Вы тут

Усмешкі са старога фота, або найлепшыя настаўніцы жыцця


Раніцай на вайбер зусім нечакана прыйшло прывітанне са шчаслівага (бо маладога) мінулага. Аднавясковец, які яго даслаў, следам пазваніў: «Вось аблічбавалі стары архіў. Думаю, у цябе гэтага фота няма. Вырашыў паслаць. Я аж праслязіўся, гледзячы...» З каляровай картачкі, зробленай гадоў дваццаць, а мо і больш назад, пазіралі і ўсміхаліся, прыжмурыўшы вочы ад яркага сонца, яшчэ жывыя мама і нашы старэйшыя суседкі бабуля Жэня і цётка Лёня. Прыбраныя — пэўна, было нейкае свята: бабулі ў хустках «з люраксам», мама — у сукенцы з карункавым каўнерыкам. Прыселі, як заўсёды любілі, на лаўцы каля Марэцкай хаты, а тут і фатограф намаляваўся. Падабраліся, усміхнуліся, мая Васільеўна яшчэ і кацяня на рукі ўзяць паспела. Харошае фота — цёплае, жывое, і ты нібыта побач з імі прысеў і адчуваеш цёплыя промні на твары і водар мамінай любімай парфумы. А яшчэ тое, што людзі завуць светлым сумам, калі нічога ўжо не вернеш, але шчасце, што вось такія моманты ў тваім жыцці былі і яны з табой назаўсёды…


Фота pexels.com

Бабулі, нашы вясковыя бабулі, чые лёсы, як і ўсё ў вёсцы, — на далоні, — найлепшыя настаўніцы жыцця, якія навучылі самаму галоўнаму — ніколі не здавацца, ніколі не плакаць, нікому не скардзіцца. Не заглядаць з гора ў бутэльку, захаваць прыстойнасць і чалавечую годнасць. Не наракаць на лёс — «жывы ж у магілу не палезеш, жыць неяк трэба...» Як часта нам, сучасным, спешчаным усімі выгодамі, якія бачаць несусветныя праблемы нават там, дзе іх няма (і нярэдка ўсё заканчваецца візітам да ўрача і жменямі антыдэпрэсантаў), не хапае вось гэтага простага разумення...

На фота (не адразу заўважыла) трохі наводдаль ад лаўкі стаіць, прыхілены да плота, сіні кіёк цёткі Лёні. Не просты кіёк, хутчэй падобны на мыліцу, з такой штукай, што і локаць трымае. Яго гаспадыня, худзенькая, маленькая, сядзіць усміхаецца. І хто здагадаецца, што за год да гэтага яна, якой было ўжо за семдзесят, зламала шыйку сцягна. Для многіх немаладых жанчын гэта, можна сказаць, прысуд: да канца жыцця быць прыкаванай да інваліднага крэсла ці ў лепшым выпадку з цяжкасцю перамяшчацца па кватэры. Але гэта было не пра яе. Пасля аперацыі яна вельмі хутка ўстала і пачала хадзіць. Матывацыя была адна: не хацела заставацца ў горадзе ў дачкі, хацела вярнуцца ў сваю хату. І вярнулася, і жыла ў ёй адна, нават гаспадарку яшчэ нейкую трымала. Са сваім сінім кійком не толькі хадзіла, нават зухавата бегала па вясковай вуліцы, напрыклад, калі трэба было «злавіць» камбайн, каб абмалаціў жыта.

Цётка Лёня была замужам двойчы. Яе першага мужа забілі ў вясковай бойцы. Яна засталася зусім маладой удавой з маленькім сынам на руках. Праз некалькі гадоў выйшла замуж зноў, нарадзіла яшчэ пяцёх дзяцей. Яе Стась быў хоць і не прыгажун, але руплівы гаспадар, амаль непітушчы, таму жылі нядрэнна, у неблагім дастатку. Старэйшы сын, каторы без бацькі, увогуле на дыпламата аж у Маскве вывучыўся (скончыўшы нашу звычайную вясковую школу). Працаваў яшчэ за Саюзам у розных замежных місіях, дый дзесьці ў Еўропе і застаўся. Іншыя хлопцы вучыліся не вельмі, але ж былі працавітыя. Трое дзяўчат — прыгажуні як на падбор. Асабліва Галіна: ішла — усе мужчыны ёй услед глядзелі. Ёй не пашанцавала, у дзяцінстве перахварэла на менінгіт, з псіхікай былі трохі праблемы. Але ж жыла самастойна, працавала дзесьці на фабрыцы. Танюша, малодшая, агульная любіміца, вучылася добра і абяцала стаць прыгажуняй не меншай, чым сястра. Але ў пятнаццаць гадоў Танюшу пахавалі на нашых могілках. Цяжкая хвароба нырак — і дзяўчынкі не стала за некалькі месяцаў. Бацькі пачарнелі ад гора. Але ж перажылі. У старэйшай дачкі нарадзіліся свае дзеці, было каму аддаваць сваю нерастрачаную любоў... Яны дажылі да пенсіі і адгарадзілі ўжо сабе месца на могілках каля малодшай дачкі. Ды толькі першай на тое месца паклалі Галіну. Хтосьці замест ліманаду ўліў ёй у бутэльку воцатную кіслату, а Галя выпіла. Казалі, што гэта так адпомсціла ёй адна з жанчын, муж якой спакусіўся на Галіну прыгажосць...

Муж цёткі Лёні перажыў дачку ненадоўга. Выкапаў бульбу, а назаўтра проста не прачнуўся. Яна засталася жыць адна ў вялікай вясковай хаце. Хлопцы і яшчэ адна дачка, канешне, наведвалі, дапамагалі. Нейкі час нават карову яшчэ трымала. А пасля паслізнулася і зламала нагу. Казалі ў вёсцы: «Ну ўсё, Лёнька ўжо не ўстане». А яна — устала і некаторых з тых прадказальнікаў перажыла. Хаця лёс так і не даў ёй калі не спакойнай, дык заспакоенай старасці. Любімы старэйшы ўнук, які кожныя канікулы праводзіў у яе хаце, загінуў страшнай смерцю. Ён працаваў дальнабойшчыкам, і аднойчы ў кабіне ўзарваўся невялікі газавы балон, на якім яны з напарнікам гатавалі ежу... Яна і гэта гора вытрымала, пражыла яшчэ некалькі гадоў, памерла, калі ёй было амаль восемдзесят...

Бабуля Жэня пражыла на гэтым свеце дзевяноста восем год. З іх больш за палову — зусім адна. У яе была сям’я — муж, сын. Але сын загінуў у дзесяцігадовым узросце, саўгасны бычок разбіў яму капытамі мачавы пузыр. Калі б сёння, напэўна б, выратавалі дзіця, а тады, лічы, адразу пасля вайны, — якая была медыцына? Муж таксама доўга не затрымаўся на гэтым свеце. Так і праківалася свае доўгія гады адна, можа, раз на два гады прыязджаў праведваць пляменнік. Для мяне яна стала сімвалам зацятай жаночай адзіноты: бабуля аднаручнай пілкай пілуе дровы на зіму. Яна працавала ўсё жыццё ў калгасе за «палачкі», і пенсія ў яе была зусім невялікая. Так што наняць якога выпівоху, каб папілаваў тыя дровы, яна не магла. І хата яе была не абшаляваная, а ў сенцах была земляная падлога. Адзіная істота, з якой яна дзялілася сваім болем і сваім цяплом, была кошачка. Яна так і звала яе — Кошачка. І жывёлка аддана хадзіла за ёй следам паўсюль. Калі нарэшце ўдалося яе ўладкаваць у інтэрнат для састарэлых (а было ёй ужо добра за дзевяноста), яна адмаўлялася ехаць, пакуль не пераканалася, што яе Кошачку забяруць іншыя людзі...

...Яны глядзяць на мяне з каляровага фота на маніторы камп’ютара і ўсміхаюцца. Здаецца, крыху з’едліва, нібы пытаюцца: «У цябе праблемы? І гэта ты лічыш праблемамі?» «Не», — адказваю ім (ці самой сабе?) услых. І ўсміхаюся. Вясна на вуліцы — толькі цяпер заўважыла...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.