Вы тут

У Смаргонскім раёне распачаў работу вадзяны млын-музей


У вёсцы Жодзішкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці нядаўна распачаў сваю работу дзеючы вадзяны млын-музей. Яго стварыў ураджэнец названага старажытнага паселішча, руплівы мінскі прадпрымальнік Францішак Жылка. Упершыню млын упамінаецца ў пісьмовых крыніцах у 1620 годзе. Доўгі час ім валодалі Жылкавы продкі. Потым млын прыйшоў у заняпад. У суверэннай Беларусі яго гаспадаром стаў дбайны іх нашчадак Францішак Баляслававіч. Ён прывёў млын у дзеючы стан. Аднавяскоўцы атрымалі магчымасць малоць зерне. А госці — атрымліваць задавальненне ад наведвання такога цікавага аб'екта і выхоўвацца на нацыянальнай спадчыне.


Шмат хто гаворыць аб захаванні зробленага нашымі продкамі для будучых пакаленняў. Але ж іх словы разыходзяцца са справамі... У гэтым сэнсе Францішак Жылка вельмі вылучаецца: гаворыць ён мала, а робіць шмат. Вырашыў арганізаваць музей этнаграфічных помнікаў — і ажыццявіў задуманае. Музеем стаў не толькі сам вадзяны млын. Яго ўнутраныя памяшканні насычаны шматлікімі рарытэтнымі экспанатамі — сапраўднымі і дзеючымі. Яны яскрава апавядаюць аб жыцці і працы селяніна-хлебароба. Наведвальнікі ўбачаць саху, ручныя малатарні і веялкі, сярпы, ганчарны круг, дрэваапрацоўчыя прылады. Шырока прадстаўлена ткацтва. Нават можна паспрабаваць прасці кудзелю, ткаць на кроснах.

Мінчанку Жанну Сароку падчас экскурсіі вельмі ўразіў цэп для абмалоту збажыны. Ёй здавалася, што заўжды існаваў нейкі камбайн — хоць і драўляны. А як смачна пахне жытні хлеб, выпечаны з мукі, якую змалолі жорны млына!..

Млын-музей будзе не толькі захоўваць спадчыну нашых продкаў. Яго экспанаты адначасова асвятляюць веліч сучаснасці. Пераканаўча паказваюць дасягненні беларускага народа ў ХХ стагоддзі і ў сучаснай суверэннай Беларусі — ад сахі, сярпа, цэпа — да трактара, камбайна, аўтамашыны. Нашы сучаснікі ўбачаць, што не было раней такой тэхнікі, такога становішча, як сёння.

Млын будзе натхняць розныя пакаленні на вялікія здзяйсненні для росквіту роднай Беларусі.

Іван ЯРАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Млын-музей

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.