Вы тут

Зварот у рэдакцыю. Яблыня разладу, або Зямельная спрэчка на вуліцы Мірнай


Кажуць, што блізкі сусед лепшы за далёкага сваяка, але, на жаль (і сведчаннем таму наша пошта), далёка не ўсе суседзі жывуць дружна: часта не чуюць адно аднаго, не хочуць ісці насустрач. У выніку — спрэчкі, умоўна кажучы, за метр зямлі, якія часам цягнуцца гадамі, разглядаюцца судамі, вымагаюць каласальных выдаткаў, а ўжо колькі нерваў псуюць...


Тая самая яблыня разладу...

Што цікава: кожны з бакоў да апошняга лічыць, што ён мае рацыю.

«Выкупілі гэты ўчастак, прыехалі і камандуюць...»

У прыватнасці, у гэтым месяцы мы атрымалі ліст, у якім гаворка ідзе пра зямельны канфлікт з вёскі Цялякава, што на Уздзеншчыне. Зоя Нічыпаровіч прапісана ў бацькоўскім доме разам са сваёй 80-гадовай мамай. Побач з хатай жанчыны маюць 25 «сотак» зямлі. А насупраць, праз дарогу, — яшчэ адзін, крышачку меншы ўчастачак. Менавіта каля яго і пра яго размаўляем з Зояй Уладзіміраўнай па маім прыездзе. «Гэтай зямлёй мае бацькі карыстаюцца з 1966 года, — кажа жанчына. — Тут, колькі сябе памятаю, садзім бульбу ды іншую гародніну...»

У 2002 годзе Зоя Нічыпаровіч напісала заяву ў сельсавет, і ёй выдзелілі тыя 16 «сотак» на 30 гадоў у арэнду. Праз 18 гадоў жанчына вырашыла ўзаконіць зямлю, якой карысталася. Кажа, што ў 2020 годзе шмат звярталася і пісала ў Дзешчанскі сельсавет, Уздзенскі райвыканкам, Мінаблвыканкам. Прасіла, каб ёй далі тую ворную зямлю ў пажыццёвае спадчыннае валоданне для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі. І толькі ў 2021 годзе атрымала пасведчанне аб рэгістрацыі.

«Мы з мамай заплацілі 514 рублёў і выклікалі спецыяліста з землеўпарадкавальнай службы ДП «БелПСГАП». Ён усё памераў і аднавіў межы майго зямельнага ўчастка, абазначыўшы іх металічнымі слупкамі. На падставе тых слупкоў людзі, якіх мы нанялі, і паставілі сетку Рабіца. Цяпер жа Дзешчанскі сельвыканкам прысылае прадпісанне, каб я перанесла сваю агароджу. Раней, калі ўвесь сумежны участак належаў мясцовай жыхарцы Шамко Марыі Сцяпанаўне, ніякіх праблем не было, жылі з суседзямі дружна. Два гады таму частку яе «сотак» аддалі Ячменеву Уладзіміру Міхайлавічу, які пабудаваў там дом. Калі шчыра, не ведаю, як так атрымалася, што пры жывой Маньцы частку яе ўчастка далі іншаму чалавеку. Мо сельсавет угаварыў яе адмовіцца ад сваіх «сотак»...

Не ведаю, можа, той Ячменеў дом пабудаваў з парушэннямі. Дык калі там не хапае метраў да майго ўчастка, каб увесці дом у эксплуатацыю, дык падыдзі, скажы: «Зоя Уладзіміраўна, хачу свой дом узаконіць, давайце вырашым з вамі мірна, па-суседку гэтае пытанне. Адсуньце, калі ласка, свой плот». Але, на жаль, гэтага не адбылося. Больш за ўсё было крыўдна, калі Ячменеў мне заявіў: «Зоя Уладзіміраўна, вы ведаеце, што ваша яблыня расце на маім участку?». Як яна можа яму належаць, ён жа яе не садзіў? Выставіў свой калок за маю яблыню. Маўляў, вы мне павінны столькі адступіць. На якой падставе я яму павінна адступаць? Гэта ж ён залез на маю зямлю. А прадпісанне сельсавет піша мне. Маўляў, я няправільна ўстанавіла агароджу, самавольна захапіла 1,1 метра зямлі.

З кім на рабоце ні размаўляю, ва ўсіх участкі роўненькія. Толькі ў адных нас з мамай, як ва ўдоваў, літарай «Г» стаіць агароджа. Як такі ўчастак апрацоўваць? Відаць, прыйдзецца частку зямлі ўскопваць уручную. Бо тут жа трактар не пад'едзе.

Я не канфліктны чалавек, ні з кім не хачу сварыцца. Але проста не разумею, на якой падставе я павінна вось так саступіць кавалак зямлі, якую ўсё жыццё апрацоўвалі я і мае бацькі, прыезджаму чалавеку. Як наогул яму маглі даць участак з нашай яблынькай? Прэзідэнт па тэлевізары кажа, каб выдзялялі зямлю не на шкоду мясцовым жыхарам, каб не ўшчамлялі нашы правы. А ў нас атрымліваецца наадварот. Мама плача: «Дачушка, няўжо мы праўды нідзе не даб'ёмся? Я тут усё жыццё прарабіла (спачатку даяркай, потым зборшчыцай малака). Я тут ніхто і нішто. Чужы чалавек выкупіў участак, прыехаў і яшчэ камандуе намі, «наязджае» на тутэйшых. Як так можна?». Ёй балюча, кажа: «Дачушка, ну вось раней было па-людску»... Даўней наогул платоў не было, разоры трактарам наразалі паміж участкамі. Тым не менш, неяк у вёсцы суседзі паміж сабой дамаўляліся, ніхто ніякіх прэтэнзій нікому не прад'яўляў. Я не супраць меж, агароджаў, няхай будуць. Але ж каб было ўсё па-справядлівасці. Тут, напэўна, без суда не абыдзецца, трэба будзе якога адваката наймаць».

«Жанчына самавольна «прысвоіла» сабе кавалак суседскай зямлі»

Па каментарый я звярнулася ў Дзешчанскі сельвыканкам і Уздзенскі райвыканкам. Там сцвярджаюць, што сітуацыя празрыстая. «Відавочна, што парушальнікам заканадаўства аб зямлі з'яўляецца грамадзянка Нічыпаровіч, — кажа старшыня Дзешчанскага сельсавета Уладзімір Балацянкоў. — Яна самавольна «прысвоіла» сабе 1,1 метра суседскай зямлі. Раней, калі сумежнымі ўчасткамі карысталіся дзве сям'і, у іх дакладнай мяжы паміж сабой не было. Год так аралася зямля, год так. Жылі дружна, і праблем не ўзнікала. Спрэчкі ўзніклі пры спробе ўзаконіць валоданне зямлёй новым — трэцім — землеўласнікам...»

Гэты ўчастак апрацоўваецца бацькамі Зоі Нічыпаровіч (а цяпер і ёю самой) з 1966 года.

Паводле яго слоў, грамадзяніну Ячменеву зямельны ўчастак дадзены ў прыватную ўласнасць на законных падставах. Раней ён быў выдзелены мясцовай жыхарцы Шамко Марыі Сцяпанаўне для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Потым бабуля перапісала частку сваіх «сотак» на дачку, якая задумала была будавацца, але праз гады адмовілася і ад гэтай задумы, і ад зямлі. Участак (межы яму ўжо былі прысвоены) мы выставілі на аўкцыён. Грамадзянін Ячменеў набыў яго для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома. Ён зарэгістраваў свой участак, атрымаў усе неабходныя дакументы і, адступіўшы тры метры, як прадугледжана законам, ад мяжы з суседнім участкам, пачаў заліваць фундамент.

Пасля таго як прайшоў аўкцыён, Зоя Нічыпаровіч зразумела, што ў яе могуць з часам забраць арэндную зямлю, якую яна апрацоўвала, таму жанчына звярнулася да нас з просьбай перааформіць яе ў пажыццёвае спадчыннае валоданне. Мы ёй не адмовілі, улічваючы, што яе маці ўсё жыццё пражыла ў гэтай вёсцы, паважаючы яе ўзрост і тое, што наконт участка да іх пытанняў няма, агарод быў заўсёды дагледжаны. Аддалі ёй тыя «соткі» бясплатна. Яна заплаціла толькі за афармленне дакументаў».

Паводле слоў начальніка аддзела землеўпарадкавання Уздзенскага райвыканкама Алены Грэчкі, калі ў арэнду Зоі Нічыпаровіч сельвыканкам выдзеліў 0,16 га зямлі, то ў пажыццёвае спадчыннае валоданне — амаль на паўтары «соткі» больш — 0,1764 га. «Тым не менш, жанчыне, відаць, захацелася штосьці зраўняць, таму яна паставіла агароджу не па ўстаноўленых спецыялістам землеўпарадкавальнай службы межах, а па тых, якія яна палічыла правільнымі. Тым самым самавольна захапіла лішнія сантыметры ў суседа. Уладзімір Ячменеў пабудаваў дом згодна з зацверджанай праектнай дакументацыяй, ніякіх парушэнняў з яго боку не выяўлена.

— Зоя Нічыпаровіч перажывае, што ва ўсіх людзей роўныя ўчасткі, а яе скрыўлены...

— У краіне створана адзіная інфармацыйная база, у якой утрымліваюцца даныя аб усіх зямельных участках з каардынатамі іх меж. Дык якой толькі формы там у людзей няма — нават трохвугольныя... Гэта ў новых мікрараёнах, калі разбіваем зямлю на ўчасткі, стараемся, каб усе былі роўныя, прамавугольныя.

— Грамадзянін Ячменеў ужо даўно мог падаць іск у суд на суседку аб самазахопе, — дадае старшыня Дзешчанскага сельсавета. — Па рашэнні суда знеслі б тую агароджу і жанчына б яшчэ плаціла за суд. Але пакуль ён тое не робіць, спадзяецца, што маці з дачкой абразумяцца. Я ўжо не раз ім раіў: не сварыцеся, адступіце вы гэты метр, перанясіце агароджу і жывіце спакойна. Усё адно нічога не даб'яцеся, бо па законе новы сусед мае рацыю. Вы ж залезлі на чужую зямлю, а не ён. Гэта мы другі год даводзім. Калі кажаш вусна, дык у адно вуха заляцела, у другое вылецела. Таму зямельная служба Уздзенскага райвыканкама вынесла Зоі Нічыпаровіч прадпісанне, каб яна перанесла свой плот. Гэта зроблена ў першую чаргу на выпадак, калі раптам суседзі не памірацца і пойдуць у суд, каб грамадзянка Нічыпаровіч там не стаяла з круглымі вачыма: я, маўляў, не ведала, мне ніхто нічога не казаў...

— Уладзімір Ячменеў звярнуўся да нас, — дадае Алена Грэчка. — Пытаецца: «Як мне вярнуць сваю законную зямлю, у мяне і так невялікі ўчастак?». Мясцовыя ўлады не могуць умешвацца ў спрэчку паміж суседзямі, бо гэта грамадзянска-прававыя адносіны, яны вырашаюцца альбо па ўзаемнай згодзе, альбо праз суд. Яблыня сапраўды расце недзе на мяжы. Можа, некалі садзілі тоненькі саджанец, за столькі гадоў яна разраслася. Ім трэба паміж сабой неяк дамовіцца. Калі з Зояй Уладзіміраўнай размаўляеш, я ёй спрабавала гэта растлумачыць, яна як быццам пагаджаецца, усё разумее, і ўсё адно нічога не робіць. Увосень дамовіліся, што пасля таго як выкапае бульбу, яна прыбярэ ці перанясе частку агароджы, што паміж ёй і суседам. Калі б так зрабіла, сусед увесну паставіў бы новую па правільнай лініі. Але...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.