Вы тут

«Поспех — у камандным падыходзе»


На пытанні нашага карэспандэнта адказвае намеснік старшыні Лёзненскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ірына Дзерваед.


— У Лёзненскім раёне нядрэнна выконваецца Дэкрэт Прэзідэнта № 18, накіраваны на абарону дзяцей. Калі ласка, раскажыце падрабязней пра гэта.

— У нашым раёне працэнт кампенсацыі сродкаў абавязанымі асобамі на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, — 56,5 %. Нагадаю, што грошы пералічаюць, калі хлопчыкі і дзяўчаткі знаходзяцца ў прытулку, інтэрнаце або прыёмнай, апякунскай сям'і. Летась кампенсавалі больш за 56 тысяч рублёў.

Лічу, што каардынацыйны савет па выкананні дэкрэта працуе эфектыўна, поспех — у камандным падыходзе. На пасяджэнні каардынацыйных саветаў выканкамаў па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта № 18, акрамя службовых асоб, запрашаюць прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, святароў. Яны, а таксама кіраўнік РАУС, прадстаўнікі пракуратуры расказваюць «праблемным» грамадзянам пра іх «перспектывы» з пункту гледжання закону. Сярод членаў камісіі і нарколаг, прадстаўнік цэнтра занятасці. Апошні можа прапанаваць працоўнае месца з улікам спецыяльнасці, якой чалавек валодае. Ёсць магчымасць бясплатна атрымаць новую.

— Дарэчы, пра працаўладкаванне ў цэлым. Што на сёння ўяўляе сабой прамысловасць у раёне, ці адкрываюцца новыя вытворчасці?

— На тэрыторыі Лёзненшчыны ажыццяўляюць сваю дзейнасць два прамысловыя прадпрыемствы дзяржаўнага сектара: УП ЖКГ Лёзненскага раёна, ААТ «Лёзненскі льнозавод» і шэсць — недзяржаўных.

Адкрываюцца новыя вытворчасці. Напрыклад, некалькі гадоў таму запрацаваў цэх, дзе робяць камплектуючыя па заказе вядомай абутковай фірмы «Марка».

Летась запрацаваў цэх па вырабе ніжняй бялізны і адзення вядомага беларускага брэнда Mark Formelle. 60 чалавек прайшлі навучанне, атрымалі працоўныя месцы з вельмі добрай зарплатай. У адным будынку з цэхам — крама гатовай прадукцыі, дзе заўсёды шмат пакупнікоў.

Аб'ём гадавога экспарту прадукцыі, вырабленай прадпрыемствамі раёна, — больш за 2 мільёны долараў ЗША. Экспартныя пастаўкі вядуцца ў 13 краін свету.

— Ірына Апалінараўна, у «Звяздзе» быў надрукаваны рэпартаж з цікавага шоу «Адзін у адзін па-лёзненску». Якія яшчэ культурныя праекты, акцыі праводзяцца ў раёне? Ці ёсць, як сёння модна казаць, турыстычная «фішка»?

— На Лёзненшчыне часта бываў сусветна вядомы мастак Марк Шагал. Тут жылі яго сваякі. У нашым краі ім было напісана нямала работ, якія знаходзяцца ў найбуйнейшых карцінных галерэях і музеях свету. На будынку раённага Дома культуры замацавана мемарыяльная дошка ў памяць аб вялікім земляку. Ёсць у райцэнтры і бюст Шагала.

Населены пункт Зазыбы, які доўгі час уваходзіў у склад Лёзненскага раёна (цяпер — Віцебскі раён), — радзіма народнага пісьменніка БССР, акадэміка АН БССР Міхася Лынькова. Яго імя з годнасцю носіць Крынкаўская сярэдняя школа—сад, дзе адкрыты музей пісьменніка...

Наконт «фішкі» для турыстаў, лічу сярод іншага гэта і творчы брэнд «Сунічка». Яго «карані» ў абласным фестывалі самадзейных паэтаў і песеннікаў «Песні сунічных бароў».

Гэты фестываль многія гады насіў статус раённага і праводзіўся ў аграгарадку Дабрамыслі на базе Дома культуры. Цяпер і ў Лёзне. Удзел у ім бяруць паэты, музыканты, рамеснікі, іншыя людзі, надзеленыя дарам, талентам, — яркія і незвычайныя, з асаблівым пачуццём густу.

З мэтай падтрымкі таленавітых асоб у 2014 годзе ў раёне быў зацверджаны творчы брэнд «Сунічка». Усе ўстановы культуры актыўна ўключыліся ў яго распрацоўку і прасоўванне. За кароткі прамежак часу ў раённым Доме рамёстваў з'явілася разнастайная фірменная сувенірная прадукцыя. Адноўлены ручнікі пачатку XX стагоддзя, якія належаць майстрыхам нашага раёна. У іх арнаменце прысутнічае малюнак суніцы.

Падрыхтаваў Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.