Гэты тыдзень выдаўся вельмі насычаным для палітычнага жыцця дзяржавы. Трэці дзень запар сталіца прымае лідараў іншых краін. Пасля перагавораў з Прэзідэнтам Казахстана, саміту АДКБ, у якім прынялі ўдзел лідары ўсіх краін — удзельніц Арганізацыі, кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з лідарам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.
Перспектыў шмат
Гэтая горная краіна з Сярэдняй Азіі, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, гістарычна блізкая Беларусі. Як і наша краіна, сучасны Таджыкістан імкнецца да шматвектарнасці, да падтрымання добразычлівых і ўзаемавыгадных кантактаў як з экс-савецкімі краінамі, так і з дзяржавамі свайго рэгіёна, а таксама з геаграфічна больш аддаленымі партнёрамі.
Калі казаць пра палітыку, дыпламатыю, то, прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, яму складана ўзгадаць дзяржаву, з якой мы заўсёды так лёгка дамаўляемся:
— Ваш адзін званок, рэкамендацыя, просьба — мы заўсёды выконваем. Калі я вас папрашу, вы да дробязяў карэктныя і пунктуальныя. Таму дай бог, каб у нас такія адносіны складваліся з усімі.
Кіраўнік нашай краіны падзяліўся сваімі прапановамі, якія датычыліся эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Таджыкістанам і яго суседам — Афганістанам.
— Мы шмат сустракаліся з кіраўніцтвам, бізнес-коламі, палітычнай элітай Афганістана, — адзначыў Прэзідэнт. — Яны просяць, каб мы дапамаглі ім з тэхналогіямі і адкрылі там вытворчасць. Людзі хочуць жыць, вайна рана ці позна скончыцца. Я падумаў, што, калі б мы з вамі пачалі ствараць гэтыя прадпрыемствы — у Таджыкістане, у Афганістане — менавіта з прыцягненнем вашых людзей, мы зрабілі б гэта імгненна.
Таджыкскія партнёры змаглі б стаць лепшымі кансультантамі і праваднікамі. Бо, як адзначыў беларускі лідар, лепш за таджыкаў «сітуацыяй у Афганістане ніхто не валодае».
Яшчэ адна прапанова кіраўніка нашай краіны датычылася стварэння сумесных з нашымі прадпрыемствамі вытворчасцяў на тэрыторыі Таджыкістана.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Таджыкістана добры вопыт па замене вуглевадародаў на мясцовае паліва, на чыстую энергію, што цікава для Беларусі.
Электробусы для Душанбэ
Нягледзячы на няпростыя ўмовы, Таджыкістан развіваецца — і даволі актыўна. Дзяржава ўдзельнічае ў рэалізацыі маштабных праектаў па будаўніцтве ліній электраперадачы, гідраэлектрастанцый, сучасным уладкаванні сваёй сталіцы — Душанбэ.
— Моцная эканоміка служыць гарантам бяспекі краіны, лепшым шчытом ад знешніх пагроз — тэрарызму, экстрэмізму і іншых негатыўных з'яў сучаснасці, — заявіў падчас перагавораў у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка.
Краіны могуць дапамагчы адна адной умацаваць эканомікі. Паказальна, што ў гэтым плане бягучы год — выніковы для дзвюх краін. Сёлета ў горадзе Гісары (непадалёк ад Душанбэ) запрацавала зборачная вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі Мінскага трактарнага завода і акцыянернага таварыства «Бабруйскаграмаш». Развіваецца супрацоўніцтва і ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У Таджыкістана таксама ёсць шмат такога, што можа зацікавіць Беларусь. Так, у гэтай сярэднеазіяцкай краіне вядзецца вялікая работа ў сферы гідраэнергетыкі, у горназдабывальнай галіне. На завяршальны этап выйшла будаўніцтва Рагунскай ГЭС.
— Спадзяёмся, што нашы суб'екты гаспадарання не застануцца ўбаку і возьмуць самы актыўны ўдзел у праектах, што рэалізуеце, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы ў поўнай меры забяспечыць патрэбнасці Таджыкістана ў грузавых аўтамабілях, дарожна-будаўнічай, кар'ернай і іншай неабходнай тэхніцы.
Наш бок у сваю чаргу зацікаўлены ў прамых пастаўках высакаякаснага таджыкскага баваўнянага валакна і гатовы разгледзець іншыя прапановы таджыкскіх вытворцаў. На думку беларускага лідара, неабходна актыўна развіваць цесныя кааперацыйныя сувязі, выпускаць вырабы, што карыстаюцца попытам, і прасоўваць іх на рынкі трэціх краін.
— Дарэчы, мы можам пашырыць наменклатуру прадукцыі, што вырабляецца ў Гісары, за кошт камунальнай, будаўнічай, пажарнай тэхнікі, — сказаў Прэзідэнт. — Трэба стварыць на базе гэтага зборачнага прадпрыемства шматфункцыянальны цэнтр, які забяспечыць комплексны падыход да сумеснага выпуску машын. Тут, акрамя зборкі, павінны вырашацца пытанні гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання, якаснага навучання мясцовых спецыялістаў.
З улікам нашага вопыту мы, як запэўніў Прэзідэнт нашай краіны, гатовы таксама на базе аднаго з прафесійна-тэхнічных ліцэяў Таджыкістана адкрыць рэсурсны цэнтр, які б садзейнічаў павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы людзей па рабочых спецыяльнасцях.
Застаецца нерэалізаваным патэнцыял фармацэўтычнай галіны — гэтае пытанне, дарэчы, узняў сам кіраўнік Таджыкістана. Фармацэўтычная прадукцыя запатрабавана ў Таджыкістане, а наша краіна мае ўласныя прадпрыемствы і вырабляе якасныя лекі па невысокіх цэнах.
— Трэба прапрацаваць пытанне сустрэчных паставак лекавых сродкаў і расліннай сыравіны. Прапаную падумаць пра магчымую фасоўку беларускіх прэпаратаў у Таджыкістане. Гэтая практыка добра зарэкамендавала сябе ў іншых краінах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Будзе новая «дарожная карта»
У нашага боку ёсць прапановы і на найбліжэйшую перспектыву па рэалізацыі названых праектаў.
— Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час, можа быць, па вясне, арганізуем у Таджыкістане маштабную выстаўку нашых кампаній. Арганізуем з такім разлікам, каб разам выйсці на афганскі, пакістанскі рынкі. Таму што да нас прыязджаюць кіраўніцтва Афганістана, буйныя бізнесмены і просяць, каб мы арганізавалі пастаўкі тэхнікі, ды і прадуктаў, перш за ўсё туды і дапамаглі адкрыць там зборачныя вытворчасці. Безумоўна, нам вельмі хацелася б, каб да гэтага працэсу вы падключыліся.
Афганістан, з якім мяжуе Таджыкістан, — вялікая краіна з насельніцтвам больш за 30 мільёнаў чалавек. Прэзідэнт Таджыкістана падтрымаў праект па стварэнні вытворчасцяў, якія будуць працаваць на тры краіны.
Лідары таксама дамовіліся выпрацаваць «дарожную карту» адносін Беларусі і Таджыкістана. Гэта — даручэнне Беларуска-Таджыкістанскай міжурадавай камісіі.
Эмамалі Рахмон падтрымаў ініцыятывы кіраўніка нашай дзяржавы і канстатаваў паступальнае развіццё двухбаковых адносін ва ўсіх сферах. Ён расказаў, што ў Таджыкістане традыцыйна вельмі шчыра, адкрыта ставяцца да Беларусі і беларусаў. Што да перспектыў супрацоўніцтва, то, на яго думку, трэба перш за ўсё пашыраць гандлёвыя і міжрэгіянальныя сувязі.
Віталь Воўк, міністр прамысловасці Беларусі, нагадаў журналістам, што ў лістападзе ў Таджыкістане адкрылася зборачная вытворчасць тэхнікі МТЗ. Ужо сабраны першыя трактары, абмяркоўваецца далейшае развіццё прадпрыемства:
— Перспектывы вялікія, цікавыя. У галіне прамысловасці і кааперацыі мы прасунемся вельмі сур'ёзна. Далей плануецца стварэнне свабоднай эканамічнай зоны паміж Таджыкістанам і Афганістанам. Тут таксама ёсць пэўныя інтарэсы, у тым ліку для гандлю з Афганістанам. На пасяджэнні міжурадавай камісіі з Афганістанам у будучым годзе гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца, што дазволіць яшчэ больш загрузіць магчымасці нашага сумеснага прадпрыемства і, можа быць, у перспектыве стварыць новае.
Надзея ЮШКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?