14 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону і грамадзянам гэтай краіны з нагоды нацыянальнага свята Французскай Рэспублікі. У той жа дзень у Мінску прайшоў прыём з нагоды гэтай важнай даты. Прыемна было, што Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі Дыдзье Канес высока ацаніў ролю нашай краіны ў сферы еўрапейскай бяспекі: «Мы цэнім дапамогу Беларусі, праведзеную работу ў рамках нармандскага фармату». З боку Беларусі прывітальнае слова ўдзельнікам прагучала ад намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі. Ён нагадаў прысутным, што сёлета мы святкуем 25-годдзе знамянальнай даты — устанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. На думку беларускага дыпламата, за гэты перыяд мы дасягнулі сур'ёзных поспехаў у развіцці ўзаемадзеяння па многіх напрамках.
Велізарную ролю ў развіцці нашых адносін іграе французскі менталітэт. Французы вядомыя ў Беларусі як людзі душэўныя, аматары паесці і адпачыць, схільныя да вытанчаных мастацтваў і навук, а таксама як гасцінныя гаспадары. У Еўрасаюзе яны вядомыя тым, што актыўна абараняюць нацыянальную культуру, змагаюцца з амерыканскім уплывам і стандартызацыяй. Французская літаратура і кіно робяць краіну вельмі вядомым брэндам, і чыноўнікі Францыі яго развіваюць і абараняюць. Францыя таксама адзіная краіна «старой Еўропы», дзе няма сур'ёзных праблем з нараджальнасцю — яна знаходзіцца прыкладна на беларускім узроўні.
У сферы развіцця эканомікі вялікую ролю іграюць сумесныя мерапрыемствы, на якіх бізнесмены дзвюх краін знаёмяцца з магчымасцю двухбаковага супрацоўніцтва. Апошняе маштабнае мерапрыемства такога роду адбылося з 23 па 27 мая 2016 года ў Парыжы. У рамках беларуска-французскага дзелавога тыдня прайшлі другое пасяджэнне сумеснай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, ІІ Беларуска-французскі бізнес-форум і круглы стол удзельнікаў франка-беларускага дзелавога клуба. Са шкадаваннем трэба адзначыць, што ў 2016 годзе беларускі экспарт у Францыю быў самы нізкі за пяць гадоў, склаўшы 42,8 мільёна долараў. Але тое ж самае можна сказаць і пра імпарт, які знізіўся да 243,2 мільёна долараў. Пачатак 2017 года прынёс пэўнае ажыўленне ў таваразварот. Экспарт вырас у першыя чатыры месяцы года напалову, імпарт на дваццаць працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года.
Для Беларусі важная роля Францыі як пастаўшчыка сучаснага абсталявання, якое выкарыстоўваецца ў беларускай эканоміцы. Напрыклад, летась у Мінск быў пастаўлены тунэлепраходніцкі комплекс французскай кампаніі СSM Bеssас для будаўніцтва трэцяй лініі мінскага метрапалітэна. Чакаецца, што сучаснае інавацыйнае абсталяванне дазволіць УП «Мінскметрабуд» павялічыць хуткасць будавання тунэляў у некалькі разоў.
Працяглую гісторыю мае супрацоўніцтва парламенцкай групы дружбы Францыя — Беларусь Нацыянальнай асамблеі Францыі з беларускім парламентам, якое праходзіць у рамках рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Французскай Рэспублікі. Візіты яе прадстаўнікоў у нашу краіну заўсёды шырока асвятляюцца ў беларускай прэсе і праходзяць на вельмі сяброўскай аснове.
Перспектывы развіцця нашых адносін звязаны, як і ў выпадку з Расійскай Федэрацыяй, з умацаваннем рэгіянальных адносін. Так, 27 мая 2015 года адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве і пабрацімскіх сувязях паміж горадам Туркуэнэ і Партызанскім раёнам горада Мінска, у выніку чаго можна чакаць ажыўлення абмену пазітыўным вопытам двух партнёраў. Сярод гісторый паспяховага супрацоўніцтва, якія ўжо адбыліся, можна назваць адносіны Мінск — Ліён, Гомель — Клермон-Феран, Гродна — Лімож, Магілёў — Вілербан, Брэст — Брэст, Порт-сюр-Сон, Наваполацк — Шафай, Жывор. Магчыма, што ўжо ў гэтым годзе можа прайсці першы ў гісторыі Форум рэгіёнаў Беларусі і Францыі.
Як будуць развівацца адносіны з Францыяй, залежыць і ад таго, як будуць трансфармавацца ўмовы функцыянавання праграмы «Усходняе партнёрства». Гэтай восенню ў Бруселі будзе праведзены саміт, на якім плануецца сур'ёзна перагледзець праграму. Хочацца спадзявацца, што новыя ўмовы адкрыюць яшчэ больш магчымасцяў для канструктыўнага супрацоўніцтва дзвюх краін.
Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?