Да Зямлі рухаецца гіганцкі астэроід 2014 JО25, а ноччу з серады на чацвер ён наблізіцца да нашай планеты на максімальна блізкую адлегласць за апошнія 400 гадоў. Аб гэтым паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на анлайн-абсерваторыю Slооh.
Гэта нябеснае цела было адкрыта ў 2014 годзе з дапамогай аўтаматызаванага тэлескопа ў ЗША. Па розных ацэнках, яго дыяметр можа складаць ад 640 метраў да 1,5 кіламетра. Навукоўцы паведамляюць, што касмічны аб'ект праляціць на адлегласці ў 1,77 мільёна кіламетраў ад Зямлі, а хуткасць палёту астэроіда складае каля 33 м/с.
Спецыялісты таксама падкрэсліваюць, што паверхня 2014 JО25 у два разы мацней адлюстроўвае сонечнае святло, чым паверхня Месяца. Таму за палётам касмічнага цела можна будзе назіраць з Зямлі ў аматарскія тэлескопы ці нават простым вокам.
Разам з тым астраномы запэўніваюць, што Зямлі нічога не пагражае, бо траекторыя палёту гэтага астэроіда не перасякаецца з яе арбітай. На іх думку, ён наўрад ці калі-небудзь сутыкнецца з Зямлёй. Але абсалютнай упэўненасці ў гэтым, вядома, няма — у космасе ўсякае бывае. Гэты астэроід, напрыклад, рэгулярна збліжаецца з Венерай і Меркурыем. Хто ведае, як паўплывае прыцягненне гэтых планет на траекторыю яго палёту. Падлічана, што ў 2091 годзе астэроід 2014 JО25 зноў апынецца вельмі блізка ад нашай планеты. Але наколькі блізка, пакуль можна толькі гадаць. Пачакаем...
Сяргей КУРКАЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?