Вы тут

Неабходная абарона


Як даць рады самаўпэўненаму хамству?


Гаспадыня палевага сімпатычнага мопса стала зоркай сеціва, а яе выхаванец у відэазапісе выконвае ролю статыста. Выпадак рэдкі сам па сабе, бо калі ў кадры браты нашы меншыя — у чалавека мала шанцаў трапіць на першы план. Але тут дама ў жакеце колеру бляклай фуксіі вельмі пастаралася, каб галоўная роля дасталася менавіта ёй. Хаця пачыналася ўсё з сабакі...

Зрэшты, што я вам расказваю? Гэта відэа з віцебскай аптэкі не бачыў за апошнія два дні толькі лянівы карыстальнік інтэрнэту. Сюжэт забаўляльнага запісу з камеры назірання, што ўстаноўлена над аптэчнай стойкай, будзённы і банальны (калі хто ўсё-ткі не бачыў). Зайшла ў аптэку дагледжаная добра апранутая кабета паслябальзакаўскага ўзросту з пародзістым сабакам, папрасіла мазь ад апёкаў. Загадчык аптэкі падкрэслена ветліва папрасіў спачатку вывесці жывёлу з памяшкання, а калі мадам адмовілася гэта зрабіць, паведаміў, што не будзе яе абслугоўваць, на што мае поўнае права, бо правілы прадпісваюць забарону на знаходжанне жывёл у аптэцы. Наведвальніцы гэта вельмі не спадабалася, яна запатрабавала кнігу скаргаў, якую тут жа і атрымала. Мопс тым часам з цікавасцю абнюхваў усе куткі аптэкі. Яго гаспадыня пачала пісаць скаргу, але з якімі каментарыямі! «Рот закрый!» і «Мой сабака каштуе даражэй, чым ты!» — гэта, бадай, адзінае з яе палымянага маналогу, што можна працытаваць у газеце. Прамаўляўся ён самаўпэўнена і ганарліва — гаспадыня жыцця «ставіла на месца» прадстаўніка ніжэйшай касты: «Ну і што, што ў цябе вышэйшая адукацыя, а ў мяне «тэхнар»...»

Аптэкару, дарэчы, трэба паставіць помнік пры жыцці. За ўвесь час, што цётка скандаліла і абражала яго, ён не сарваўся, не павысіў голас. Мала таго, калі нарэшце мопс быў выпушчаны на вуліцу, ён яшчэ і прадаў ёй мазь, прычым прапанаваў некалькі варыянтаў, апісаў дзеянне кожнай. Пакупніца змяніла гнеў на міласць і замалявала ў кнізе скаргаў увесь свой запіс, нібы і не было яго. Яна думала, інцыдэнт вычарпаны: абліла брудам чалавека, пасля супакоілася («Вось такая я загадкавая»), і на гэтым усё. Але аптэкар нездарма некалькі разоў папярэджваў скандальную даму, што вядзецца відэазапіс...

А гераіню роліка мне ўжо нават і шкада. Такой вядомасці яна дакладна не хацела — знаёмыя ў каментарыях ужо нават і прозвішча яе напісалі. Але, паколькі яна прадстаўніца, на жаль, тыповай з'явы ў нашым грамадстве, можа, і добра, што так атрымалася. Будзе навука іншым паслядоўнікам філасофіі агрэсіўнага хамства.

Вы не заўважылі, што ў нас неяк неўпрыкмет з'явіўся гэты новы клас — самаўпэўненыя хамы? Тыповыя рысы: 30—50 гадоў, пры немалых грашах, часты кліент у дарагіх цырульнях, буціках, кабінеце касметолага. Пол — у пераважнай большасці — жаночы. Адукацыя — сярэдняя або сярэдняя спецыяльная (адсутнасць вышэйшай пастаянна падкрэсліваецца як асаблівая вартасць). Ні ад кога не залежыць, грошы зарабляе сама. Лічыць, што за гэта ёй усе вінны (быць ветлівымі, прапускаць без чаргі, саступаць лепшае месца, прыбіраць за ёй — спіс можна працягваць да бясконцасці), пры гэтым яна нічога падобнага не вінна нікому. А калі хтосьці паспрабуе намякнуць, што ўсё ж вінна, — «Рот закрый!» — гэта тое, што пачуе ад яе ў адказ у лепшым выпадку. Здаецца, і выбраліся ўжо з эпохі «чаўнакоў» і «карабейнікаў», а лексіка і паводзіны, без якіх у сярэдзіне 90-х было проста не выжыць, паспяхова перадаліся ў спадчыну наступнаму пакаленню.

І, што характэрна, управы на іх фактычна няма. Ведаю многіх людзей — выхаваных, адукаваных, спакойных, самадастатковых, якія пры падобных «наездах» проста ніякавеюць і лічаць за лепшае саступіць, чым спрачацца і стаць аб'ектам новых абраз. Я ўжо не кажу пра адпачынак за мяжой — калі назіраеш, як твая суайчынніца ўводзіць у ступар абслугу гатэля ці рэстарана, хочацца прыкінуцца грамадзянінам Антарктыды. Адзінае месца, дзе сучасныя парвеню могуць атрымаць па вушах, — вёска. Там такіх не любяць і не баяцца. Ім і назву даўно прыдумалі трапную — «Дай свінні рогі, а карове — сядло». Прыедзе такая мадам на сваім аўто купляць, напрыклад, участак, пальцы веерам раскіне, а мясцовы дзядзька з хітрай усмешкай пасярод яе спіча пра тое, якая яна крутая, спытае раптам: «Слухай, а ты не ведаеш, па чым парасяты ў Ракаве?» Людзі рагочуць, мадам або панікае і хуценька рэціруецца, або — што нярэдка бывае — пераключаецца на нармальную чалавечую мову...

Усё-ткі малайчына той аптэкар. Стварыў, што называецца, прэцэдэнт, прыцягнуў увагу шырокай грамадскасці. Глядзіш, задумаемся і пра тое, як удасканаліць заканадаўства, каб абарона ўласнай годнасці стала звычайнай з'явай цывілізаванага грамадства, і пра тое, каб увесці ў садках і школах заняткі па этыцы, на якіх не толькі навучаць карыстацца сталовымі прыборамі, але і камунікаваць з людзьмі, прынамсі, расставяць акцэнты, што прыстойна, а што — не. Разам дадзім неяк рады. Самі ж сабе пасля дзякаваць будзем.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.