Вы тут

За вываз бытавых адходаў — плаціць


З вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна патэлефанавала Юлія Іванаўна Кавальчук, якая прадставілася пенсіянеркай першай групы па зроку. Пытанне яе датычылася аплаты паслугі па вывазе цвёрдых бытавых адходаў.


— Ніякіх дагавораў мы не падпісвалі: ні раней, ні зараз. Справа ў тым, што мой гаспадар памёр, усё перапісана на сына. А нам выставілі рахунак за тры гады — 140 рублёў. Чаму і на якой падставе? Смецця ў нас няма. Мы жывём у прыватным доме: што спальваецца, што закопваецца. Дык чаму мы тады павінны плаціць? — з абурэннем пыталася Юлія Іванаўна.

Усе довады пра тое, што цяпер пасля амаль любога наведвання крамы мы непазбежна становімся «гаспадарамі» разнастайнага смецця ў выглядзе шкла, пластыку, поліэтылену, металу, паперы, на суразмоўцу не дзейнічалі. Зрэшты, на працягу гадоў мы чулі падобныя звароты — як пад кальку — дзясяткі разоў. І кожны раз тлумачылі адно і тое ж: можа, калісьці даўно так і было, але толькі не ў сучасным свеце, на жаль. І што тады рабіць з гэтым «дабром»? Далёка не ўсё можна спаліць у печы, а тым больш закапаць на агародзе (у рэшце рэшт, гэта яшчэ і пытанне экалогіі). І вось з такога смецця, якога быццам бы не было, потым каля вёсак, садаводчых таварыстваў, у лясных масівах і прыбярэжных зонах вырасталі сапраўдныя адвалы. З гэтай прычыны ўрадам колькі гадоў таму была прынята дзяржаўная праграма аб 100-працэнтным ахопліванні вясковага насельніцтва паслугай па вывазе цвёрдых бытавых адходаў. Яна ўводзілася пакрысе, у розных раёнах у розны час. Механізм збору на месцах мог некалькі адрознівацца, але плата за паслугу была цалкам даступнай усім. А з цягам часу адпала і неабходнасць у заключэнні адмысловых дагавораў.

— Згодна з артыкуламі 29 і 30 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 28.08.2012 года, паслуга па абыходжанні з цвёрдымі бытавымі адходамі адносіцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Адмова ад заключэння дагавора на іх аказанне не вызваляе ўласнікаў жылых памяшканняў, у тым ліку блакіраваных і аднакватэрных жылых дамоў ад унясення платы за фактычна аказаныя асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, — растлумачыла ў адказ на наш запыт спецыяліст абаненцкага аддзела Ганцавіцкай раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Наталля Рулінская. Іншымі словамі, плаціць трэба, нават калі ў доме ніхто не прапісаны. А ў доме заяўніцы, апроч яе, прапісаны яшчэ і сын, таму плата налічваецца на дваіх.

— Тым больш, што вашы заяўнікі ўжо аплацілі паслугі па вывазе цвёрдых бытавых адходаў. Мы праводзілі праверку населеных пунктаў, даўжнікам выпісвалася папярэджанне. Гэтай сям'і — 17 жніўня, а ўнеслі грошы яны 11 верасня, гэта значыць, яшчэ да званка ў рэдакцыю, — расказала далей Наталля Генадзьеўна. — І тэрмін запазычанасці яны вам не зусім дакладна назвалі, насамрэч ён датуецца вераснем 2015-га — ліпенем 2017-га.

Паводле слоў спецыяліста, з даўжнікоў ніколі не патрабуюць унесці грошы па прынцыпе «ўсё і адразу», а ўваходзяць у становішча кожнага канкрэтнага чалавека. Пасля разгляду абставін плаціць можна часткамі. Але ключавое слова тут найперш — «плаціць». У раёне, на жаль, гэта разумеюць не ўсе. Даўжнікоў па аплаце жыллёва-камунальных паслуг хапае. У горадзе, напрыклад, такім грамадзянам за няплату могуць адключыць святло. А зусім нядаўна адбылося два высяленні з жылых памяшканняў...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.