Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Шчаслівая рыбалка

Лета — не толькі час адпачынку, але і цяжкай працы. Як той спяваў «А ў суботу сэрца плача: зноў на дачу, зноў на дачу...»

У майго калегі яна знаходзіцца пабач з горадам, у чароўным кутку на беразе невялікай рачулкі, аднак на ўзвышшы, таму паліваць гарод даводзіцца досыць часта. Добра, што машына ёсць — можна мігам крутнуцца. Ды і сын, памочнік, расце... Праўда, малы пакуль: то градку патопча, то зялёнага агрэсту натрушчыцца, то замест травы моркву павырывае. Шкоды, карацей, часам больш, чым падмогі.

Вось і той раз бацька даў яму вудачку, і адправіў на рэчку.

Малы, вядома ж, пайшоў — усеўся на беразе, чакае ўлову. Але таго няма: не тое, што вялікага, — аніякага, ні праз 10 хвілін, ні праз 40... Не тыя, відаць, чарвякі? Ці дзень? Ці рэчка... Для сына...

У бацькі — у адрозненне ад яго — усё як след ішло: за тыя ж 40 хвілін ён паспеў зрабіць ці не ўсё, што планаваў. Засталося хіба градкі паліць.

З вёдрамі прыйшоў да рэчкі.

— Як рыбалка? — папытаўся ў малога.

— Ды ніяк! Няма тут ніводнай рыбкі! Паплавок нават не варухнуўся ні разу!

— Ну, тады складвай вудачкі. Я гарод палью, і паедзем дадому.

Сын з вудамі падаўся ў бок лецішча. Бацька трохі пастаяў на беразе, набраў у вёдры вады, рушыў следам, як тут, наперарэз яму, двое абарыгенаў. Пытаюцца:

— Мужык, рыба свежая трэба?

— Адкуль?

— Ды з рэчкі. Сёння паўдня рыбачылі. Улоў багаты. Бяры (паказваюць пяць акунёў), нядорага аддадзім...

«Калі так, — думае дачнік, — то чаму б не ўзяць? Свежая рачная рыба (яшчэ нават жывая!) — гэта ж не крамная — перамёрзлая»...

Карацей, старгаваліся яны — дачнік узяў акунькоў.

Куды палажыў? Ну, вядома ж, у вёдры з вадой.

Прынёс іх на дачны ўчастак.

— Ну, што, сынок, — кажа малому, які ўжо пакуе рэчы, — не ўмееш ты пакуль што рыбу лавіць. Ідзі, паглядзі, як трэба: бярэш, значыцца, вядро, зачэрпваеш вады — і ўсё, гатова... Рыбы — на добрую юшку.

Хлопчык слухае і, вядома ж, не верыць (жартуе бацька!), але да вёдзер ідзе...

І цяжка сказаць, што — рот ці вочы — акругляецца ў яго больш...

Ва ўсякім разе, у кампаніі аднагодкаў ён, магчыма, і цяпер выхваляецца той рыбалкай. Кажа, што бацьку ягонаму вельмі шчасціць — рыба сама ў вёдры скача.

Анатоль Палынскі, г. Беразіно


Костачка на ўспамін

...У тыя часы асноўнай прыладай у бухгалтарскай справе быў не камп'ютар і нават не калькулятар, а канторскія лічыльнікі — драўляная такая рамка з костачкамі-колцамі на стальных прутках.

Якраз яна, гэтая прылада, і стала ледзь не галоўнай гераіняй маёй гісторыі, другой, вядома ж, пасля дзяўчыны-бухгалтаркі.

Тая працавала ў невялічкай местачковай канторы, мела ад роду гадоў пад трыццаць — на добры толк ужо і замуж пара, але ж неяк ніхто не клікаў. Хіба...

Заляцаўся крыху да гэтай дзяўчыны заезджы інспектар, неяк нават начаваць у яе застаўся.

Яна пасля гэтага ўжо, відаць, «злажыла і палажыла», як той казаў: у марах выйшла за хлопца замуж, нарадзіла дзяцей ды жыла-пажывала... Як тут да мястэчка даляцела горкая вестка, што ў гэты час інспектар жаніўся з іншай.

На вочы бухгалтарцы пасля такой неспадзеўкі лепш было не паказвацца, але ж вытворчасць ёсць вытворчасць, начальства ёсць начальства: інспектар мусіў зноў паехаць у тое мястэчка, у тую невялічкую кантору.

Зайшоў, сеў там на вольнае крэсла (падалей ад бухгалтаркі) — пачаў размову з кіраўніком і, мусіць, аслабіў пільнасць, бо далей...

Па словах відавочцаў, гэта быў «кідок пантэры» — нечаканы, імгненны... І ўдар — акурат такі ж: па галаве... Ад чаго пруткі ды костачкі лічыльнікаў разляцеліся па баках, а сам інспектар залыпаў вачамі і закруціў галавой, нібы той жарэбчык, на шыю якога раптам надзелі хамут...

«Пантэра» пасля гэтага куляй выскачыла ў дзверы, трое мужчын цішком душыліся смехам, адзін — асцярожна здымаў з шыі, з галавы тое, што засталося ад лічыльнага апарата.

Ён — якая-ніякая, але ж дзяржмаёмасць: проста так яе з уліку не спішаш. Значыць, трэба рамантаваць, а найперш па канторскіх кутках збіраць «запчасткі».

Як быццам невялікае там памяшканне і людзі стараліся, але адну светлую костачку так і не знайшлі. Меркавалі, што бухгалтарка ў космас яе запусціла, бо толькі-толькі паляцелі першыя спадарожнікі зямлі.

Іншыя ж казалі, што тую прапажу інспектар звёз, што яна яму запала не тое ў мазгі, не тое ў кішэню, каб надалей помніў, дзе трэба начаваць, дзе не.

Іван Сіманёнак, г. Паставы


Не такі страшны чорт...

Здарэнне гэтае адбылося гадоў сорак таму, калі тэлебачанне яшчэ не паказвала таго, што паказвае... Адпаведна, Андрусю, старому, але досыць прагнаму кавалеру, давялося самому арганізаваць для сябе кіно ў стылі «ню», прычым дакументальнае.

Да «прагляду» наш герой рыхтаваўся загадзя: злазіў на гарышча старэнькай лазні, што стаяла за гародамі, пракалупаў там у столі дзірку, замаскіраваў яе сенам...

У суботу бліжэй да вечара пайшоў глядзець. Спачатку і гадзіны са дзве, можна сказаць, «плавіўся» — чакаў, пакуль памыюцца мужчыны, пакуль возьмуць па чарцы-другой ды нагамоняцца...

Урэшце яны сталі разыходзіцца, распаўзацца па хатах. Марудзіў толькі дзед Юзік, які, крыху перабраўшы, зусім разамлеў ад духу і заснуў (у майцы ды акулярах) у прылазніку з валёнкам пад галавой.

— Пень стары, — закрычала, з'явіўшыся, ягоная жонка. — Як жа табе не сорамна? Паглядзіце: ён з маладымі чарка ў чарку п'е! І што далей?..

Далей, сабраўшыся мыцца, жанчыны (іншага выйсця не бачылі) усцягнулі на дзеда порткі і акуратна вынеслі яго пад вярбу — няхай цверазее.

Самі ж, галюткія (усхваляваны Андрусь ужо выцягнуў з дзіркі «затычку» — вокам прыпаў да «экрана»...), пабралі тазікі-ра́жкі, налілі вады, плюхнулі яе на камяні — паддалі духу. А таму «глядач», як ні стараўся, анічога згледзець не мог. Горш за тое — старыя падгнілыя дошкі спачатку затрашчалі пад ім, а потым...

Скончылася «кіно», так і не пачаўшыся, бо Андрусь — разам з пяском ды мяліннем — прызямліўся ў цэнтры лазні.

Аб край лаўкі разбіў лоб, а ў дадатак «падвалілі» жанкі — палічылі скабы (хто венікам, хто ражкай), аблілі вадой, твар абмазалі сажай.

Факт, што дзед Юзік, убачыўшы, як з лазні выскачыў чорт — чорны, кудлаты, страшны — у момант працверазеў.

А мужчыны ў вёсцы яшчэ доўга даймалі Андруся, — пры кожным зручным выпадку прасілі:

— Ну раскажы, што ты бачыў у лазні?

— Нічога, — злаваўся той і пераводзіў размову на нешта іншае.

Алена Несцяронак, г. Докшыцы


Ніхто не хацеў адступаць

Надакучыла нашай суседцы Марыі корпацца на градах, дзень пры дні то сеяць-саджаць, то палоць-паліваць, то са шкоднікамі змагацца... Закінула яна свой гарод і прыдбала козачак. Разлік быў такі: па-першае, сваё і вельмі карыснае малачко, па-другое, ніякіх праблем: толькі і знай, што гуляй сабе з козамі па лузе ці лесе.

Рана-раненька, значыць, выганяе Марыя свой статак і да вечара сядзіць каля яго, адпачывае, бо козы ні на крок ад яе. Ды калі і стрэліць якой адысціся, на варце стаіць казёл Козя. Ён спраўна службу нясе: разоў колькі травы скубане і «рогі ўверх» — пазірае, ці ўсе яго сябровачкі побач, ці няма дзе пагроз, паказвае — усім сваім відам — што лепей іх не чапаць, бо тады мала не падасца.

І сапраўды каму-нікаму перападала ад казла, але ж і яму аднойчы таксама. Ды так неспадзеўна...

Неяк раз, значыць, пасвіла Марыя сваіх коз каля дадатковых дачных участкаў. Нехта на іх кабачкі вырошчвае, нехта бульбу...

Тая дачніца якраз палола яе, а побач — унучак круціўся, госцік дарагі — ледзь прычакала на лета. І цяпер ён то ляцеў як самалёт, то гудзеў машынаю, то сачыў за мурашом, то размаўляў з жабкаю, то...

Матылёк аднекуль прыляцеў, пакружыўся над ім і падаўся якраз туды, дзе хадзілі козы. Хлопчык — следам за ім. А казёл ужо рогі падняў, чакае...

Малы ў нейкім метры таксама аслупянеў — спыніўся, але ж не тое што крыкнуць, нават піскнуць не можа.

Казёл толькі гэтага і чакаў: вочы вылупіў, рогі выставіў і вайной...

Бабулі — шкада — гэтага не бачылі: адна драмала пад цёплым сонейкам, другая — палола бульбу. Таму хлопчык мусіў бараніцца сам: хутчэй падсвядома ён махнуў рукой, у якой меў звычку насіць... палку. Такім чынам ні стуль ні ссюль казёл атрымаў паміж рог і аслупянеў таксама: адступіў на нейкі крок, пакруціў галавой — зноў пайшоў у наступ і зноў атрымаў па галаве, бо малы тым часам ачомаўся ад першага жаху і вырашыў абарону трымаць да канца: аж пакуль не прыйдзе падмога.

Яна, дзякуй богу, чакаць сябе не прымусіла: адна бабуля прачнулася, другая кінула рваць пустазелле — прыбегла выручаць унука, хоць гэта і нялёгка было, бо Козя ну ніяк не хацеў адступаць: злосна мэкаў, круціў галавою ды рваўся ў бойку, бо казёл ён і ёсць казёл...

Затое бабулін унук потым усім расказваў, як ён перамог таго ворага, як адлупцаваў яго.

Пра тое, як сам спужаўся, — ні слова ні паўслова. Мужчына...

Раіса Васільева, г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.