэ доўга беспакарана выступае з прамовай перад тэлекамерамі да з'яўлення паліцыі, небяспечная для лёсу расійскіх паслоў у іншых краінах свету. У пасла не аказалася сваёй аховы, расійскія ўлады не папрасілі суправаджаць свайго прадстаўніка ў краіне мясцовую паліцыю. Улічваючы цяжкую сітуацыю з тэрарызмам, на пасла нават не была надзетая лёгкая бронекамізэлька, якая выратавала б яго ад пісталетных куль.

Калі ўзяць выпадкі гібелі іншых паслоў за апошнія трынаццаць гадоў, то гэта першы, калі пасол так лёгка загінуў ад рук аднаго тэрарыста ў грамадскім месцы. Разглядаючы, напрыклад, забойства пасла ЗША ў Лівіі ў 2012 годзе, мы бачым, што там дыпламат загінуў разам з трыма ахоўнікамі ў выніку працяглага боесутыкнення з групай тэрарыстаў, узброеных усім неабходным для поспеху сваёй крывавай акцыі, аж да гранатамётаў.

Безабароннасць расійскіх дыпламатаў такога высокага ўзроўню, якія прадстаўляюць на сусветнай арэне сур'ёзную краіну, што вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам, можа выклікаць спакусу зноў напасці на іх. Хочацца спадзявацца, што неабходныя меры будуць прынятыя і наступныя спробы нападзення на дыпламатаў Расіі будуць беспаспяховымі. Барацьба з тэрарызмам — справа сур'ёзная, і той прафесіяналізм, які дэманструюць спецслужбы Расіі на сваёй тэрыторыі, не павінен знікаць марна за яе межамі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Можна і трэба было абараніць...

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.