Вы тут

Гэтае невыноснае смецце...


«У нашым двары насупраць і ў сямі кроках ад вокнаў паставілі кантэйнеры для смецця, і цяпер жыльцы найбліжэйшых дамоў, інтэрната, а таксама дачнікі, што праязджаюць міма, прыносяць і прывозяць сюды пакеты. Апошнія не саромеюцца: каб разгрузіцца, заязджаюць проста ў двор на машынах ды мотаблоках, здараецца, пакідаюць смецце ля бакаў, — скардзілася Людміла Быкава з аг. Негарэлае, што на Дзяржыншчыне. Яна ж распавядала, што ў студзені машына забрала смецце з кантэйнераў, а вялізны мяшок, які стаяў побач, грузчыкі пакінулі. Чаму так адбываецца?»


Па адказы на гэтыя пытанні рэдакцыя «Звязды» звярнулася ў Дзяржынскую ЖКГ. Там растлумачылі, што мяшкі з рэшткамі цэменту, бітага бетону і шыферу, старая мэбля ды іншы буйнагабарытны хлам каля кантэйнерных пляцовак — з'ява, на жаль, звычайная. Каб ліквідаваць праблему стыхійных звалак, у раёне вырашылі змяніць падыход да сістэмы збору смецця. На сёння значную частку кантэйнерных пляцовак з металічнымі бакамі дэманціравалі, а сельскія населеныя пункты, у тым ліку і аграгарадок Негарэлае, перавялі з кантэйнернага спосабу абслугоўвання на падворны аб'езд.

Як паведамляецца ў афіцыйным адказе за подпісам генеральнага дырэктара УП «Дзяржынская ЖКГ» Веры Красоўскай, на сёння вываз смецця ў Негарэлым ажыццяўляецца адзін раз на тыдзень — у сераду. Каб палепшыць якасць абслугоўвання жыхароў шматкватэрных дамоў, былі ўстаноўлены герметычныя еўракантэйнеры для збору цвёрдых камунальных адходаў.

Падчас праверкі звароту Людмілы Быкавай з выездам на месца спецыялісты ЖКГ устанавілі, што два еўракантэйнеры знаходзяцца на адлегласці 16 метраў ад вокнаў шматкватэрнага дома. Гэта сапраўды блізкавата. Таму пры наступленні спрыяльнага надвор'я іх перасунуць: «Плануецца ўладкаваць цвёрдую падстаўку пад кантэйнеры, яна будзе аддаленая ад вокнаў дома не менш як на 20 метраў (згодна з нарматывамі)».

— Побач з домам, у якім жыве заяўніца, праходзіць траса, таму па дарозе з дач людзі сапраўды заязджаюць у двор, каб выкінуць смецце, — дадала начальнік аддзела па зваротах грамадзян і ідэалагічнай рабоце УП «Дзяржынская ЖКГ» Таццяна Свірская. — У нас ёсць варыянты рашэння і гэтага пытання. У найбліжэйшы час прымем меры, каб з дарогі смеццевыя кантэйнеры не так кідаліся ў вочы.

— Што датычыцца «забытага» на пляцоўцы мяшка, які згадваўся ў звароце, то ў ім было будаўнічае смецце. На жаль, не ўсе разумеюць, што кантэйнеры прызначаны выключна для бытавых адходаў, — удакладняе Таццяна Свірская. — Будаўнічыя матэрыялы ў іх выкідваць нельга. Забаронена складзіраваць іх і на кантэйнерных пляцоўках. Аб гэтым, як і аб тым, што буйнагабарытнае, расліннае смецце мае свой парадак утылізацыі, мы пастаянна інфармуем жыхароў у тэлеграм-канале і праз СМІ. Пустазелле пасля праполкі, сукі пасля абрэзкі саду, лісце, падгнілыя яблыкі ды слівы можна вывозіць на палігон, расліннае смецце там прымуць бясплатна. Жыхарам прыватнага сектара на сваіх участках мы рэкамендуем абсталяваць ямы для кампосту. На будаўнічы і буйнагабарытны хлам афармляецца асобная заяўка — такое смецце павінна вывозіцца за дадатковую плату. Калі ж на кантэйнерных пляцоўках заўважаюцца стары лінолеум, дзверы ды вокны, абрыўкі шпалер, няцяжка зразумець, што недзе ў суседнім доме робіцца рамонт. Мы «вылічваем» гэтыя кватэры, заходзім, тлумачым... Здараецца, іх гаспадары проста не ведалі, што будаўнічае смецце трэба вывозіць на палігон. Магчыма, такую інфармацыю варта размясціць на кантэйнерных пляцоўках. Але мне здаецца, што пакуль не будзем караць рублём, не ўсе зразумеюць і пойдуць насустрач... .

Надзея ДРЫНДРОЖЫК


У восемдзесят пяць вышываць, танцаваць, спяваць? Ды калі ласка!

У гэтым, сабраўшыся на ўрачыстасць, пераканаліся госці Ніны Мікалаеўны Тысевіч. Юбілей шматдзетная мама і знаны народны майстар адсвяткавала гучна і прыгожа. Прынамсі, у залу (з падачы мясцовых работнікаў культуры) выходзіла як сапраўдная знакамітасць — па чырвонай дарожцы, абапал якой стаялі госці і віталі яе апладысментамі… Можа, таму што ведалі, якімі няпростымі былі для жанчыны ўсе яе гады.

Шчасце любіць працавітых

З дзяцінства Ніна спазнала смак слёз і такога ж салёнага поту: з пяці гадоў застаўшыся без бацькі, яна дапамагала маці гадаваць маленькага браціка, глядзець гаспадарку, вазіць з лесу дровы, касіць і сушыць сена... У 13 гадоў разам з сяброўкамі хадзіла ў Івацэвічы (за 20 кіламетраў!) па хлеб. Гора было, калі ёй не даставалася ні бохана (у чаканні спалі на вакзале на падлозе), і такое ж вялікае шчасце, калі здабывала аж пяць!

Там жа, у Івацэвічах, Ніна «была ў няньках» і глядзела не толькі малых, — прыбірала, гатавала, на работу гаспадарам насіла абеды, мыла бялізну. Мусіла ўсё паспяваць, каб зарабіць капейчыну.

Дзеля гэтага ж трохі пазней і разам з дзяўчатамі махнула ў Днепрапятроўскую вобласць. Чаго яны там толькі ні рабілі: студні капалі, вугаль грузілі, авечак стрыглі, салому вазілі...

І ўсё б нічога, але навалілася засуха, і грошай, што атрымала, Ніне хапіла толькі на коўдру.

Вярнуўшыся з ёю дадому, дзяўчына зноў пайшла працаваць, а па вечарах... танцаваць. Той самай зімой, на вячорках, яна пачула гармонік Івана Тысевіча і прапала: у 17 гадоў выйшла замуж, разам сталі будаваць хату, дзе пражылі потым 63 гады. Больш за 20 з іх Ніна Мікалаеўна працавала даяркай, шчыравала ў брыгадзе... Ні разу гэтая жанчына не была ў дэкрэтным водпуску і ніколі не скардзілася на жыццё. З божай ласкай сужэнцы Тысевічы нарадзілі і выгадавалі пяцёра дзяцей. У Ніны Мікалаеўны сямёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў. Вялікая сям'я, вялікая радня...

І сябровак багата, бо жанчына заўсёды, да ўсіх — з увагай, з любоўю: умее ладзіць з людзьмі, любіць прымаць гасцей, а ўжо гатаваць... І пірагі, і каўбасы, і грыбочкі, і сырочкі, і налівачка — усё як мае быць!

Але ж не хлебам адзіным, як той казаў: пасля цяжкай працы (вялікая сям'я — такая ж гаспадарка) жанчына хацела спяваць. «Я ж з Аброва, — казала, — там усе пяюць!» А значыць, яна таксама — даўнейшыя песні пра вёску, долю, каханне, матуліну калыханку: 17 гадоў выступала ў мастацкай самадзейнасці. І каб толькі...

«Без іголкі з ніткай я, здаецца, дня не пражыву!

У 2009-м Ніне Тысевіч першай у Івацэвіцкім раёне было прысвоена званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Калі і як яна вучылася ткаць ды вышываць, сама не прыпомніць. Як не ведае і таго, адкуль у яе талент маляваць.

— Некалі модна было вышываць хусткі, кашулі, сурвэткі, — успамінае майстрыха, — дык многія тутэйшыя жанчыны прыходзілі да мяне, прасілі, каб намалявала ўзоры. Ніхто гэтаму мяне не вучыў, але ўсё, што хочацца вышыць, я вазьму і намалюю... Без іголкі з ніткай я і дня не пражыву! Мяне, здаецца, звяжы — а вышываць я ўсё роўна буду! Прычым у руках, пад іголкай, адзін узор, а ў галаве ўжо другі, трэці...

Нітачка да нітачкі, крыжык да крыжыка — і з'яўляюцца на свет новыя рукатворныя цуды: ручнікі, навалачкі, прасціны, накідкі, тканыя палавікі і палавічкі... Як расказвалі работнікі культуры, у доме Ніны Мікалаеўны жыве нацыянальны каларыт, там міжволі вяртаешся ў дзяцінства і адчуваеш сябе шчаслівым...

Колькі рэчаў стварыла за жыццё, Ніна Мікалаеўна кажа, не лічыла. Хіба наўскідку? Выткала больш за 50 радзюжак і розных ходнікаў, вышыла звыш 300 ручнікоў, падзорнікаў і карцін. Выстаўка яе работ знаходзіцца ў мясцовым Доме культуры, яе набожнікі аздабляюць абразы ў Свята-Міхайлаўскім храме, яе вышыванкі знаходзяцца ў калекцыях жыхароў Амерыкі, Германіі, Польшы, Бельгіі, Расіі і па ўсёй Беларусі. Вось і ў дзень юбілею майстрыха не здрадзіла сабе — ці не ўсіх гасцей адарыла сваімі ручнікамі. Прыемныя сюрпрызы! І яшчэ ж не ўсё! Як той казаў, трымайцеся:

Прычэп дроў — за тры дні… Ну чаму б і не!

Так-так, перад Калядамі Ніна Мікалаеўна заказала сабе дровы. Яе не падвялі — прывезлі, і гаспадыня сама за тры дні (ну з паловай...) іх пакалола.

Гэта — бронь божа! — не значыць, што дзеці ёй не хочуць памагаць. Яны ў выхадныя ўжо сабраліся, а дровы, глядзяць, пасечаны.

Родным дачушкам-сынкам, вядома ж, за шчасце, што ў іх такая мама: добрая, строгая, вясёлая, працавітая (гэтым летам, дарэчы, сабрала за дзень 28 кілаграмаў чарніц!), а ўжо вясёлая...

Трэ было бачыць, як яна ў свае 85 танцавала — з загадчыцай мясцовага СДК, з унукам, сынам, са стрыечнымі пляменніцамі з Калінінграда, з самадзейнымі артыстамі (здзіўляць дык здзіўляць!): то з імі, то з сяброўкамі, наперабой, юбілярка спявала гэткія заліхвацкія прыпеўкі...

Пасля знаёмства з Нінай Мікалаеўнай я доўга думала, як можа адзін чалавек столькі паспяваць, столькі аддаваць — рабіць для іншых?

Адказ знайшоўся ў кніжачцы свяціцеля Іаана Залатавуста: крыніцы, чым больш з іх чэрпаюць, тым больш напаўняюцца чыстай вадой...

Ёсць такія крыніцы. І такія людзі: чым больш яны аддаюць, тым больш ім даецца сіл.

Валянціна БОБРЫК

г. Івацэвічы.

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА


Нуль з палачкай і без...

Не мной заўважана: унукаў бабулі з дзядулямі любяць больш, чым дзяцей, і расказваць пра іх гатовыя бясконца. Цікавыя бываюць аповеды! Што-нішто з пачутага я ўзяўся запісваць. Ну вось...

Максім са школы прыйшоў заклапочаны. Кажа бабулі:

— Ты ведаеш, а ў нашай настаўніцы так дрэнна з матэматыкай...

— З чаго ты ўзяў?

— Ну колькі будзе, калі да адзінкі прыбавіць нуль?

— Адзінка...

— Дык не і яшчэ раз не! Ты таксама не ведаеш матыматыкі. Вось паглядзі...

Максім малюе на паперы палачку, побач прыпісвае нуль.

— Бачыш, — заяўляе, — атрымалася дзесяць! Так?!

Бабулю выручае жыццёвы досвед:

— Максім, а што такое нуль? — патаецца ў дзіцяці. — Ды гэта ж нічога! Яго колькі ні прыкладай, болей не стане. Ну вось уяві: у цябе ёсць адзін яблык. Я не дала табе ніводнага (нуль!), і мама — нуль, і дзед з бацькам. У цябе пасля гэтага яблыкаў стала болей?

— Не, — залыпаў вачыма хлопчык.

— Твая памылка ў тым, што ты не прыбавіў нуль да адзінкі, а прыставіў... Дадаваць і прыстаўляць — гэта розныя рэчы, зразумеў?

— А як жа! Ты, бабуля, сапраўдная настаўніца, — прызнаў унук.

Як ордэн жанчыне выдаў!

Валерый ГАЎРЫШ

г. Чавусы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.