Вы тут

Не работа, а мара!


Работа... Як многа ў гэтым слове... Але добра, калі пераважна ці ўвогуле цалкам — станоўчага. А тое, ведаеце, часам бывае зусім інакш... («Хаджу на работу вельмі хутка. Каб не перадумаць».) Але хочаш не хочаш, а прыкладаць пэўныя намаганні трэба, бо куды ж без гэтага? («Ходзіш на работу — няма калі жыць. Не ходзіш — няма на што».) Таму, чаго там хаваць, многія мараць аб занятку, каб, як той казаў, і грошы добрыя атрымліваць, і напружвацца як мага менш. Ну, ці нейкія іншыя прыемныя дывідэнды ці бонусы мець. («Прыйшоў на работу і як да-ва-й піць гарбату і сядзець у інтэрнэце!») Але так мы вярнуліся да таго, з чаго пачыналі. («— Зарплата, ты ўвогуле ў курсе, што я на работу хаджу?») Нядаўна прачытаў навіну, што ў Фэйсбуку з'явілася група, прысвечаная мужам і бойфрэндам, якія мусяць кожныя пяць хвілін фатаграфаваць сваіх інстаграм-залежных каханых. З аднаго боку, іх як быццам бы шкадуюць, паказваючы і расказваючы, які гэта цяжкі занятак, — патураць капрызам сваіх другіх палавінак. («Галоўнае для дзяўчыны — знайсці таго самага, які яе нармальна сфатаграфуе».)


З іншага боку, мужчын жа ніхто не прымушае пад дулам пісталета, самі свае здольнасці дэманструюць, калі час надыходзіць? («Чэмпіён свету па гольфе можа проста ад меха пасадзіць пяць сотак бульбы. Але ён не ведае аб сваім таленце, таму што ён чэмпіён свету па гольфе».) І, што самае цікавае, у іх сапраўды часта атрымліваецца зрабіць арыгінальныя здымкі. Як жартавала каманда БДУ, чэмпіён Вышэйшай лігі КВЗ, парадзіруючы журы, членаў, якім даводзіцца падымаць таблічкі з баламі, «гэта ж сабачая работа... а іх жа гэтаму ніхто не вучыць!» А ўсё чаму? Дык ідэальны кадр здабываюць для каханай! Чым не бонус? Зноў жа — пляжы, пальмы, яхты... У такіх умовах можна крыху і напружыцца, разлічваючы потым на ўдзячнасць з боку спадарожніцы. («— Ты зразумей, калі ты ўкладваеш у дзяўчыну сродкі, дык табе гэта потым усё вернецца з працэнтамі! Як у ашчадным банку! — Выходзіць, я двойчы ў МММ уклаўся...»)

Словам, калі захацець, дык пры пэўных намаганнях і долі шанцавання можна адчуць сябе яшчэ тым шчасліўчыкам! (З вядомага мультфільма: «— Павер мне, Карлсан, не ў пірагах шчасце... — Ты што, з глузду з'ехаў? А ў чым жа яшчэ?») Памятаеце, як па свеце шукалі кандыдата на ролю даглядчыка... трапічнага вострава? За добрую зарплату ён павінен быў проста жыць у гэтым райскім месцы і пісаць справаздачы пра чарапах, чысцюткі пясочак, прыбой... («Рай — гэта калі няма будзільнікаў, панядзелкаў і начальнікаў».) Пісалі пра 22-гадовую аўстралійскую мадэль, студэнтку Гарварда, якая ў вольны час падарожнічае па самых прыгожых кутках планеты дзеля сексуальнага фота ў купальніку на фоне незвычайных марскіх істот. Здымкі ў сеціве атрымалі такую папулярнасць, што дзяўчына ўстанавіла дзелавыя адносіны з гасцініцамі і брэндамі купальнікаў, якія цяпер і рэкламуе. Дзякуючы гэтаму свае падарожжы мадэль стала аплачваць толькі напалову. (З таго ж мульціка: «— А мы тут плюшкамі балуемся...»)

У Расіі неяк быў патрэбны выпрабавальнік... канап з «работай» дома. Адным з патрабаванняў да кандыдата пазначаўся маларухомы лад жыцця: для штодзённага прагляду тэлеперадач на канапе на працягу не менш як дзесяці гадзін на суткі.

(«Пайду спалучу прыемнае з карысным: пасплю і пасплю».) А калі б яшчэ і з каханай разам можна было б на такую работу ўладкавацца... («Знайсці свайго чалавека з тым жа псіхічным расстройствам — вялікая каштоўнасць».)

А навіну са Швецыі чулі? Там адзін палітык нядаўна прапанаваў рабіць падчас працоўнага дня перарывы... для сексу. Па яго задуме, работадаўцы павінны даваць супрацоўнікам для інтыму гадзіну, якая аплачваецца. Маўляў, усё для ўмацавання адносін у парах, бо яны мала часу бавяць разам. («— Любы, ты са мной шчаслівы? — А куды падзецца?») Палітык не выключае, што работнікі могуць выкарыстоўваць гэты час і па іншым прызначэнні, для прагулкі напрыклад. («Калі б мне мой урач сказаў, што мне засталося жыць восем гадзін, я пайшоў бы з каханай па крамах! І гэтыя восем гадзін падаліся б мне вечнасцю».) Так што цікава будзе дачакацца працягу тэмы са Швецыі.

Беларусы ў пошуках работы мары таксама не адстаюць ад свету. Памятаеце маналог мужа ранкам пасля карпаратыву ад усё той жа каманды БДУ? («— Дзе мая жонка? — У раддоме. — Чаму? — Робіць. — Гэта ж трэба, у раддом, як на работу!») Дык вось нядаўна адна сямейная пара арганізавала ўласны бізнес па вытворчасці інтымнай змазкі з натуральных прадуктаў, заняўшы вольную нішу на рынку. А што, і самім добра, і людзям карысць. («— У-у-у, як рамантычна... Свечкі, масла... — Дарагая, закрый капот!»)

А нядаўняя нашумелая рэклама беларускай жаночай бялізны? У ёй паказана быццам бы гэта работа — мара сапраўдных мужчын. Мускулістыя хлопцы шчыруюць на вытворчасці: вырабляюць фурнітуру, прасуюць бялізну і ўпакоўваюць яе... («— Ты вядзеш няправільны лад жыцця. — Толькі не трэба мне зайздросціць!») Што б там ні казалі, атрымалася крэатыўна. І ў гэтым мне бачыцца тая самая работа мары. Тых людзей, якія зрабілі гэтую рэкламу. Яны па-добраму пахуліганілі, а ім за тое яшчэ і грошай далі. Таму напрыканцы галоўнае.

«Як казаў мой дзед: «Калі «накасячыў», а адчування віны так і не з'явілася, значыць, усё зрабіў правільна!»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.