Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Тры сустрэчы з «Песнярамі»

...Бацьку майму на здзіў «пашчасціла», бо ён у сваім жыцці не проста будаваўся, ён будаваўся тройчы: першая наша хата згарэла падчас страшэннага пажару, у другую — на вялікай машыне (непадалёк будаваўся трубаправод «Дружба») уехаў п'яны шафёр (шчасце, што самі не загінулі!), у трэцяй нашай усё было амаль па Высоцкаму: сцены ды печ пасярэдзіне. Факт, што гаравалі бацькі, пакуль будаваліся.

Спытаеце, прычым тут «Песняры»?

А пры тым, што ў нашай амаль пустой на той час хаціне з'явілася... радыёла «Рэкорд», а да яе — каробка з пласцінкамі!

Бацьку тады многія папракалі, маўляў, дурны: столькі патрэб у сям'і, а ён свае грошы на вецер кідае.

Але ж мы так не лічылі: слухалі песні, міжволі завучвалі словы, а неяк вечарам крутануў я колца настройкі на кароткіх хвалях і...

Пачуў спачатку, што гэта — «голас Амерыкі з Вашынгтона». Потым — што зараз «прагучаць песні савецкага ансамбля «Песняры». А далей...

Тое маё ўзрушэнне словамі не перадаць, бо песні і сапраўды загучалі... на роднай беларускай мове! Ды як?! Дагэтуль у вушах тое «вжык»: косіць Ясь канюшыну і глядзіць на дзяўчыну...

Вось так, дзякуючы «варожаму голасу», купленай радыёле і, вядома ж, бацьку, адбылося маё першае знаёмства з цудам, імя якому «Песняры».

Другая сустрэча адбылася ў Мінску, калі мы з сябруком, студэнты, што называецца, за хвост злавілі ўдачу: займелі аж два білеты ў філармонію на канцэрт сапраўдных, жывых «Песняроў»! І з першых гукаў, з першых слоў закахаліся ў «Вераніку», «Алесю», «Александрыну»...

Ды нават больш за тое: дзякуючы ім, палюбілі... класіку.

Прычым тут, спытаеце, яна?

Усё проста: на канцэрт у тую ж філармонію мы з сябрам трапілі па білетах, якія прадалі (была раней такая практыка) у нагрузку да «Песняроў», і ўсё першае аддзяленне... прасмяяліся: вельмі ж манернымі падаліся скрыпач з піяністам... Не кажучы ўжо пра паводзіны гледачоў, якія слухалі іх, заплюшчыўшы вочы.

Сорамна прызнацца, але тады адміністратарцы давялося суцішаць нас, пагражаць, што выведзе.

Мы ў выніку сціхлі: сталі, як іншыя, слухаць музыку, і гучала яна проста цудоўна!

Але ж гэта, прабачце, лірычнае адступленне. Трэцяя гісторыя адбылася ў 90-х і звязана, як быццам, не зусім з «Песнярамі», але ж не без іх.

На працы ў мяне быў сябар Мікола, старэйшы за мяне: пяцьдзясят збіраўся адзначыць. На банкет усіх супрацоўнікаў запрасіў. А яны тады мне ўльтыматум паставілі: мы, маўляў, скінемся і затраты табе кампенсуем, а ты ж — сябар, з цябе і падарунак.

Лёгка гэтак сказаць, а што прыдумаць?

Спачатку ідэй не было зусім, і я ледзь не здаўся. Але ж праз нейкі час успомніў, што юбіляр калі-нікалі, пад пэўны настрой, мог расцягнуць мяхі старэнькага гармоніка. Ну вельмі старэнькага... Вельмі... Значыць, трэба падарыць яму новы!

Цудоўная думка, калі не ведаць, якія былі часы і тавары ў крамах: пустэча там...

Але ж, дзякуй Богу, не ў галаве! Падумаў я, што музыкі не могуць усё жыццё іграць на адных і тых інструментах. Пэўна ж, купляюць новыя? А куды тады старыя? Ну, не на сметнік жа?

Гэтыя думкі «завялі» мяне ў... тую ж філармонію. У ёй (хоць і не без цяжкасцяў) я знайшоў патрэбнага чалавека. Спытаў, ці ёсць у іх музычныя інструменты, на якіх некалі ігралі «Песняры». «Ёсць», — адказаў мне той. — «І гармонік ёсць?» — «І гармонік...» — «А ці можна яго прыдбаць?» — «Можна. Грошы ў касу... Толькі хай спачатку майстар паглядзіць».

Карацей, усё атрымалася! Мікола ў свае 50 атрымаў шыкоўны гармонік! Ад саміх «Песняроў»!

Перадаць яго пачуцці па-ранейшаму немагчыма!

Не менш, чым сябар, быў усцешаны і я.

Іван Гаральчук, г. Мінск.


Лідскія бліны

...У памяці мне той ліпень. Ну, яшчэ б: за плячыма школа, інстытут і адна з найгалоўнейшых падзей — вяселле...

Пасля яго да першага жніўня, да канца адпачынку, заставалася яшчэ два тыдні. І гэты час мы з мужам збіраліся правесці ў доме яго бацькоў.

Трэба сказаць, што мяне, нявестку, яны прынялі ў сям'ю, як дачку. І вельмі шкада, што мая другая мама (так я звала свякроўку і, дарэчы, па просьбе роднай мамачкі) на той час ужо моцна хварэла і праз паўгода пайшла ад нас, хоць было ёй толькі 50.

Але ж тут аповед пра іншае.

Мужава вёска стаіць на беразе Нёмана. І таму ці не ўсе мужчыны яшчэ на досвітку ідуць на рыбу.

Пакіравалі і мае — муж са свёкрам. Мне ж, падняўшыся, трэба было зрабіць сняданак. Але які?

Папыталася ў свякроўкі, ды той, мусіць, кепска было. Кажа: «Я свайму старому і хлеба з малаком магу на стол падаць, а ты свайму рабі, што хочаш».

Добра. У нас на Лідчыне зранку заўсёды бліны і патэльня яек.

Надзерла я, значыць, міску бульбы. Трэба ў цеста дадаць мукі. А дзе яна? Спытала б у мамы, ды тая заснула бедная... Паглядзела сама — у адной шафцы, у другой... Нідзе не відаць. Толькі свіная ў мяшках стаіць.

А час жа ідзе. Вось-вось мужчыны галодныя прыйдуць.

Карацей, з той нявыкруткі сыпнула я ў місу нейкага вотруб'я і стала пячы бліны.

Трэба сказаць, што атрымліваліся яны проста на здзіў: пухлыя, жоўтыя... А якія на смак, я не ведаю, бо сама не каштавала. Па-першае, неяк часу не было, пакуль пякла ды яйкі смажыла, а па-другое, страшна...

І вось прыходзяць мае рыбакі.

— Ну, чым карміць нас будзеш? — пытаецца свёкар.

Я хуценька паставіла на стол смятану, масла, патэльню з яйкамі і, вядома ж, «печыва»!

Мужчыны ўзяліся есці. Спачатку — моўчкі, бо галодныя, а потым і прыглядацца ўжо сталі:

— Нейкія цікавыя ў цябе бліны атрымаліся, — кажа свёкар. — Мая жонка столькі гадоў іх пячэ... Розныя былі, але вось такіх — я ніколі не еў! Што значыць маладыя цяпер і з іншай мясцовасці! Па-іншаму і гатуюць!

Ён гаворыць так, а мне хоць скрозь зямлю праваліся: ганьба якая! Не ведаю, што казаць.

Цэлы дзень хадзіла, як хмара, перажывала, каб маім мужчынам хоць дрэнна не стала — абы чаго з'еўшы...

Але ж абышлося, дзякаваць Богу! І сакрэт «сваіх «лідскіх» бліноў я з часам раскрыла. Свёкар тады сказаў:

— Малайчына, знайшла-такі выйсце! Значыць, сын з табою галодным не будзе — заўсёды нечым пакорміш...

Вось і кармлю. Хоць ён калі-нікалі, убачыўшы новыя бліны, возьме ды і спытае:

— Тут нармальная мука? Не свіная?

— Не, — кажу, — тая толькі аднойчы была: у наш мядовы месяц.

Кацярына Будзіловіч, г. Скідзель.


З лёгкім духам!

Неяк раз дзядзька Іван запрасіў дзядзьку Стася ў лазню.

Стась з тае радасці і каб потым аддзячыць купіў бутэлечку, паставіў у хаце на стол. Сказаў:

— Вып'ем, Іванка, пасля лазні.

— А давай лепш зараз кульнём, — прапанаваў гаспадар, — пакуль мая Марыся гарбузы даполвае. А то ж з'явіцца — на ўсю вёску ляманту будзе.

Што ж — прычына слушная: выпілі. Іван расчуліўся, прызнаўся:

— Добры ты чалавеча, Стась. І сусед — якіх пашукаць! З табою жыць бы і жыць!

Пасля гэткага прызнання ён палез у шафу і адтуль, з новага жончынага бота, дастаў яшчэ адну прыхаваную бутэльку:

— Раздзелім і гэту, Стасік! Колькі таго жыцця!..

Дзялілі па справядлівасці, разлівалі па шклянках. Выпілі, даелі агуркі, сяк-так памылі посуд, у будку да Тузіка схавалі пустую тару, потым, па-брацку падстаўляючы плячо адзін аднаму, павалакліся ў лазню.

Там Стась яшчэ здолеў раздзецца, нават поўнасцю, а вось Іван — не, майка засталася (а зрэшты, хто яе бачыў?)

Узяліся мыцца... Палезлі на палок. Паддалі духу. Добра-такі пахвасталіся венікамі...

Вечарэла. Акенца ў лазні зусім маленькае, ды і «рэзкасць» у вачах абодвух дзядзькоў была, мякка кажучы, не вельмі... Аднак Стась (досыць мажны па камплекцыі) сказаў шчупламу Івану:

— Лезь, брат, на палок, кладзіся — я табе венічкам спіну пашарую.

Стаіць, значыць, упіраецца, трэ... У Івана аж косці трашчаць ды... майка разам з венікам «ездзіць».

— Божачкі, Іване, — жахаецца «масажыст», — я ж табе скуру садраў! Злазіць, як «мундзір» той з печанай бульбы!

— Ды халера з ім, Стасік. Ты не бойся — шаруй... Мне зусім не баліць.

...Карацей, памыліся дзядзькі — нічога не скажаш: і самі, і Стасеву майку трохі абмылі.

Што значыць лазня! Трайная карысць...

Алена Несцяронак, г. Докшыцы.

Ад яе ж...

Гэта год скончыўся. А вось наш конкурс на самую лепшую «вясёлую і праўдзівую гісторыю з жыцця чытачоў «Звязды» — не: і звычайная, і электронная пошта па-ранейшаму прыносяць у рэдакцыю чытацкія «байкі», што надзвычай прыемна — разам з разважаннямі наконт «старых», змешчаных у 2016 годзе. «Звяздоўскі «провад», — чытаем у адным лісце, — гэта вельмі карысная вынаходка, гэта сапраўдны жыццяпіс!» «Усе гісторыі, — прызнаецца другі чытач, — я ацэньваў на «добра» і «выдатна», бо «тройкі», «двойкі», а тым больш «калы» зусім не для нашай рубрыкі». «Я не зайздрошчу членам журы, — чытаем у трэцім лісце, — з больш чым сотні «баек»вельмі цяжка выбраць найлепшыя... Нават дзесяць».

Вы хацелі б паспрабаваць і ацаніць усё надрукаванае? Тады паспрабуйце (калі, вядома ж, ёсць такая магчымасць) пагартаць падшыўку «Звязды». А яшчэ лепш — зайсці на сайт газеты, паглядзець «Калейдаскоп» і ў ім — «Вясёлыя гісторыі чытачоў».

Дзясятку найлепшых мы вызначаем разам.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.