Вы тут

Парады будучым журналістам


Вельмі радуе, калі нашы юныя і маладыя няштатныя аўтары спрабуюць падаваць свае «пробы пяра» ў самых разнастайных жанрах: эсэ, замалёўка, нататка, інтэрв'ю, рэпартаж. На жаль, па шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын гэтыя спробы не заўсёды заканчваюцца поспехам і матэрыял так і не з'яўляецца на старонках газеты. Паспрабуем коратка растлумачыць чаму.


Рэпартаж — гэта пераказ у сённяшняй газеце таго, што адбылося ў жыцці ўчора. У пэўных выпадках, калі няма абавязковай прывязкі да даты, а толькі да падзеі, гэты тэрмін не адыгрывае такой важнай ролі. Тады рэпартаж можа быць апублікаваны і пазней. Напрыклад, аповед пра адзін дзень дзяжурства журналіста з брыгадай «хуткай дапамогі». Абітурыент наўрад ці зможа падрыхтаваць такі матэрыял, але тым не менш.

Нагадаю, што маладзёжны дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» выходзіць двойчы на месяц, значыць, гаварыць пра нейкую рэпартажнасць не выпадае апрыёры. І галоўная памылка нашых маладых няштатных аўтараў якраз у тым, што яны робяць стаўку менавіта на даты: святкаванне Дня роднай мовы, Масленіцы, 23 лютага, 8 Сакавіка і г. д. Гэта выглядае прыкладна так. Скажам, у школе адбылося нейкае свята. Праз некалькі дзён самастойна або па падказцы настаўніцы ці кіраўніка гуртка журналіст-пачатковец вырашае напісаць рэпартаж. Гэты працэс таксама займае пэўны час. У выніку рэдакцыя атрымлівае «пробу пяра» ў лепшым выпадку (!) праз тыдзень-два пасля падзей, што адбыліся. А калі прайшло яшчэ больш часу? Гэта дапушчальна для школьнай насценнай газеты, але не для рэспубліканскага перыядычнага выдання. Паклаўшы руку на сэрца, прызнайцеся, аўтары, вам самім было б цікава чытаць пра тое, што адбылося даўно і ўжо забылася? Тыя мерапрыемствы трэба выкарыстоўваць для таго, каб заўважыць там, напрыклад, цікавага чалавека — будучага героя публікацыі, пазнаёміцца з ім, дамовіцца пра сустрэчу.

Некалькі слоў пра інтэрв'ю — не менш папулярны жанр у нашых юных і маладых аўтараў. Як метад — гутарка з чалавекам — ён ляжыць у аснове многіх матэрыялаў. Але зусім не абавязкова кожны раз афармляць іх у форме пытанняў і адказаў. Пачутае можна пераказаць і сваімі словамі. Аўтары ж часта скрупулёзна фіксуюць кожнае сказанае іх героем слова. Навошта? Калі вы спыталі ў некага, скажам, пра кур'ёзны выпадак з жыцця, а суразмоўнік адказаў, што такіх не было, не трэба гэта выкарыстоўваць. Бо што вы хацелі паведаміць чытачу, калі насамрэч нічога не адбылося? У жывой гутарцы такія пытанні задаваць трэба, але напісанне тэксту на падставе размовы мае на ўвазе яго абавязковую літаратурную апрацоўку. Што гэта азначае?

Любому з нас уласціва хвалявацца, нешта забываць. Таму жывая гутарка часта можа быць хаатычнай, хоць на слых гэта і не заўсёды заўважна. Мы штосьці прыгадалі, вярнуліся да ранейшага пытання, суразмоўнік даў нагоду для незапланаванага пытання — на тое гэта і жывыя стасункі. Але на паперы лепш не выкладаць усё пачутае ў храналагічным парадку. «Раскіданыя» пытанні-адказы трэба аб'ядноўваць тэматычна. Калі, скажам, вы гаворыце з нейкім выканаўцам, першым блокам могуць ісці пытанні пра яго зварот да творчасці. Другі блок — здабыткі, дасягненні. Далей можна распытаць пра творчыя планы. Калі суразмоўнік не супраць, адхіліцеся ад музычнай тэмы і задайце некалькі пытанняў пра яго сям'ю, аб'яднаўшы іх у чарговы адзіны блок.

Бывае так, што любы адказ візаві (нават аднаскладовы, якім бы ён ні быў) мае значэнне. Але ў большасці выпадкаў, калі вы ўсё ж вырашылі напісаць сваю публікацыю менавіта ў жанры інтэрв'ю, раім аб'ядноўваць некалькі простых пытанняў у адно. Адпаведна, тое ж зрабіць і з адказамі. Напрыклад: «З якога ўзросту вы пачалі займацца музыкай? Памятаеце свае першыя спробы напісання песень? Як да гэтага паставіліся вашы родныя?»...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Работа над памылкамі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.