Вы тут

Ці магчыма выраўняць узровень сельскага і гарадскога гандлю?


Адзін з найважнейшых аб'ектаў у кожнай вёсцы — безумоўна, крама. Гэта месца, дзе людзі могуць набыць усё неабходнае або заказаць яго прывоз, куды сцякаюцца ўсе мясцовыя навіны. Але важная як сама па сабе наяўнасць крамы, так і якасць, разнастайнасць тавараў, якія яна прапануе. Толькі ў мінулым месяцы гэта тэма двойчы ўзнімалася на самым высокім узроўні.


Годная аддача

Кіраўнік дзяржавы заўсёды асабліва ставіўся да вёскі. Відаць, у многім таму, што сам нарадзіўся і вырас там. Абавязковая падтрымка сельскіх населеных пунктаў, не проста павышэнне ўзроўню жыцця на вёсцы — а падняцце яго да ўзроўню гарадскога, і ніяк не менш — гэта тэзісы, якія Аляксандр Лукашэнка агучваў на апошніх рабочых сустрэчах, прысвечаных гэтай тэме.

Калі коратка, то пасыл наступны: вяскоўцы робяць велізарны ўнёсак у развіццё эканомікі дзяржавы, гарантаванне яе харчовай бяспекі. Але самі аказваюцца ў менш выгадным, у параўнанні з гараджанамі, становішчы ў плане зручнасці набыцця пэўных тавараў — нават харчовых. У некаторых вёсках можа нават не быць магазіна, і жыхары або задавольваюцца аўтакрамай, якая не заўсёды мае належны асартымент, або вымушаны ехаць у суседнюю вёску ці нават горад, што таксама не вельмі зручна, дый не ўсе, асабліва пажылыя, нават пры жаданні, могуць гэта рабіць. У іншых сельскіх населеных пунктах крамы ёсць, але тая ж праблема — абмежаваны асартымент.

Настаў час змяніць гэтую сітуацыю. Патрэбы людзей павінны быць задаволеныя — без залежнасці ад таго, дзе і хто пражывае. Ні ў якім разе — і ў тым ліку гэта пазіцыя Прэзідэнта — гэта не азначае закрыццё або замену белкаапсаюзаўскага гандлю. У любым выпадку гэта, можна сказаць, унікальная сістэма, якая сваімі пунктамі — як стацыянарнымі, так і мабільнымі — ахоплівае ўсё сельскае насельніцтва краіны — без хлеба, што называецца, людзі не сядзяць. У той жа час усё патрабуе ўдасканалення. У нашым выпадку ім паслужыць як развіццё прыватнай ініцыятывы ў сельскай мясцовасці, так і стварэнне новых гандлёвых сетак, што павінны забяспечыць вяскоўцаў шырокім асартыментам тавараў.

Стаўка на самазанятасць...

Апошнія месяцы прайшлі пад эгідай абмеркавання — на ўзроўні Прэзідэнта — пакета дакументаў па развіцці прадпрымальніцтва і стымуляванні дзелавой актыўнасці. Сярод іншага абмяркоўвалі праект указа Прэзідэнта «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», які, дарэчы, ужо падпісаны. Праект указа накіраваны на развіццё гандлю, грамадскага харчавання, бытавых паслуг у першую чаргу ў сельскай мясцовасці і малых гарадах.

Напрыклад, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы, што здзяйсняюць штучны гандаль у сельскай мясцовасці, будуць вызвалены ад падатку на дабаўленую вартасць. Акрамя гэтага, дакумент прадугледжвае магчымасць ўстанаўлення на асобных тэрыторыях спецыяльнага рэжыму падаткаабкладання ў сферы гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання — з выплатай падатку на прыбытак для прадпрыемстваў у памеры 6% і адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў у памеры адной базавай велічыні. Прапісаны і іншыя спрашчэнні ўмоў для ажыццяўлення названых відаў дзейнасці — напрыклад вызваленне ад падатку на нерухомасць.

А сітуацыя там сапраўды не вельмі пазітыўная. Прынамсі, калі адштурхоўвацца ад статыстыкі. Так, на працягу апошніх гадоў назіраецца скарачэнне колькасці магазінаў у сельскіх населеных пунктах. Толькі з 2012 па 2015 гады яна зменшылася на 10% — з 9893 да 8977 адзінак. У выніку там, дзе некалькі гадоў таму былі крамы або іншыя аб'екты бытавога абслугоўвання, якія працавалі, засталіся пустыя будынкі. Для выпраўлення сітуацыі праектам дакумента абласныя Саветы дэпутатаў на пяць гадоў — з 1 студзеня 2018-га па 1 студзеня 2022 года — надзяляюцца правам на назначэнне шэрагу падатковых і іншых ільгот суб'ектам гаспадарання, што здзяйсняюць названыя віды дзейнасці на тэрыторыі сельскай мясцовасці і ў малых гарадах.

Такім чынам, названы дакумент павінен паспрыяць развіццю гандлю на вёсцы, стварэнню там канкурэнтаздольнага ў гэтым плане асяроддзя, што адлюструецца на якасці тавараў і паслуг. Акрамя гэтага — не менш важная функцыя ўказа, — садзейнічанне самазанятасці сельскага насельніцтва. Бо менавіта ў вёсцы людзям найбольш складана знайсці працу.

... і буйны бізнес

Калі казаць пра канкурэнцыю ў сістэме вясковага гандлю, то акрамя індывідуальных прадпрымальнікаў, невялікіх прыватных кампаній, яе могуць скласці і буйныя гандлёвыя сеткі, вядомыя па ўсёй краіне. У пачатку верасня Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з бізнесменам Паўлам Тапузідзісам праект апошняга па абслугоўванні сельскага насельніцтва.

Кампанія бізнесмена ўжо распачала будаўніцтва ўнікальнага комплексу ў Шклове. Праект прадугледжвае будаўніцтва супермаркета з гандлёвай залай плошчай звыш 700 квадратных метраў, аптэкай, разлікова-касавым цэнтрам, зонай гандлю прамысловымі таварамі. Акрамя гэтага, плануецца пабудаваць там жа два кінатэатры на 70 месцаў кожны, забаўляльны цэнтр і кавярню.

Гэты комплекс плануецца эксплуатаваць як размеркавальны цэнтр для забеспячэння гандлёвых аб'ектаў у Шклоўскім раёне і для выканання заказаў пакупнікоў з населеных пунктаў, дзе няма гандлёвых аб'ектаў. У перспектыве таварамі будзе забяспечвацца не менш за 15 населеных пунктаў Шклоўскага раёна.

Праект плануецца выкарыстоўваць як тыповы і ў іншых рэгіёнах дзяржавы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Поўны асартымент

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.