Вы тут

Як на Лёзненшчыне змагаюцца за права дзяцей жыць у нармальнай сям'і


Некаторыя дарослыя, згодна з пашпартнымі звесткамі, людзі па сваім інтэлектуальным развіцці адпавядаюць узроўню выхаванцаў дзіцячага сада. Як, напрыклад, растлумачыць, чаму яны не аплачваюць камунальныя паслугі? Або чаму здаровы дзяцюк вышынёй пад два метры працаваць не хоча?


Пад­час па­ся­джэн­ня ка­мі­сіі па спра­вах не­паў­на­лет­ніх.

Пасля ЛПП у запой?

Перавыхаванне праблемных бацькоў пачалося ў нашай краіне 10 гадоў таму, калі ўступіў у дзеянне Дэкрэт Прэзідэнта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна неўладкаваных сем'ях». У Лёзненскім раёне на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх нядаўна вялі гутарку з «героямі» згаданага Дэкрэта.

Сярод апошніх быў мужык, знешне здаровы, моцнага целаскладу, які мае ўласных дзяцей, але — не працуе. Пасля знаходжання ў лячэбна-працоўным прафілакторыі ён... п'е. Сказаў, што гэта — традыцыя ў выпускнікоў спецыяльнай установы. Прысутныя афіцыйныя асобы паведамілі яму, што, калі не пачне працаваць і не завяжа з віном, дзяцей прыйдзецца перасяліць з яго дома ў прытулак. «Выпускнік» ЛПП і яго жонка фактычна жывуць на грошы, якія дзяржава налічае ў якасці дапамогі на выхаванне малых.

Іншая сумная гісторыя. Жанчына на пытанне, чаму не аплачвае камунальныя паслугі, сказала, што ёй кватэра не патрэбная. Усё скардзілася на мужа, які не хацеў жыць у сядзібным доме, прымусіў яе жыць у кватэры, а сам з'ехаў на заробкі ў суседнюю з Лёзненшчынай Расію і грошы пералічае нерэгулярна.

Яшчэ адна дама на пасяджэнні камісіі папракала мужа. Паводле яе слоў, ён выпівае, скандаліць. Пры гэтым у сельскім выканкаме і па месцы працы мужчыны канстатуюць, што той працалюбівы, да калег і суседзяў адносіцца з павагай, а вось жонка яго, наадварот, схільная да скандалаў. Удзельнікі пасяджэння папярэдзілі жанчыну, што, калі дома не спыняцца сваркі, дзяцей пераселяць у дзяржаўную ўстанову.

Асабісты «выхавацель»

— У Расіі знаходзяцца сем абавязаных асоб з Лёзненшчыны, якія павінны кампенсаваць беларускай дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей. Гэта параўнальна многа для нашага раёна. Бо ўсяго 70 знаходзіцца на адпаведным уліку. Ёсць рашэнні суда, і расійскія праваахоўнікі знаходзяць мігрантаў, але, калі яны афіцыйна не працуюць, не маюць маёмасці, спагнаць даўгі з іх складана, — расказвае Ірына ДЗЕРВАЕД, намеснік старшыні Лёзненскага райвыканкама.

Праблема і ў тым, што абавязаныя, якія гадамі пілі, страцілі сваю працоўную кваліфікацыю або наогул спецыяльнасці не маюць. На работу з добрым заробкам такіх не возьмуць. А знаходжанне аднаго дзіцяці ў прытулку абыходзіцца на сёння дзяржаве ў суму каля 200 рублёў у месяц. У многіх абавязаных адабралі больш чым адно дзіця.

— За праблемнымі бацькамі замацоўваюцца працоўныя месцы — на 23 прадпрыемствах раёна, у тым ліку прыватных. Каб гэтыя людзі не прагульвалі, прыходзілі на змену цвярозымі, за імі сочаць міліцыянеры і кіраўнікі гаспадарак. Акрамя таго, у кожнага з «цяжкіх» бацькоў ёсць свой адказны — з ліку супрацоўнікаў райвыканкама. Гэтыя «выхавацелі» праводзяць работу індывідуальна. Калі абавязаны не парушае працоўную дысцыпліну, яму гарантуюцца павышэнне тарыфнай стаўкі, выплаты адначасовых заахвочванняў, 30% даплата пры ўмове выканання планавых заданняў, 13-я зарплата, падарункі да свят, — працягвае Ірына Дзерваед.

У раёне ёсць станоўчыя вынікі рэалізацыі Дэкрэта: 73,5% выдаткаў дзяржаве кампенсуюцца. Наладжаная добрая работа па памяншэнні колькасці прагулаў абавязанымі асобамі і іх адпрацоўцы. Вядзецца планамерная дзейнасць па ўстанаўленні бацькоўства, каб выдаткі на ўтрыманне дзяцей дзяржаве кампенсавала не толькі маці, але і бацька. 19 бацькоў адноўленыя ў правах на выхаванне ўласных дзяцей. Сёлета на адну сям'ю, куды вярнулася біялагічнае дзіця з сацыяльнай установы, стала больш. Усяго за час дзеяння Дэкрэта ў Лёзненскім раёне правялі выхаваўчую дзейнасць у дачыненні да 64 сем'яў з 118 дзецьмі. Вярнулі ў 47 біялагічных сем'яў 92 непаўналетніх.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Лёзненскі раён

Загаловак у газеце: Перавыхаванне «гора-бацькоў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.