Па паказчыку дзіцячай і жаночай смяротнасці Беларусь займае 4-е месца, па індэксе становішча маці — 24-е. Па прагнозах, паказчык дзіцячай смяротнасці на канец года будзе адным з самых нізкіх у Еўропе. Аб гэтым паведаміў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка падчас адкрыцця ў Мінску X з'езда акушэраў-гінеколагаў і неанатолагаў. Урачы-спецыялісты не толькі нашай краіны, але і блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку Партугаліі, Германіі, Ізраіля, абмеркавалі пытанні арганізацыі дапамогі маці і немаўлятам, захавання рэпрадуктыўнага здароўя.
Мацярынская смяротнасць за апошнія дзесяць гадоў знізілася ў нашай краіне ў дзесяць разоў. Наогул у 2015 годзе ў свеце быў дасягнуты гістарычны мінімум па гэтым паказчыку.
Некалі ў родах гінула столькі жанчын, што ніводная пандэмія з гэтым не магла параўнацца, а цяпер размова ідзе пра адзінкавыя выпадкі. Звязаны яны з цяжкім станам здароўя парадзіх — напрыклад, парокам сэрца, паталогіяй сасудаў галаўнога мозга і г. д. А таму планаванне цяжарнасці было і застаецца надзвычай актуальным для любой пары.
Для Беларусі гэта важна і ў тым сэнсе, што пачынаючы з 2011 года колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту — асабліва ў групе 20—34 гадоў — няўхільна зніжаецца. Адпаведна зніжаецца і колькасць нованароджаных. Між тым пастаянна павышаецца ўзрост уступлення ў шлюб і нараджэння першынца. Усё больш сем'яў сутыкаюцца і з праблемай бясплоднасці.
— Я быў запрошаны на гэты з'езд для абмеркавання праблемы бясплоднасці ў жанчын — адной з самых актуальных праблем у акушэрстве і гінекалогіі свету, — кажа старшыня кангрэса «Спрэчныя пытанні акушэрства і гінекалогіі Еўропы» Зіён БЭН РАФАЭЛЬ (Ізраіль). — Некалькі гадоў таму жанчына ўступала ў шлюб у 25—30 гадоў і, адпаведна, нараджала ў 30—35, а цяпер расце колькасць жанчын, якія нараджаюць у 40—45. На жаль, пасля 35 гадоў здольнасць да зачацця імкліва зніжаецца з кожным годам. Як расце працэнт бясплоднасці ў прынцыпе, так расце ён і сярод жанчын пасля 35...
Дапамагчы пераадолець гэту праблему заклікана экстракарпаральнае апладненне. Сёння нідзе ў свеце такая працэдура не гарантуе стапрацэнтнага выніку, але ўдасканаленне тэхналогіі пастаянна працягвацца. У нашай краіне створана сістэма дзяржаўнага крэдытавання шлюбных пар, якія плануюць рабіць ЭКА. Для гэтага неабходна звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя, дзе праводзіцца працэдура (яны ёсць сёння не толькі ў сталіцы, але і ў Гродне, Віцебску). Там ім выдаецца фінансавы дакумент, на падставе якога праводзіцца льготнае крэдытаванне ў межах 5 тысяч рублёў (летась на гэта было ў цэлым па краіне выдаткавана каля 70 тысяч рублёў). Калі першая спроба абыходзіцца танней, то другую частку крэдыту можна выкарыстоўваць на паўторную спробу. Штогод праводзіцца звыш 3 тысяч цыклаў ЭКА, але толькі частка з іх аказваецца паспяховымі, што абумоўлена прычынамі бясплоднасці, узростам пары.
Пасля наведвання адной з буйных клінік сталіцы Зіён Бэн Рафаэль быў прыемна здзіўлены ўбачаным — аснашчэнне, абсталяванне, як ён кажа, адпавядаюць самым высокім патрабаванням, а беларускія ўрачы аказваюць меддапамогу паводле сусветных стандартаў.
Пры гэтым нават калі ўзнікаюць нейкія пытанні, то сёння дзякуючы інтэрнэту ўрачы рознага ўзроўню з розных краін могуць абмеркаваць іх анлайн.
Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, член-карэспандэнт РАН, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры акушэрства і гінекалогіі з курсам перынаталогіі Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў Віктар РАДЗІНСКІ выказаў сваю думку адносна дамашніх родаў: «Пад вокнамі кожнага дома нерэальна забяспечыць машыну хуткай дапамогі з акушэркай, рэанімацыйнай брыгадай... Чуткі пра тое, што 30 працэнтаў галандскіх жанчын нараджаюць дома, не пацвярджаюцца. Таму што разгарнуць аперацыйную у кожным доме — неймаверна дарагое задавальненне. А калі гэтага не зрабіць, будуць выпадкі з сумным фіналам, і такія выпадкі, калі жанчыну з кровацячэннем пасля хатніх родаў «хуткая» не паспявала давезці да клінікі, маюць месца ў Расіі. Сёння трэба імкнуцца да таго, каб у радзільнях ствараць хатнюю атмасферу, каб муж, мама, сястра прыходзілі да жанчыны, падтрымлівалі яе, але побач з аперацыйнай і рэанімацыяй. Урач абавязаны аказаць меддапамогу, калі яго выклічуць, але арганізоўваць роды дома ён не мае права... Свет сёння змагаецца і з лішнімі ўмяшаннямі ды ўжываннем непатрэбных прэпаратаў падчас цяжарнасці. У нас па дурасці 70 працэнтаў цяжарных атрымліваюць нейкія лекі, прызначаныя ўрачамі пад уздзеяннем тых людзей, што іх агрэсіўна прасоўваюць. Пытанне аб прымяненні падчас цяжарнасці но-шпы ў развітых краінах ужо вырашана — яе не прызначаюць. З усіх вітамінаў доказную базу мае толькі фоліевая кіслата — і тое не падчас, а да наступлення цяжарнасці».
Са слоў Валерыя Малашкі, у радзільных дамах сёння ўжо створаны самыя камфортныя ўмовы. У 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска за 3 тысячы рублёў прапануецца пражыванне амаль у кватэры з кухняй, гасцінай, індывідуальным персаналам. Установы аховы здароўя актывізавалі апошнім часам работу па перадабортным кансультаванні, чым выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Але медработнікі проста выконваюць свае абавязкі. Яны павінны дапамагчы жанчыне зрабіць правільны выбар — параіць, растлумачыць, засцерагчы. Практычна ў любой радзільні ёсць і магчымасць партнёрскіх родаў. Сістэма падрыхтоўкі да родаў з удзелам мужчын, наведванне імі спецыяльных заняткаў, як лічыцца, умацоўваюць сям'ю, нараджаюць глыбокае пачуццё любові да дзіцяці, спрыяюць прывязанасці паміж самімі партнёрамі.
Святлана БАРЫСЕНКА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.